Kyky.org заблакавалі па заяве Вячаслава Дзіянава, беларуса, які цяпер жыве ў Польшчы і атрымаў там палітычны прытулак. «Наша Ніва» сабрала пяць фактаў пра аднаго з самых супярэчлівых айчынных актывістаў.

Давераная асоба Раманчука і Міхалевіча

Дзіянаў нарадзіўся ў 1987 годзе, пасля сям’я пераехала ў Мінск. Вучыўся ў Беларускім тэхналагічным універсітэце. У 2008 годзе Дзіянаў быў даверанай асобай Алеся Міхалевіча, які спрабаваў абрацца ў беларускі парламент.

«Рух Будучыні», дзе Дзіянаў пачынаў сваю грамадскую дзейнасць, стаў заўважальнай моладзевай структурай у 2009 годзе, хоць у значнай ступені віртуальнай. Іх суполка ў «ВК» на той момант налічвала 220 000 удзельнікаў і была самай вялікай у краіне. Сёння там засталося толькі 30 тысяч. Пазіцыянавалі яны сябе як «інавацыйны рух моладзі, які адчувае, што для Радзімы набліжаюцца вялікія перамены». Ужо тады «Рух» крытыкавалі як праект КДБ, Дзіянаў адмаўляў сувязі са спецслужбамі. У 2009 яны атрымалі афіцыйную рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі і правялі першую кампанію — за адмену шэнгенскіх віз для беларусаў.

Актывісты «Руху Будучыні», у тым ліку сам Вячаслаў, ладзілі дастаткова нейтральныя акцыі, выступалі на мерапрыемствах «Ліберальнага клуба». Калі Дзіянаў ангажаваўся ў працу арганізацыі, ён перастаў наведваць заняткі ў БДТУ і быў адлічаны.

На мясцовых выбарах 2010 года Дзіянаў выстаўляў сваю кандыдатуру ў Шугаеўскай акрузе ў Мінску.

Прадстаўнікі «Руху», у тым ліку Дзіянаў, на выбарах 2010 года падтрымалі Яраслава Раманчука, бралі ўдзел у зборы подпісаў і выбарчых пікетах. Вячаслаў значыўся як давераная асоба кандыдата.

Пасля разгону 19 снежня 2010 года Дзіянаў з’ехаў з Беларусі.

Маўклівыя акцыі

Маючы велізарную колькасць удзельнікаў, «Рух Будучыні» дадаў да назвы «РПСС» (рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі), і стаў каардынацыйным цэнтрам маўклівых акцый у 2011 годзе. Лічыцца, што Дзіянаў і яго каманда не былі непасрэднымі аўтарамі ідэі, але менавіта яны зрабілі акцыі масавымі па беларускіх мерках. Праз некалькі месяцаў і пасля арышту соцень удзельнікаў пратэсты сціхлі, Дзіянаў напісаў адкрыты ліст, дзе прызнаў іх правал, а таксама тое, што не мае дастатковага досведу палітычнай барацьбы і аўтарытэту ў Беларусі.

Лукашэнка згадваў Дзіянава

У 2011 годзе Лукашэнка, гаворачы пра змову замежных спецслужбаў і спробы дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі, згадаў і Дзіянава.

«Калі я заўважыў, што гэта нельга ігнараваць, я паклікаў спецслужбы і папрасіў даць поўную інфармацыю аб тым, што адбываецца, пачынаючы ад Дзіянава, якога наша «пятая калона» і ўся жоўтая прэса цытавала як ледзь не героя. І што аказалася: сядзіць у Польшчы за каменнымі сценамі пад аховай спецслужбаў. Ніякіх там рэвалюцыянераў беларускіх няма. Гэта яны, тыя, хто першапачаткова змагаліся і змагаюцца супраць нас, выкарыстоўваюць нашых хлопцаў — людзей, якія пагналіся за грашыма і трапілі ў гэтыя сеткі».

Спецслужбы тады не проста далі прэзідэнту інфармацыю, але і спрабавалі шантажаваць дзяўчыну Дзіянава. Яе затрымалі на мяжы, у лэптопе захоўваліся яе фотаздымкі ў стылі ню. Каб апярэдзіць іх публікацыю і не даць падстаў для маніпуляцый, пара тады сама выклала іх у сеціва. 

«Наша Ніва» публікавала інтэрв’ю з дзяўчынай, дзе яна апавядала іх гісторыю кахання.

Выгналі з праграмы Каліноўскага

Звестак пра тое, што Дзіянаў сапраўды сядзеў пад аховай польскіх спецслужбаў, не маецца, затое дакладна вядома — за мяжой «маўклівы рэвалюцыянер» паступіў на праграму Кастуся Каліноўскага і праходзіў моўныя курсы ў Кракаве. Адкуль быў адлічаны за пропуск заняткаў. У 2013 ён зноў паспрабуе стаць стыпендыстам, але беспаспяхова.

У 2012 годзе у Варшаве ён заснаваў і узначаліў фонд «Інтэграцыйны мост». Дзяўчына Дзіянава, Маргарыта Лавышык, значыцца там скарбнікам. Ягоным намеснікам у той час быў Уладзімір Кумец, паплечнік па «Руху Будучыні». Кумец на выбарах супрацоўнічаў з «Гавары праўду» і быў адлічаны з універсітэта, а пасля прызнаўся ў супрацы з КДБ. Яго тады асабіста пакрытыкаваў Уладзімір Някляеў. Цяпер ён навучаецца ва універсітэце ў Гданьску.

У 2013 годзе фонд працягнуў рэгістрацыю, але адшукаць дадзеныя пра іх дзейнасць за апошнія два гады не ўдалося. За час эміграцыі Дзіянаў часта выступаў на беларускім Mediabarcamp’е, які ладзіцца ў Літве. Кажуць, яго выступы былі феерычнымі.

Дзіянаў вёў калонку на Naviny.by, паспеў атрымаць прэмію «Люблю Беларусь», якую ўручаў «Малады Фронт». Намінавалі яго ў 2012 годзе за арганізацыю «маўклівых акцый». У тыя часы ён «любіў» не толькі Беларусь, але і «ДДТ», Цоя і «NRM».

Правадыр «рускага свету»

У 2014-м пачынаецца самая феерычная частка біяграфіі Вячаслава Дзіянава. У сваім фэйсбуку і ў блогу на «Беларускім партызане» ён паступова «перафарбоўваецца ў адэпта рускага міра». Ён піша пра жаданне атрымаць расійскі пашпарт, вядзецца на розыгрышы 1863x.com з прапановай працы на расійскую прапаганду, выступае за права беларусаў атрымліваць расійскія пашпарты. Пачытаць падрабязней і прасачыць трансфармацыю Дзіянава можна ў ягоным блогу на «Беларускім партызане».

Цяпер Дзіянаў жыве ў польскай Зялёнай Гуры, дзе навучаецца ва ўніверсітэце. Сябе апісвае як «сацыяліста, сэксіста, марксіста, пуцініста, тэхніцыста, інтэрнацыяналіста, прагрэсівіста і авантурыста».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?