Дэпутат Аляксей Жураўлёў ўнёс у Дзярждуму РФ законапраект, які абавязвае маркіраваць рэкламу прадукцыі кампаній, якія супрацоўнічалі з Нацыянал-сацыялістычнай партыяй Германіі і італьянскай Нацыянальнай фашысцкай партыяй, перадае радыёстанцыя «Говорит Москва».

«Карпарацыі, якія зрабілі свае капіталы на крыві нашых суайчыннікаў, тыя, хто супрацоўнічаў з фашысцкімі рэжымамі, як мінімум, павінны інфармаваць пра гэта нашых пакупнікоў. Павінны рабіць маркіроўку ўласнай прадукцыі», — сказаў ён.

Радыёстанцыя звярнула ўвагу на яго дэкларацыю аб даходах, згодна з якой у дэпутата нямецкі аўтамабіль Mercedes Benz ML 63, а ў яго жонкі — BMW X3. Прэс-сакратар парламентарыя Соф'я Чарапанава запэўніла, што Жураўлёў «адмовіўся ад Mercedes» і ездзіць на службовым аўтамабілі, марку якога яна не ўдакладніла. Інфармацыю пра жонку яна не паведаміла.

Жураўлёў растлумачыў, што ў рэестр патрапяць такія кампаніі як Lufthansa, BMW, Metro Cash & Carry, Siemens, Coca-Cola і іншыя.

Газета «Известия», у распараджэнні якой ёсць тэкст законапраекта, піша, што дэпутат прапанаваў змяніць закон аб рэкламе, дадаўшы ў яго артыкул «Рэклама прадукцыі замежных камерцыйных арганізацый, якія мелі дзелавыя кантакты з Нацыянал-сацыялістычнай партыяй Германіі або фашысцкай партыяй Італіі».

Мяркуецца, што ў рэкламе тавараў такіх кампаній на радыё не менш за тры секунды будуць надаваць мінуламу кампаніі, у тэлевізійных рэкламных роліках — не менш за пяць секунд на як мінімум 7% плошчы кадра. У друкаванай рэкламе колішняму супрацоўніцтву з нацыстамі і фашыстамі, згодна з законапраектам, трэба надаваць як мінімум 10% плошчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?