Выява: Bob Al-Greene, Mashable.

Выява: Bob Al-Greene, Mashable.

Тыдзень таму Дэвід Інфант апублікаваў у Mashable калонку пра субкультуру, што прыходзіць на змену хіпстарам. Яе ён назваў Yuccies (чытаецца як які ці юкі) — young urban creatives, што значыць маладыя гарадскія крэатыўшчыкі. Мяркуючы па гарачых абмеркаваннях у сацсетках, Інфант рыхтык трапіў у тэму.

Аўтар адносіць сябе да крэатыўнага класу, але яго абражае, калі яго называюць хіпстарам. Ён прапануе ўдакладніць тэрміналогію. Ён які.

«Як мяне называць? — пытае Інфант. — Я 26-гадовы пісьменнік, жыву ў прыстойным раёне Брукліна. Гетэрасэксуальны белы мужчына з аднахуткасным роварам і вусамі. Вывучаў гуманітарныя навукі ў каледжы, маю ідэі наконт усялякага. Міленіял? Хіпстар? Япі? Усё гэта разам ці нічога з таго?».

Які, як ён прапануе называць падобных да сябе, гэта народжаныя ў спажывецкім камфорце людзі, якія вераць у сілу адукацыі і перакананыя ў тым, што трэба не толькі ісці за сваёй марай, але і атрымліваць за гэта грошы.

У Нью-Ёрку ці Сан-Францыска можна сустрэць багата які: грамадскія эксперты, якія прасоўваюць брэнды ў Instagram; праграмісты, якія распрацоўваюць аналаг Uber для замоваў марыхуаны альбо Tinder для сабак; стартаперы, якія прапануюць экалагічныя сонечныя акуляры з бамбукавай аправай.

Яны яшчэ не аселі ў стартап-акселератарах, спрабуюць пачаць традыцыйны кар’ерны рост. 

Які, безумоўна, хочуць разбагацець, але яшчэ больш хочуць разбагацець і застацца творчы незалежнымі. І хочуць зарабляць на ўласных ідэях.

Інфант прыводзіць статыстыку з апытанняў, з якой вынікае, што ёсць 28% міленіялаў, якія лічаць, што іх цяперашняя праца не раскрывае іх талентаў. 66% апытаных хочуць пачаць уласны бізнес. Добрая глеба для росквіту які.

Каб быць які, трэба:

  • Мець многа копій кнігі «Свабода» Джонатана Франзэна
  • Не любіць элітарнае жыллё ў тэорыі, любіць эксклюзіўныя самаробныя пончыкі на практыцы
  • Марыць паехаць у Остын (штат Тэхас), бо ён шыкоўны
  • Хадзіць на заняткі па мастацтве, што праводзяцца пад алкаголем
  • Быць звыклым да банкаўскіх спраў, але ўсё яшчэ прамаўляць «фінансы» як «фунансы»
  • Пазбягаць татуіровак на бачных месцах
  • Любіць стары амерыканскі сітком «Сайнфельд»
  • Купляць нядзельны выпуск New York Times і не чытаць навіны ў ім
  • Мець тысячы падпісантаў у Instagram, але практычна не мець падпісантаў у Twitter

У хіпстарах, мяркуе аўтар, можна пабачыць зародышы які: зрабі-сам-прадпрымальніцтва, нішавы маркетынг, новыя тэхналогіі… Але сёння сапраўдны хіпстар, а не пародыя на хіпстара, мёртвы: паказальнае спажыванне айфонаў ці свіных грудзінак сышло ў мэйнстрым, хіпстары больш не вылучаюцца з натоўпу.

Калі кожны ёсць хіпстарам, ніхто не ёсць хіпстарам. Калі ўсе адвяргаюць мэйнстрым, выходзіць, што ніхто гэтага насамрэч не робіць.

Аўтар не можа адносіць сябе да хіпстараў: яго вусы не ацанілі бы ў часы росквіту хіпстарства, ён не мае татуіровак, у яго добрая крэдытная гісторыя. Але ён і не япі (young urban professional — малады гарадскі спецыяліст): чыстая кватэра, каталог Sharper Image, пачкі грошай не вяжуцца з правам на свабодную творчасць. Ён хоча быць паспяховым, як япі, і крэатыўным, як хіпстар.

Быць які значць быць эгацэнтрычным цынікам, які можа існаваць толькі ў адсутнасць праблем, тлумачыць Інфант. Зручна быць не абцяжараным праблемамі і вялікая асалода — мець магчымасць абіраць сабе занятак.

Адны пагаджаюцца з Інфантам і бачаць у сябе які. Іншыя прапануюць аўтару называць такіх як ён проста нарцысістамі (альбо «нарцы»). Трэція сцвярджаюць, што такі пратэст супраць прылічэння сябе да хіпстараў гэта якраз вельмі па-хіпстарску.

Ці магчмае з’яўленне які ў Беларусі? Ці яны ўжо тут? Ці месца хіпстараў зойме нехта іншы? Выказвайцеся ў каментарах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?