Раз гэта нявыгадна Расеі, значыць, гэта добра для нас. Піша Андрэй Ляховіч.

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Косава ў Беларусі прагучалі тры думкі адносна гэтай падзеі. Адны казалі, што альбанцы захапілі сэрбскія землі і зараз зацьвердзілі гэты захоп. ЗША і краіны ЭЗ несправядліва паступаюць у адносінах да сэрбаў… Другая думка: гэта не закране Беларусь, не адаб’ецца на характары адносінаў Беларусі з іншымі краінамі, у тым ліку з Расеяй. Трэцяя думка: гэта створыць ўмовы для большага збліжэньня Расеі з Сэрбіяй, якая будзе змагацца за вяртаньне Косава.

Не прагучала толькі адно, можа быць, самае істотнае. Ці адпавядае незалежнасьць Косава нашым, беларускім нацыянальным інтарэсам? Усе буйныя палітычныя падзеі, што адбываюцца ў сьвеце, трэба разглядаць праз прызму інтарэсаў беларускай дзяржавы.

Па-людзку, мы, беларусы, спачуваем сэрбам. Яны славяне. Яны размаўляюць, ужываючы словы, якія мы разумеем. Іх прозьвішчы сканчаюцца на «-віч», як і ў шмат якіх беларусаў. Яны больш падобныя да жыхароў Беларусі за цёмнавалосых альбанцаў, пра якіх кажуць: «эўрапейскія чачэнцы». Сэрбы — праваслаўныя хрысьціяне, як і значная частка нашых грамадзянаў. Мы спачуваем іх гераічнай і трагічнай гісторыі. Калі б Сэрбія была больш блізкай да нас геаграфічна, можна не сумнявацца, што нашыя продкі ў бітве на Косавым полі, у 1389 г. стаялі побач зь імі супраць турак.

Але мы не павінны бачыць сьвет эмацыйна, як «рускія, толькі з знакам якасьці». Мы — эўрапейцы. Нашыя пэрспэктывы — у Эўропе. Як і ў немалой колькасьці пытаньняў сусьветнай палітыкі, інтарэсы Беларусі і Расеі ў «косаўскім пытаньні» разыходзяцца.

Пры існуючых гарантыях, што Косава ня будзе часткай «вялікай Альбаніі», а менавіта незалежнай краінай, якая будзе інтэгравацца ў склад ЭС, зьяўленьне новай дзяржавы азначае лягічны крок на шляху будаваньня адзінай эўрапейскай эканамічнай, палітычнай, гуманітарнай, абароннай прасторы. Зьмяншаецца «белая пляма» на балканскай частцы Эўропы.

Сэрбіі, якая з часам будзе вымушана зьмірыцца з стратай Косава (няма іншых варыянтаў: сэрбы складаюць толькі 6% з двухмільённага насельніцтва Косава), будзе прасьцей інтэгравацца ў ЭС -- бяз косаўскага хваста. У Бялграду не было ні людзкіх, ні эканамічных рэсурсаў, каб цывілізавана вырашыць «косаўскае пытаньне». Выкарыстоўваньне ваеннай сілы пад час Мілошавіча толькі рабіла гэтае пытаньне больш вострым для Эўропы. Калі Сэрбія не змагла вырашыць гэтае пытаньне і інтэгравацца ў Эўропу, то вырашэньне косаўскай праблемы без удзелу Сэрбіі становіцца адпаведным інтарэсам Сэрбіі. Бо кірунак яе разьвіцьця вызначаны месцам на эўрапейскай тэрыторыі — рух у ЭС. ЗША і ЭС, НАТО за сэрбскі ўрад вырашаюць праблему, якую афіцыйны Бялград ня змог бы вырашыць, хаця б таму, што ня мог прыняць вельмі непапулярнае рашэньне адпусьціць Косава.

Беларускім нацыянальным інтарэсам адпавядае зьяўленьне, у пэрспэктыве, сярод краінаў ЭС, Косава як краіны, арыентаванай на ЗША і краіны «нестарой Эўропы». ЗША найбольш рашуча падтрымліваюць незалежнасьць Косава, у тым ліку таму што дбаюць і пра свае інтарэсы ў Эўропе. Злучаныя Штаты і цэнтральнаэўрапейскія краіны заўсёды займалі ў пытаньні падтрымкі незалежнасьці і дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі больш пасьлядоўную, акрэсьленую пазыцыю, чым краіны «старой Эўропы». Сярод апошніх часта знаходзіліся тыя, хто ў «беларускам пытаньні» зіркаў на пазыцыю «маскоўскіх партнэраў». Яшчэ не так даўно «старыя эўрапейцы» казалі пра «дэмакратызацыю Беларусі праз Расею». І толькі «доктар Пуцін» апошнім часам вылечыў іх ад гэтай хваробы. Але пытаньне — ці назаўжды?

З аднаго боку, падтрымка Масквой Бялграду ў пытаньні Косава тлумачыцца тым, што Крэмль вельмі зацікаўлены ў захаваньні белай плямы, агмяня канфліктаў на эўрапейскай тэрыторыі. Падтрымка Сэрбіі заўсёды была адным з элемэнтаў палітыкі стрымліваньня НАТО і ЭЗ, зручнай падставай умешвацца ў эўрапейскія справы, кажучы аб падвойных стандартах Захаду. У Маскве добра разумеюць, што пасьля інтэграцыі ў свой склад балканскіх краінаў НАТО будзе распаўсюджвацца далей на ўсход. Павялічацца рэсурсы і магчымасьці НАТО стрымліваць Расею, гарантаваць незалежнасьць былых савецкіх рэспублік.

З другога боку, Расея імкнулася працягнуць існаваньне неакрэсьленага статусу Косава (фактычная незалежнасьць пры яе юрыдычнай адсутнасьці), маючы на ўвазе свае інтарэсы на постсавецкай прасторы. Пакуль пры ўсіх нафта і газадалярах, ВУП Расеі складае каля 1,2 трлн даляраў. Гэта трохі больш за ВУП Нідэрляндаў… Пакуль Расея не можа ясна заявіць аб сваёй пазыцыі адносна Паўдневай Асеціі, Абхазіі, Прыднястроўя… усходняй часткі Ўкраіны, Крыму… Бо ня мае дастатковых эканамічных рэсурсаў, дастатковай моцы. Таму Пуцін 17 лютага і сказаў, што Расея ня будзе «обезьяннічать» у адказ на абвяшчэньне незалежнасьці Косава. То бок што Расея пакуль не падтрымае ўжо ня першыя заклікі Абхазіі, Паўдневай Асеціі, Прыднястроўя прызнаць іх незалежнасьць, а потым прыняць у свой склад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?