Аляксандр Лукашэнка 19 чэрвеня падпісаў указ № 251. Ім дапаўняецца пералік адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджаны ўказам ад 26 красавіка 2010 года № 200.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, пералік дапаўняецца такой працэдурай, як выдача прафесійнага сертыфікату творчага работніка. У адпаведнасці з дэкрэтам прэзідэнта ад 2 красавіка 2015 года № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» грамадзянін прызнаецца ўдзельнікам фінансавання дзяржаўных расходаў у перыяд ажыццяўлення творчай дзейнасці ў якасці творчага работніка. Гэты статус пацвярджаецца творчым саюзам, членам якога ён з'яўляецца, або прафесійным сертыфікатам, які выдаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

У мэтах забеспячэння права грамадзяніна на пацвярджэнне статусу творчага работніка і прызнання яго асобай, якая ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных расходаў, указам устанаўліваецца парадак выдачы адпаведнага сертыфікату. Ён выдаецца бясплатна экспертнай камісіяй па пацвярджэнні статусу творчага работніка пры Міністэрстве культуры ў месячны тэрмін з дня падачы заявы і дзейнічае на працягу пяці гадоў.

Указам прадугледжана таксама, што дзяржаўныя архіўныя ўстановы і тэрытарыяльныя архівы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў будуць выдаваць архіўныя даведкі і іншыя дакументы з утрыманнем архіўнай інфармацыі на працягу 15 дзён з дня падачы заявы (пры неабходнасці дадатковага вывучэння і праверкі — на працягу месяца). 

Калі запыт тычыцца маёмасных і спадчынных правоў грамадзян, то за прадастаўленне архіўнай інфармацыі збіраецца плата ў памеры ад 0,5 да адной базавай велічыні. Выдача архіўнай інфармацыі па іншых запытах сацыяльна-прававога характару ажыццяўляецца бясплатна.

Указ № 251 набывае моц пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?