«Камсамолка» сустрэлася з адным з самых аўтарытэтных у свеце беларусістаў, каб зразумець — адкуль у брытанскага прафесара такая страсць да беларускай літаратуры

«На якой мове мы будзем з вамі размаўляць?» — перш за ўсё пацікавіўся Арнольд Макмілін на добрай рускай. «На якой вам зручней». — «Мне зручней на беларускай мове».

Шчыра кажучы, спачатку я збіралася перакласці нашу гутарку — усё ж такі ў нас рускамоўная газета, але перадумала, — піша аўтар інтэрв'ю ў kp.by Наталля Крывец. — Няма сэнсу расказваць пра тое, якая выдатная песня, калі можна проста паслухаць яе.

«Спачатку была трасянка»

- Спадар Арнольд, як пачаўся ваш раман з Беларуссю?

- Я скончыў Лонданскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «руская мова і літаратура», і калі паступіў у аспірантуру, вырашыў вывучаць рускіх паэтаў XVIII стагоддзя. Але да нас прыйшоў новы прафесар-мовазнавец, ён мне прапанаваў сусветныя тэмы накшалт «уплыў нямецкай мовы на македонскую». А я не ведаў па-македонскі ні слова. Мы сталі пералічаць іншыя мовы, дайшлі да беларускай. У выніку маёй тэмай стала «Лексіка беларускай літатуры і мовы ў XIX стагоддзі». Калі я скончыў аспірантуру, я атрымаў запрашэнне з Германіі напісаць кароткую гісторыю беларускай літаратуры. Гэта і быў пачатак маёй авантуры.

- А калі гэта было?

- У 1970-я.

- Вы ў той час бывалі ў Беларусі?

- Так. Калі я пісаў дысертацыю, у мяне было стажорства у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, і я прыехаў на месяц ў Мінск, ў Інстытут мовазнаўства. Тут не ведалі, якая рыба да іх прыплыве, і забраніравалі для мяне нумар у лепшым гатэлі таго часу, ў «Юбілейнай». А я быў студэнтам, а не нейкім тузам з Масквы (смяецца). Вельмі радушна мяне прынялі Адам Мальдзіс і Генадзь Кісялёў. У Інстытуце мовазанаўства мне дазволілі працаваць без нагляду. Я быў вельмі крануты гэтым.

- У той час вы беларускай мовы не ведалі?

- Не, толькі расейскую. А аднойчы, ў адзін з маіх візітаў у Мінск, мяне вёз з аэрапорту таксіст, які выключна гаварыў па-беларуску. Я яму адказваў па-расейску, і мне было так няёмка, што я вырашыў вывучыць беларускую мову. Спачатку атрымлівалася сапраўдная трасянка, а потым пайшло лепей.

- А як вы вучылі мову?

- Слоўнікі, кнігі. Да таго ж я прыязджаў у Мінск раз у год і тут меў практыку. Тады у мяне была ангельская жонушка, а потым я ажаніўся з рускай. І мы дома гаворым ці па-ангельску, ці па-руску, і толькі адзін тыдзень на год, калі прыязджаю ў Мінск, я маю асалоду гаварыць на мове Купалы і Коласа.

«З Быкавым я паспрабаваў самагон»

- Вы сябравалі з Быкавым…

- Мы шмат разоў з ім сустракаліся, шмат аб чым гаварылі. І не толькі гаварылі - з Быкавым я першы раз піў самагон. Ён не быў п’юшчым чалавекам, але лічыў, што мне будзе цікава пакаштаваць гэты напой.

- У 1977 годзе выйшла ваша кніга пра беларускую літаратуру. Якія водгукі вы атрымалі?

- Гэта амаль анекдот. Была творчая сустрэча тут, у Мінску, у Акадэміі навук, прысутнічалі пісьменнікі і навукоўцы. Яны разглядалі маю кнігу, яна была на ангельскай мове, перадавалі адзін другому. І каля яна дайшла да Быкава, ён адкрыў змест і сказаў: «Мяркуючы па гэтай кнізе, Сталін быў вялікім пісьменнікам». Так мы з ім і пазнаёміліся, знайшлі агульную мову.

З кім з беларускіх пісьменнікаў вы яшчэ былі добра знаёмыя?

- З Барадуліным. Мы пазнаёміліся ў Лондане. Спачатку туды быў запрошаны Быкаў, але мы атрымалі адказ, што Васіль Быкаў па прычыне кепскага здароўя не можа прыехаць. Гэта была хлусня, але ж мы нічога не маглі зрабіць. Да нас паслалі Барадуліна, які ўсіх зараз жа зачараваў.

Я вельмі паважаю Алеся Разанава, хоць мы ніколі і не сустракаліся. З Бураўкіным не былі блізка знаёмыя, але ён выдатны паэт. Некляеў буйная фігура ў літаратуры - і ў вершах, і ў прозе.

- На ваш погляд, у беларускай літаратуры ёсць міравыя імёны?

- Быкаў, канешне. Яго творы перакладзены на замежныя мовы, і дзякуючы гэтаму яго ведаюць ва ўсім свеце. Барадулін вялікі паэт, але паэзія не перакладаецца, на мой погляд.

- Ну, Шэкспіра ж пераклалі.

- Ну, Шэкспір больш драматург, а не паэт.

- А калі беларускі пісьменнік піша па-руску, ён мае права называцца беларускім пісьменнікам? Я чаму пытаюся пра гэта - на гэты конт вядуцца спрэчкі вакол творчасці Святланы Алексіевіч.

- Алексіевіч зрабіла Беларусь вядомай ва ўсім свеце праз рускую мову. Я бачыў шматлікія п’есы, зробленыя па яе творах. Але я лічу, што, калі вы жывеце ў Беларусі, трэба пісаць па-беларуску.

- Быкаў, Барадулін, Алексіевіч і Некляеў былі намінантамі на Нобелеўскую прэмію, але ніхто з іх не атрымаў яе. Як вы думаеце, шанцы ўсё яшчэ ёсць?

- Я так лічу, што калі ўжо Быкаву прэмію не далі, то кранты.

«Краіна існуе на людзях»

- Вы мелі магчымасць назіраць за Беларуссю на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Савецкая Беларусь і сёняшняя - гэта розныя краіны?

- Мне здаецца, што Беларусь нават пасля распаду Савецкага Саюзу карысталася рэпутацыяй савецкай рэспублікі. Ведаеце, для мяне краіна не існуе на архітэктуры, яна існуе на людзях. Людзі прывабліваюць.

- Вы змаглі б тут жыць?

- Я у свой час збіраўся жыць у Савецкім Саюзе - калі закахаўся ў дзяўчыну ў Ленінградзе. Але калі яна даведалася пра мой намер, нашы адносіны скончыліся (усміхаецца). На самай справе, не думаю, што я змог бы тут жыць, бо мяне б раздражняла улада. І потым, у маёй прафесіі тут не так зарабляюць, як на Захадзе. А астатняе мне падабаецца. У вас метро добрае.

- Спадар Арнольд, у вас руская жонка. Як вы пазнаёміліся?

- У Мюнхене на канферэнцыі па Дастаеўскаму. Яна была студэнткай з Базэля. Святлана нарадзілася ў Ленінградзе, але тады быў страшэнны антысемітызм, і іх сямья з'ехала спачатку на Украіну, адтуль - у Беларусь, у Масты, дзе жылі больш цывілізаваныя людзі. Потым яе бацька атрымаў работу ў Мурманску, а Святлана пераехала у Ленінград, працавала ў Эрмітажы, там пазнаёмілася з турыстам са Швейцарыі і пераехала да яго. Але жыццё з ім не склалася.

- Цікава, а вашым дзецям перадалася любоў да беларускай мовы?

- Не, яны вывучылі не вельмі добра, але адэкватна, рускую мову. Малодшая працуе настаўніцай недалёка ад Лондана. А старэйшая у Сусветным банку ў Вашынгтоне. У мяне адзін унук і дзве ўнучкі, гэта вялікая радасць.

«Мой любімы раман - «Знак бяды»

- Ці ёсць увогуле цікаўнасць да беларускай літаратуры на Захадзе?

- Мы з калегамі хацелі зрабіць курс у Лонданскім універсітэце, былі людзі, якія зацікавіліся, але недастаткова. Калі меньш пяці чалавек на курсе, гэта мала.

Але я ўключыў у свой курс сучаснай рускай літаратуры раман Быкава «Знак бяды» і гавару студэнтам, што гэта не рускі пісьменік, а беларускі. «Знак бяды» - мой любімы раман.

- У Лондане ёсць з кім пагаварыць на беларускай мове?

- Так, у беларускай дыяспары. У красавіку дыяспара панесла вялікую страту - памёр айцец Надсан, чалавек-легенда і годнасць беларускай нацыі. Але засталася вялікая бібліятэка імя Францыска Скарыны, якую сабраў Надсан.

- Дарэчы, пра бібліятэку. У вашай асабістай бібліятэцы ёсць кнігі з аўтографамі?

- Так. Быкаў напісаў вельмі цёплыя словы на рускай версіі «Знака бяды». Барадулін заўсёды пісаў: «Вяльможны спадар Арнольд», ніхто больш да мяне так не звяртаўся. Рускія пісьменнікі надпісалі мне свае кнігі - Аксёнаў, Вайновіч.

- Вы штораз, калі бываеце ў Мінску, завітваеце да Некляева. Ці цікавы ён суразмоўца?

- Цікавы, толькі ён крычыць, а ў мяне дрэнныя вочы, але добрыя вушы (смяецца). Я вельмі ўдзячны Некляеву з яго жонкай Воляй, што давезлі мяне пабачыць Барадуліна, які у той час моцна хварэў.

- Дарэчы, пра Барадуліна. Ён прысвяціў вам свой «Самотны санет». Чаму «самотны»?

- Магчыма, ён думаў пра самотны шлях для ангельскага прафесара да беларускай мовы і пра тое, што я белая варона ў Англіі.

***

Арнольд Макмілін нарадзіўся ў 1941 годзе ў Ньюкасле. Скончыў Лонданскі універсітэт, тут жа выкладаў рускую мову і літаратуру. У 1977 годзе пераклаў (разам з англійскай паэткай і перакладчыцай Верай Рыч) на англійскую мову паэму «Тарас на Парнасе». Даследаваў творчасць Купалы, Коласа, Багдановіча, Бядулі, Быкава, Барадуліна, Някляева і інш. У 1991 годзе пачаў чытаць курс лекцый «Уводзіны ў беларускую культуру: мова, літаратура, гісторыя». Аўтар шэрагу публікацый і кніг пра беларускую літаратуру, у тым ліку кнігі «Напісанае ў халодным клімаце: беларуская літаратура ад 1970-х гадоў ды нашых дзён», якая выйшла ў Лондане ў 2010 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?