Пра нафтавае супрацоўніцтва з Расеяй. Пра тое, як краіна перажыла ўвядзеньне мыта на расейскую нафту, былы старшыня канцэрну “Белнафтахім” расказаў у залі Вярхоўнага суду. kp.by прыводзіць урыўкі зь ягоных паказаньняў.

Нават калгасы ў 2006 годзе былі прыбытковымі

— Я савецкі дырэктар – эмацыйны такі… Практычна ўвесь час прапрацаваў у прамысловасьці. Чыноўнікам я прабыў усяго 1,5 году. У канцэрне, - расказаў на судзе Аляксандар Бароўскі.

Працу на посьце старшыні канцэрну Бароўскі распачаў акурат пасьля навагодніх сьвятаў — 3 студзеня 2006 году.

— У краіне было спакойна з нафтай. Гэты год (2006 – Рэд.) стаў вельмі пасьпяховым для канцэрну. Закупленая нафта давала вялікі эфэкт. Нафтавыя заводы мелі рэнтабэльнасьць 50-60-70%. Ахвотных прывозіць сыравіну на нафтаперапрацоўчыя заводы краіны было ў 2-3 разы болей, чым магчымасьцей у заводаў. І прыбытак у нас быў вялікі. А ў канцэрне ўсе заводы паміж сабою зьвязаныя. Калі нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць пасьпяхова, заводы хіміі атрымліваюць сыравіну. Заводы хіміі таксама спрацавалі без праблемаў. Не было ніводнага стратнага прадпрыемства. І нават калгасы, якія за намі замацавалі — 35 штук, нават яны сталі прыбытковымі. У 2006 годзе канцэрн упершыню дасягнуў усіх паказьнікаў, — падзяліўся Бароўскі посьпехамі свайго першага году ў канцэрне.

Гэта быў страшны час

— 1 студзеня Расея падставіла нам складаную падножку. Для эканомікі наагул усёй краіны. Расея без узгадненьня з намі ўвяла мыта (на нафту – Рэд.). Мы гэта перажывалі тры месяцы. Гэта быў страшны час. Студзень-люты-сакавік – самы цяжкі пэрыяд.

З 2007-га году нафта, што пастаўлялася ў Беларусь, абкладалася мытай. А гэта 180 дадатковых даляраў да яе кошту. Усе, хто пакупае нафту ў Расеі, мусілі плаціць у бюджэт Расеі мыта.

— Нафта стала дарагой. Таму што цана нафты ўключала акрамя сыравіны яшчэ і мыта. Эканоміка прадпрыемстваў канцэрну зьмянілася. «Нафтан» у Наваполацку стаў стратным, Мазырскі НПЗ стаў стратным.

Прыбытак забралі ў стабілізацыйны фонд краіны

-— У «Нафтана», напрыклад, наагул не было грошай. 1 студзеня ў завода забралі ўвесь чысты прыбытак у стабілізацыйны фонд краіны. Грошы проста ўзялі і забралі. Без папярэджаньня… Ні ў кога не было грошай. І ў МПЗ таксама… Мала таго, што было мыта, дык і апошнія грошы забралі… Але ж трэба было нафту пакупаць. За што? Зьявілася задача ня толькі загрузіць заводы, але і вырашыць пытаньні з субсыдыямі (для нафтаперапрацоўчых заводаў – Рэд.).

Прадпрыемствы вызвалілі ад часткі падаткаў. Але сапраўдным выратаваньнем для нафтазаводаў сталі менавіта субсыдыі.

— У першыя месяцы 2007 году кожны мой дзень пачынаўся з таго, што я тэлефанаваў расейскім алігархам і казаў, што ўрад хутка выдаткуе субсыдыі. Кожны ранак даводзілася літаральна стаяць на каленях і ўгаворваць Уладзімера Багданава (гендырэктара ААТ «Сургутнефтегаз»), Вагіта Алікперава (старшыню «ЛУКойлу») завозіць нафту ў Беларусь. А што такое субсыдыя? Бюджэт краіны зацьверджаны. А тут трэба дастаць грошы на кожную тону нафты.

З ранку да ночы прасіць у гэтых алігархаў, мільярдэраў — у мяне была такая праца

Пытаньне вырашылася 2 сакавіка: з 1 лютага былі ўведзеныя субсыдыі на тону перапрацаванай ці завезенай нафты зь беларускага бюджэту. Так дзяржава дапамагала заводам.

— Мы практычна тыдні тры пасьля гэтага суткамі навылёт засядалі ў Саўміне. Нам трэба было давесьці, што датацыі, якую дзяржава дала 1 лютага, мала. Нам трэба было субсыдыю павялічыць у два разы! Нам трэба было ўсё гэта разьлічыць і давесьці старшыні дзяржавы. Мы да другой гадзіны ўначы сядзелі ў Саўміне. Кожны дзень рабілі разьлікі. Інакш расейскім кампаніям было нявыгадна пастаўляць нафту… І канчаткова вызначыліся з субсыдыямі толькі 4 траўня. Цэлы красавік мы зноў прапрацавалі толькі на маіх, асабістых абяцаньнях. З ранку да ночы прасіць у гэтых алігархаў, міліярдэраў – у мяне была такая праца. Вось, здаралася, тэлефанаваў Багданаў з Сургуту і казаў: «А я табе не пастаўлю нафту! Пакуль урад ня дасьць гэтыя 24 даляры (субсыдыя на тону нафты. — Рэд.)». Я ў чарговы раз абяцаў: «Пастаўце! Будуць, будуць гэтыя ільготы!»

— Я не магу расказваць гісторыю, што была ў нас у студзені ў Беларусі. У нас было страшна. Спыняліся запраўкі, сельская гаспадарка, авіяцыя… У пачатку году, з мытам, мы нафту закупілі толькі 15 студзеня. І мы крыху яшчэ выкруціліся на сьнежаньскіх рэштках. Мы былі на мяжы… Тыя ж запраўкі. У нас паліва да 10 студзеня скончылася. Не было нафты. Заводы спыняліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0