17.06.2015 / 14:21

АБСЕ чакае, што выбары ў Беларусі пройдуць у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі 3

Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе чакае, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Міхаэль Георг Лінк, які наведаў Мінск 15—16 чэрвеня ў складзе дэлегацыі АБСЕ.

«Наша задача заключаецца ў тым, каб ацэньваць, наколькі выбары адпавядаюць міжнародным стандартам АБСЕ, — сказаў ён. — Але сёння мы не можам сказаць, як будзе. Мы толькі чакаем пазітыўнага развіцця падзей. Ранняе абвяшчэнне даты выбараў — гэта пазітыўны крок. Усе астатнія крытэрыі таксама будуць прасочвацца. Мы будзем уважліва сачыць за роляй СМІ, якія пішуць пра выбары, пільную ўвагу нададзім пытанню роўных умоў для ўсіх кандыдатаў, працэсу іх рэгістрацыі і гэтак далей».

Лінк паведаміў, што тэма прэзідэнцкіх выбараў абмяркоўвалася падчас сустрэч дэлегацыі АБСЕ з кіраўніком дзяржавы, кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў, парламента і Цэнтрвыбаркама, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі. 

«Мы асабліва падкрэслілі вялікую важнасць своечасовасці запрашэння для назірання за выбарамі. Нам было сказана, што запрашэнне будзе накіраванае адразу пасля таго, як парламент зацвердзіць дату правядзення выбараў», — сказаў кіраўнік БДІПЧ.

Лінк растлумачыў, што згодна з прынятай практыкай адразу пасля атрымання запрашэння БДІПЧ накіруе ў Беларусь ацэначную місію, якая затым дасць рэкамендацыі наконт таго, ці трэба накіроўваць у краіну назіральную місію і які павінен быць яе колькасны склад. Звычайна накіроўваецца доўгатэрміновая назіральная місія, якая сочыць за ходам усёй выбарчай кампаніі, а таксама кароткатэрміновая місія, якая назірае за ходам галасавання непасрэдна ў дзень выбараў.

Міхаэль Георг Лінк не стаў каментаваць папраўкі ў Выбарчы кодэкс, якія набылі моц у канцы 2013 года і, на думку апазіцыі, яшчэ больш аддалілі Беларусь ад магчымасці правядзення свабодных і справядлівых выбараў. «Гэта мы можам абмяркоўваць пасля таго, як тут папрацуе наша ацэначная місія. Перш чым мы будзем рабіць нейкія публічныя заявы, мы б хацелі пагутарыць з экспертамі, прадстаўнікамі ЦВК і апазіцыйных палітычных партый, каб атрымаць поўную карціну. Пасля гэтага будзе падрыхтаваная справаздача ацэначнай місіі, якая будзе апублікаваная, і ў ёй будуць закранутыя і гэтыя пытанні», — сказаў кіраўнік БДІПЧ. 

На просьбу пракаментаваць словы старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай пра тое, што АБСЕ «зусім несамастойная арганізацыя» і БДІПЧ прызнае выбары ў Беларусі дэмакратычнымі толькі тады, «калі яму вызначаць гэта ЗША» (пра гэта Ярмошына заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН у красавіку 2014 года), Лінк заявіў: «На сустрэчы са мной такое меркаванне абнародаванае не было». «Я б хацеў зазначыць, што калі я ўбачу, што БДІПЧ не з'яўляецца незалежным, то я, безумоўна, пакіну сваю пасаду», — дадаў ён. 

Лінк падкрэсліў, што ў працы БДІПЧ «няма дамінавальнай ролі ніводнай з краін». «Мы праводзім нашы назіральныя місіі прафесійна і непрадузята. І гэта відавочна — паглядзіце на апошнія выбары ў Турцыі, Казахстане, Малдове. Мне здаецца, ёсць дакладныя сігналы пра тое, што мы належным чынам робім сваю справу. Нашы заключэнні паводле вынікаў назіранняў грунтуюцца на аб'яднаных высновах нашых доўгатэрміновых і кароткатэрміновых назіральных місій. І яны дакладна не напісаныя паводле нечага загаду», — падкрэсліў кіраўнік БДІПЧ АБСЕ.

0
Лабус / Адказаць
17.06.2015 / 14:57
Але ж доуга чакаць прыйдзецца.
0
Генрых / Адказаць
18.06.2015 / 08:14
Паісьціне дземакрацічэская страна. Все на выбары!
0
Замова / Адказаць
20.06.2015 / 11:50
У русцкiм рэйхе , з акупанскiм табарам не можа быць выбарау, могуць быць толькi вы-рабы
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру