17.06.2015 / 16:38

Знойдзеныя самыя раннія зоркі Сусвету 2

Высветлілася, што такія зоркі шукаць прасцей, чым меркавалася раней.

Выява: eso.org

Астраномы з дапамогай Вельмі вялікага тэлескопу (VLT) знайшлі самую яскравую з вядомых галактыку CR7, зоркі якой належаць да ІІІ тыпу зорнага насельніцтва — першага пакалення зорак пасля Вялікага выбуху, паведамляецца на сайце Паўднёвай Еўрапейскай абсерваторыі.

У пошуках самых старых зорак, што мелі б утварыцца праз 800 млн год пасля Вялікага выбуху, астраномы зладзілі самы маштабны агляд вельмі далёкіх галактык. Атрымалася знайсці шэраг нечакана яскравых і вельмі маладых галактык.

Дагэтуль былі вядомыя толькі два тыпы насельніцтва зорак: першы, да якога адносяцца Сонца і большасць вядомых зорак, што ў спектры багата атамаў цяжэй за гелій, і другі, зоркі якога маюць на парадкі менш цяжкіх элементаў. Зоркі другога класу старэйшыя за 10 млрд год, але яны не самыя старыя ў Сусвеце.

Трэці клас быў прадказаны тэарэтычна і мусіў складацца з вельмі цяжкіх і вельмі вялікіх зорак з малым часам жыцця, што ўтварыліся ў хуткім часе пасля Вялікага выбуху. Меркавалася, што такія зоркі не дажылі да нашых дзён.

У адкрытай падчас даследавання галактыцы CR7, самай яскравай з вядомых на сёння, было заўважанае моцнае выпраменьванне іанізаванага гелію ды ані следу больш цяжкіх элементаў. Гэта паказала на наяўнасць у ёй самых маладых зорак Сусвету.

У CR7 былі знойдзеныя блакітныя і чырвоныя скопішчы зорак. Мяркуецца, што зоркі ў ёй фармаваліся хвалямі. Гэта значыць, што знайсці самыя маладыя зоркі Сусвету прасцей, чым меркавалася раней: яны могуць знаходзіцца ў яскравых галактыках, не абавязкова самых ранніх, маленькіх і бляклых.

Менавіта ў такіх зорках, як знойдзеныя ў CR7, утвараліся першыя ў Сусвеце цяжкія атамы, з якіх складаемся ў тым ліку і мы.

Аляксандр Арсёнаў

0
ЯУ / Адказаць
17.06.2015 / 19:25
дык самыя раннія знайшлі, ці самыя познія? у назве адно, а тэксце іншае..
0
Цмок / Адказаць
18.06.2015 / 09:17
ЯУ, для Сусвету яны самыя раннія - для нас яны самыя старыя. Гэта адныя з першых зорак, якія ўтварыліся.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру