21.06.2015 / 00:32

Міністр Шчоткіна сканчае будаўніцтва катэджа ў Драздах ФОТА 70

Заява міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай абурыла грамадскасць. Нагадаем, наведваючы гродзенскую абутковую фабрыку «Нёман», чыноўніца параіла беларусам шукаць падпрацоўкі. «Мы паглядзелі, што амаль 93% беларусаў працуюць толькі на адной працы, а гэта і мужчыны. Але калі мама займаецца дома дзецьмі, дык хай тата «пакруціцца», — заявіла Шчоткіна.

У інтэрнэце тысячы людзей у каментах ставілі тое самае пытанне: якую другую работу знайшла сама Марыяна Шчоткіна?

Паводле закона «Аб дзяржаўнай службе», чыноўнікі не могуць выконваць працу на ўмовах сумяшчальніцтва і займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Аднак і без гэтага Шчоткіна змагла забяспечыць свой дабрабыт.

Нараджэнка Мурманскай вобласці з дзясятак гадоў таму пабудавала вялікую трохпакаёўку (больш за 90 м2) у спальным раёне Мінска, а цяпер атрымала надзел у элітнай Вяснінцы. «Наша Ніва» наведала «Дразды-2», дзе дабудоўваецца катэдж чыноўніцы.

На жаль, рабочых на аб'екце не было. Іх калегі з суседніх будоўляў патлумачылі, што апошні тыдзень у Шчоткінай працавалі тынкоўшчыкі, але якраз учора скончылі працу.

Асабняк міністра вось ужо другі год узводзіцца на вачах суседкі з хаты насупраць. Падчас размеркавання надзелаў у Вяснінцы было вырашана пакінуць некалькі старых дамоў. Зносіць іх і выплачваць кампенсацыю было задорага для дзяржавы.

«У мяне тут быў сад — і алыча, і парэчкі, і рабіна… У бацькоў было калісьці 30 сотак! А пасля прыйшлі і абрэзалі зямлю да 3 сотак. Прыгналі бульдозер, і ўсё…» — расказвае суседка Шчоткінай.

Заглушаючы размову, з суседняга дома няспынна раве перфаратар, будаўнічыя машыны тым часам уздымаюць пыл да нябёсаў. Вясной яшчэ горш — дарогі няма, бруд па калена. Таму даводзіцца ісці да прыпынку ў гумовых ботах.

«Мы паўсюль і пісалі, і гарачую лінію выклікалі… Плакалі, гаравалі, але ніхто ж не звяртае ўвагу, будоўля ідзе, — наракае жанчына. — Мы з мужам інсульт атрымалі. Паспрабуй такое жыццё — як пракладвалі каналізацыю, як каталіся гусенічныя трактары… Усё гайдаецца, невыносна!»

Старажылы Вяснінкі выстаўлялі свае ўчасткі на продаж. Каму ўдалося знайсці купца, атрымлівалі вялікія грошы, да $600 тысяч.

«Тут усе нашыя тружанікі, яны ж на дзвюх-трох работ укалваюць… — абводзіць яна рукой будоўлі чыноўнікаў. — Я і на пенсіі, і працую, але ўсё адно, што прыходзіць, то і сыходзіць. Нічога падобнага не пабудуеш, нават рэканструкцыю дома не зробіш».

* * *

Марыяна Шчоткіна

Нарадзілася 20 лістапада 1958 на востраве Кільдын Мурманскай вобласці Расіі.

Скончыла Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Жданава па спецыяльнасці «фізіка» (1982), Акадэмію кіравання (2007).

У 1982—1986 працавала інжынерам ВА «Інтэграл», інжынерам філіяла Акустычнага інстытута імя М. Андрэева ў Севераморску.

У 1986 пераехала ў Мінск. Зрабіла кар'еру ў адукацыі - настаўніца фізікі, намесніца дырэктара школы, дырэктарка школы, начальніца ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска.

У 2003—2005 — намесніца кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска, у 2005—2007 — старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.

З 2007 года намесніца, першая намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны.

З 2009 — міністр працы і сацыяльнай абароны.

Замужам, мае сына.

Ягор Марціновіч

0
Петрыковец / Адказаць
19.06.2015 / 13:54
на двух працах грошы на яго зарабіла...
1
бугага / Адказаць
19.06.2015 / 13:54
Спасибо за хорошую работу.
0
МатрУна / Адказаць
19.06.2015 / 13:58
мдаааа..... добра круцiцца ! мы з мужам удваiх за усё жыццё ( а бывала i на двух работах працавалi ) не накруцiлiся на такую будынiну .
Паказаць усе каментары/ 70 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру