Не сакрэт, што ва ўкраінскім канфлікце бяруць удзел беларусы. З боку Кіева самая вялікая дыяспара нашых суайчыннікаў у «Азове». Ажно шэсць беларусаў сталі трэнерамі ў тамтэйшай кузні кадраў — кіеўскай трэніровачнай базе палка. Як яны ўладкаваліся, паглядзеў журналіст «Нашай Нівы».

Конніца

Трэніровачная база «Азова» знаходзіцца недалёка ад цэнтра Кіева, на тэрыторыі закінутага завода. Сюды прыходзяць людзі, каб праз выпрабаванні патрапіць у шэрагі палка і адправіцца на вайну. Яшчэ з вуліцы чуваць выбухі дзесьці ў глыбіні базы — гэта «азоўцы» адпрацоўваюць каманду «граната».

«Адзін журналіст і пятнаццаць рэкрутаў, прапускаем?» — на ўваходзе ўзброены хлопец з кімсьці кансультуецца па рацыі і дае дабро на ўваход.

За КПП ужо чакае «галоўны» беларус — мінчук Арцём Грот. Тэрыторыя базы вялікая, таму ён прыехаў на машыне.

«На вайне ўжо ўсё іначай, — за стырном пачынае размову Арцём. — Бачыш тых рэкрутаў? Гэта раней можна было проста прыехаць, атрымаць зброю і на наступны ж дзень сядзець у акопе. А цяпер трэба даказаць, што ты варты быць у пяхоце, прайсці наш лагер і пасля яшчэ адзін, на ўсходзе. І толькі потым, можа быць, хтосьці з іх апынецца на фронце».

Развагі Грота прыпыняюцца, калі мы даязджаем да «казармаў». Гэта аднатыпныя вагончыкі-кубрыкі з бляхі, дзе жывуць па шэсць чалавек — унутры ёсць цяпло, святло і інтэрнэт.

Над кубрыкам беларусаў лунае бел-чырвона-белы сцяг.

«Нас тут шэсць інструктараў-беларусаў, мы ўсе разам і жывём. Ёсць і яшчэ беларусы на базе, але ў якасці рэкрутаў, таму яны асобна», — кажа Арцём і дадае, што праз выяву «Пагоні» ўкраінцы называюць іх «конніцай».

У кубрыку ўжо сабралася ўся «конніца». Хоць хлопцы пабачылі вайну, старэйшымі за свае гады яны не выглядаюць — усім каля 20. Яны старыя сябры.

«Мы тут мінскія ўсе, вучыліся разам. Яшчэ за часамі Майдану і першай страляніны на ўсходзе размаўлялі пра гэта, раіліся. Потым прыйшлі да агульнага і вырашылі ваяваць», — за ўсіх аддуваецца Грот. Але пакрысе ў дыялог уступаюць астатнія. Так, хлопец з пазыўным Ваніш кажа, што матывацыя ўзяць у рукі аўтамат у кожнага свая.

«Я, напрыклад, яшчэ гадоў з шаснаццаці пачаў цікавіцца гісторыяй, шмат чытаць. Так стаў нацыяналістам і праз перакананні прыехаў сюды, каб тут ваяваць за Беларусь. Мне здаецца, што калі Крэмль пераможа ва Украіне, то вайна прыйдзе і ў нашу хату. Я гэтага не хачу», — разважае Ваніш.

«А мне было няўзмогу сядзець і глядзець тэлевізар, адчуваючы сябе бескарысным. Разумець, што на канапе нічога не можаш зрабіць, хаця мог бы цяпер сядзець у акопе і адстрэльвацца. Гэта мяне ціснула, ціснула… І ў выніку я паехаў», — кажа Кіт.

Ліцвін ды Ілля салідарныя з сябрамі і выказваюць думку, што навідавоку цыклічнасць гісторыі: Арда ж, маўляў, заўсёды хадзіла на Кіеў і заўсёды ёй давалі адпор. 

Малыя гадамі, але не розумам

Тым часам гадзіннік паказвае трэцюю дня — трэба праводзіць заняткі з рэкрутамі. Хлопцы падымаюцца, і мы кіруемся на вуліцу. Пры выхадзе з кубрыка ў вочы кідаецца запэцканая чымсьці чорным паперка на сценцы. На ёй напісана: «Я — п*дарас, прадаю наркотыкі «Азову».

«Быў тут адзін дзеяч, што наркату пхаў сваім. Яго вылічылі, і Грач крывёю прымушаў яго пісаць тое, што бачыш. Навука астатнім. Хадзем ужо», — тлумачыць хтосьці з беларусаў.

Грач — гэта камандзір базы. Раней беларусы ваявалі ў яго групе, але яна распалася, і Грач стварыў трэніровачны лагер, узяўшы ў якасці інструктараў «конніцу». За час існавання лагера беларускія інструктары выпусцілі ўжо блізу 400 чалавек, двое з іх загінулі. Таксама шмат прыходзіць у лагер беларусаў — адзін хлопец прыехаў у якасці рэкрута літаральна тыдзень таму, як толькі адсвяткаваў дэмбель з беларускага войска.

Абы-каго не паставяць

«Трапіць у «Азоў» цяжка. Адная толькі паласа перашкодаў пабудаваная па амерыканскай сістэме — не ўсім яна даецца. А яшчэ для паспяховага выпуску трэба засвоіць медыцыну, прабегчы крос 10 кіламетраў, потым два кіламетры з 70-кілаграмовым мехам за спінай, потым, лежачы, працягнуць яго, як параненага, 100 метраў, спусціцца на вяроўцы з будынка і вытрымаць спарынг з інструктарам. Але самае цяжкае для навічкоў — гэта работа ў групах», — расказвае беларус Кіт, пакуль рэкруты з пераменным поспехам пераадольваюць паласу перашкодаў.

Беларусы дазваляюць сабе разважаць аб рэкрутах як аб неабстраляных дзецях. Хоць сярод іх трапляюцца ўжо мужчыны.

«Хоць мне 20 гадоў, напрыклад, але на мне вялізная адказнасць — 10 беларусаў і 80 рэкрутаў. За іх жыццё я адказваю, за зброю. Таксама ў мяне ўжо ёсць дзіцё. Ці кажа гэта аб тым, што я малы? Можа, гадамі, але не розумам, — шчыра дзеліцца Грот і працягвае: — Мы ўжо паваявалі. І больш за тое, нашая група рэгулярна ўдзельнічае ў вылазках на ўсходзе. Абы-каго інструктарамі не паставяць, але гэта часткова было і нашае жаданне. Бо сядзець на адным месцы цяжка. А пакуль замірэнне, работы для пяхоты там няма — працуе артылерыя. Таму я падумаў, што тут ад нас будзе больш карысці, чым ад нашага сядзення ў акопах. Патлумачу: нядаўні бой у Мар’інцы, напрыклад. Гэта гледачы тэлеканалаў думаюць, што там цэлы баявік быў. А было ўсё празаічна: «сепары» пайшлі ў атаку, над галовамі нашых праляцелі снарады ўкраінскай «арты», і ўсё — усе «сепары» нежывыя. Такая вайна».

Найбольш запамінальным эпізодам вайны хлопцам здаецца іх начная вылазка ў тыл ворага дзесьці пад Мар’інкай. Тады яны пайшлі ў выведку на замініраваную тэрыторыю, куды не хацелі ісці іншыя групы. Усё прайшло ўдала, толькі што напароліся на светлавую расцяжку і іх абстралялі з мінамётаў. Але абышлося без ахвяр.

«Сепары» мацнейшыя

Незаўважна час набліжаецца да вячэры, і рэкруты разам з інструктарамі кіруюцца ў «сталовую». Гэта проста пункт раздачы і драўляныя столікі пад адкрытым небам. Да «конніцы» падсажваецца ўкраінскі інструктар Іваноў. Хлопец цікаўны і сам з захапленнем расказвае пра тое, што беларусаў у «Азове» вельмі цэняць.

«Камандзір выведкі «Азова» — гэта беларус Малюта. Легендарная ўжо асоба.

Таксама цяпер на ўсходзе ваюе хлопец з вашых, не памятаю пазыўны. Карацей, ён выбіў сабе на галаве татуіроўку «Тэрор-машына» і наводзіць жах на «сепараў». Хлопцы казалі, што падчас бою ў Шырокіне армія адступала і пакінула боекамплект. Дык калі «Азоў» наступаў, то гэты беларус некалькі тысяч патронаў адзін выстральнуў, адцягваючы на сябе агонь «сепараў», пакуль нашыя іх з бакоў абыходзілі. Потым палонныя казалі, што яны думалі, што там чалавек 10 па іх страляе — так хутка «тэрор-машына» пазіцыі мяняў. Пры гэтым яму гадоў 20, здаецца», — кажа Іваноў.

Геройства геройствам, але што да прагнозаў на вайну, украінскі інструктар не вельмі аптымістычны.

«Аб’ектыўна «сепары» мацнейшыя. Там ужо не данецкія алкаголікі ваююць, а прафесійная армія. Калі мы раней бралі ў палон мясцовых маргіналаў, то ўжо месяцаў шэсць трапляюцца толькі рускія салдаты. У іх выдатная тэхніка і зброя, а мы збольшага ваюем яшчэ савецкім. Пратрымаць абарону ў нас сілы хопіць, але здушыць іх там — наўрад ці. Так што вайна будзе цягнуцца да тых часоў, пакуль рускія не зразумець, што іх проста «маюць» іх кіраўнікі, адпраўляючы на забой». 

Таксама Іваноў кажа, што ў самой Украіне яшчэ няма пэўнасці наконт гэтай вайны.

«Выдатна працуе варожая прапаганда: мая ўласная бабуля, што жыве за 40 кіламетраў ад Кіева, думае, што я нацыст з «Азова», які гвалціць і катуе людзей на Данбасе. Дык якія ж мы нацысты, калі ў нас нават кухарка на раздачы «чорная», калі карыстацца тэрміналогіяй ультраправых! Яе б ужо забілі ці ўкрыжавалі там, не ведаю, будзь мы тымі людзьмі з фантазій расійскіх прапагандыстаў», — кажа хлопец.

Тым часам побач праходзіць шведскі снайпер Майк, за галаву якога сепаратысты абяцаюць мільён даляраў.

Ён на ратацыі і пакуль што знаходзіцца на базе ў Кіеве. Майк называе беларусаў «bulbashes» і збольшага тусуецца на курылцы.

«Гэтыя хлопцы прайшлі Ілавайск і Шырокіна, яны ніколі не баяцца. Аднак яны маладыя, і, як усім маладым, ім уласціва рабіць дурныя ўчынкі, шукаць прыгодаў на сваю дупу. Тут я кажу пра неабгрунтаваную рызыку. Але яны сталеюць на маіх вачах, цяжка трэніруюцца. Я перакананы, што калісьці гэтыя хлопцы стануць выдатнымі мужчынамі», — кажа швед пра «конніцу».

Беларусы ў становішчы нелегалаў

Пакрысе размова заходзіць пра будучыню. Вайна ж некалі павінна скончыцца, і хлопцам давядзецца будаваць новае жыццё.

«Пакуль што мы ўсе ў становішчы нелегалаў. Хтосьці тут паўгода, хтосьці больш. Тэрмін часовага знаходжання ўжо выйшаў, але грамадзянства ці права на жыхарства нам пакуль не даюць. Гэта значыць, што ў самым песімістычным варыянце пасля вайны нас, як сумнеўных людзей з баявым досведам, дэпартуюць проста ў лапы КДБ, але мы не хочам у гэта верыць», — кажуць інструктары «Азова». Але ўсе яны мараць хоць калі-небудзь вярнуцца на радзіму.

«Вось скончым вайну, і я буду жыць ў хаце, якую пастаўлю ў лесе», — мроіць Кіт.

«А я адвучуся і паеду ў Беларусь. Калісьці ж там павінна штосьці змяніцца, хаця надзеі мала», — кажа яшчэ хтосьці і прызнаецца, што яму часта сніцца родны горад.

Дарэчы, праз тое, што на бацькаўшчыне хлопцам пагражае зняволенне, іхнія бацькі самі едзяць у госці да сыноў. І хлопцы пераконваюць, што бацькі супакоіліся пасля таго, як пабачылі, што іх дзеці жывуць не ў такіх ужо і кепскіх умовах. Але ці праўда супакоіліся і засынаюць так жа лёгка, як і іх сыны, што падымаюцца з-за стала і губляюцца ў цемры, ідучы спаць сярод бронікаў і разгрузак?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?