Беларусь гатовая да аднаўлення паўнацэннага дыялогу з ЕС на аснове раўнапраўя і ўзаемнай павагі. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 16 чэрвеня на сустрэчы з паслом ФРГ у Беларусі Вальфрамам Маасам. Сустрэча адбылася з нагоды завяршэння дыпламатычнай місіі Мааса ў Рэспубліцы Беларусь. 

«Мы гатовыя да аднаўлення паўнацэннага дыялогу з Германіяй і ЕС на аснове раўнапраўя і ўзаемнай павагі. Упэўнены, што гэта супадае з інтарэсамі нашых краін і народаў. Не мова санкцый, а адкрыты дыялог дапаможа знайсці аптымальнае рашэнне па тых праблемных пытаннях, якія існуюць у нашых адносінах», — цытуе Кабякова прэс-служба ўрада. 

Прэм'ер-міністр выказаў упэўненасць, што незалежная, стабільная, эканамічна ўстойлівая Беларусь адказвае інтарэсам Германіі. «Лічу, што развіццё падзей у свеце за апошні год, думаю, што і еўрапейцам дазволіла зірнуць на Беларусь інакш. Мы адыгрываем важную ролю донара стабільнасці ў рэгіёне. Мы спадзяёмся, што гэтая роля дазволіць нашым партнёрам па-новаму зірнуць на развіццё сітуацыі ўнутры Беларусі», — адзначыў Андрэй Кабякоў. 

Ён адзначыў мэтазгоднасць развіцця прамога дыялогу паміж Еўрапейскім саюзам і Еўразійскім эканамічным саюзам. «Мы прапанавалі ідэю інтэграцыі ад Лісабона да Уладзівастока. Мы бачым, што гэтая ідэя ўспрымаецца зацікаўлена», — заявіў Кабякоў. 

Кіраўнік урада падкрэсліў, што Германія традыцыйна з'яўляецца найважнейшым гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі. «Мы заўсёды з вялікай увагай ставімся да паслоў гэтай краіны. І мы заўсёды з імі звязваем вельмі сур'ёзныя чаканні. У вашай асобе мы знайшлі годнага прадстаўніка Германіі, дасведчанага і прагматычнага дыпламата», — сказаў Андрэй Кабякоў. Пры гэтым ён канстатаваў, што пачатак дзейнасці пасла быў няпростым, ён прыпаў на адзін з самых цяжкіх перыядаў у гісторыі двухбаковых адносін. «Мы цэнім тое, што вы распачалі для стварэння ўмоў для нармалізацыі ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Германіяй», — адзначыў прэм'ер-міністр. 

Кабякоў заявіў, што Беларусь надае вялікае значэнне пашырэнню двухбаковых адносін з Германіяй ва ўсіх сферах, найперш у гандлёва-эканамічнай. «Патэнцыял гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва далёка не рэалізаваны, у тым ліку неабходна гэта прызнаць, з прычыны пэўных палітычных абмежаванняў. Тым не менш мы зацікаўленыя ў германскіх інвестыцыях і тэхналогіях, якія дазволяць нам правесці мадэрнізацыю эканомікі, павысіць канкурэнтаздольнасць», — дадаў кіраўнік беларускага ўрада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?