Двое мужчын здолелі прабрацца ў адсек шасі самалёта, які кіраваўся з ПАР у Вялікабрытанію, і пераадолелі амаль 13 тыс. кіламетраў, аднак перад самай пасадкай адзін з іх загінуў.
Паводле брытанскай прэсы, цела мужчыны было знойдзена на даху офіснага будынка побач з лонданскім аэрапортам Хітроў. Характар пашкоджанняў сведчыў пра тое, што загінулы разбіўся, зваліўшыся з вялікай вышыні.
Пасля ўжо ў аэрапорце выявілі меркаванага спадарожніка загінулага мужчыны ва ўзросце ад 25 да 30 гадоў, які прыляцеў у адсеку шасі самалёта з ПАР. Ён шпіталізаваны, бо падчас палёту атрымаў сур'ёзныя траўмы.
На думку паліцыі, мужчыны паспрабавалі без квіткоў даляцець да Лондана з Ёханэсбурга. Дзеля гэтага мужчыны залезлі ў адсек шасі «Боінга-747». Адзін з іх сарваўся з вышыні каля 500 метраў, калі самалёт пачаў выпускаць шасі.
Спробы ажыццявіць пералёт без квіткоў у адсеку шасі выкарыстоўваюцца неаднаразова. Аднак нават у выпадках, калі даляцець да месца прызначэння атрымліваецца, арганізм чалавека атрымлівае цяжкія пашкоджанні з-за пераахаладжэння і недахопу кіслароду.