Экс-прэзідэнт Грузіі, а цяпер кіраўнік Адэскай вобласці Міхаіл Саакашвілі правёў нараду з «сілавікамі». Галоўнай яе тэмай была праца пракуратуры. Саакашвілі прывёў прыклад, калі прадпрымальнік збіраецца зрабіць паромную пераправу ў Румынію, якая патрэбная гораду, а пракуратура яго ўжо папярэджвае.

«Функцыя пракуратуры палохаць інвестара адразу пасля яго прыходу? — запытаўся ў прысутных Саакашвілі. — Гэта называецца рэкет, дарагі мой. Бандытызм!… Першае, што ён атрымлівае ад праваахоўных органаў — прышліце мне дакументы, таму што я вас павінен пасля пасадзіць. Гэта называецца бандытызм!»

Кіраўнік вобласці запатрабаваў, каб пракуратура перастала тэрарызаваць бізнес.

«Бачыў я такіх пракурораў і бачыў я іх пасля ў турме, дарэчы!» — сказаў Міхаіл Саакашвілі аднаму з прысутных пракурораў. Ён падкрэсліў, што не збіраецца цярпець рэкеціраў з пракуратуры: «Ці народ Украіны, ці бандыты».

«Я быў на вуліцах. Усе скардзяцца на паборы, карупцыю жахлівую. Хто абараняе звычайнага чалавека? Ніхто! Ці мы працуем інакш, ці я аб'яўляю ўсім такім службовым асобам вайну!» — папярэдзіў Саакашвілі.

Ён, праўда, прызнаў, што ёсць у сілавых структурах, пракуратуры і шмат сумленных супрацоўнікаў. Але інакш працаваць трэба ўсім.

«Давайце мы і бізнесмены будзем сачыць за пракуратурай. Давайце мы пачнем праверку пракуратуры і іншых органаў. Давайце мы будзем пракуратуру кантраляваць. І паглядзім, хто каго перакантралюе. Мы пасля Майдана, хлопцы!» — заявіў кіраўнік Адэскай вобласці на згаданай нарадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0