Некалькі тысяч чалавек перакрылі ў Ерэване праспект Баграмяна, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта краіны Сержа Саргсяна. Жыхары сталіцы пратэстуюць супраць павышэння тарыфу на электраэнергію.

Паліцэйскія сталі ў некалькі шэрагаў, за імі — спецтэхніка і вадамёты. Намеснік начальніка паліцыі Ерэвана Валерый Асіпян прапанаваў арганізатарам акцыі скласці групу з трох чалавек, якія змогуць сустрэцца з прэзідэнтам. Пратэстоўцы адмовіліся, пратэсты працягваюцца, паведамляе news.am.

У паведамленні, распаўсюджаным прэс-службай паліцыі Арменіі, гаворыцца, што «ў выпадку аказання супраціву праваахоўнікам і непадпарадкавання законным патрабаванням, шэсце не будзе лічыцца мірным і будзе спынена».

Армянскі сайт 1in.am піша, што прысутныя селі на асфальт на праспекце Баграмяна ў знак таго, што не маюць намер звяртацца да незаконных або якіх-небудзь гвалтоўных дзеянняў.

20:30

Начальнік паліцыі Ерэвана Ашот Карапецян паўтарыў прапанову, раней агучаную яго намеснікам, пра тое, каб удзельнікі акцыі сфармавалі дэлегацыю з 3 чалавек, якую згодны прыняць прэзідэнт краіны Серж Саргсян, паведамляе армянская служба Радыё Свабода.

Актывісты ў першых шэрагах заявілі, што яны не ўпаўнаважаны даваць адказ за ўсіх удзельнікаў акцыі, і заклікалі даць ім магчымасць працягнуць мірнае шэсце да рэзідэнцыі прэзідэнта.

Па стане на 20:00, супрацьстаянне на праспекце Баграмяна працягвалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0