Поўнасцю адысці ад адключэння ў летні перыяд гарачай вады пры існых схемах цеплазабеспячэння не атрымаецца. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 17 чэрвеня начальнік аддзела энергетыкі і навукова-тэхнічнага развіцця Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Вячаслаў Шміт. 

Пры гэтым ён адзначыў, што міністэрствам штогод вядзецца праца па скарачэнні тэрміну адключэння гарачага водазабеспячэння, цяпер максімальны тэрмін адключэння складае 14 дзён, аднак «у асобных раённых цэнтрах і раёнах Мінска гэтыя тэрміны ўжо скарочаныя да 10 і 12 дзён». 

Працэс адключэння гарачай вады ў жылых дамах звязаны з неабходнасцю выпрабавання цеплавых сетак, а таксама правядзеннем прафілактычных работ на аб'ектах цеплазабеспячэння: у кацельных, цэнтральных і індывідуальных цеплавых пунктах і непасрэдна ў жылых дамах, растлумачыў Шміт. 

Паводле яго слоў, у гарачаводных сетках ідзе паступовая замена старых труб на новыя, вырабленыя з шытага поліэтылену. «У прыватнасці, трубы актыўна замяняюцца ў Мінску, дзякуючы гэтаму адпадае неабходнасць правядзення выпрабаванняў цеплавых сетак, бо трубы з поліэтылену не схільныя да карозіі», — адзначыў начальнік аддзела Міністэрства ЖКГ. Пры гэтым поўнасцю адысці ад адключэння вады не атрымаецца таму, што «сам працэс падрыхтоўкі ўсёй цеплавой гаспадаркі патрабуе некаторага часу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?