«Злучаныя Штаты Амерыкі пастаянна настойваюць на вызваленні ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі і вітаюць вызваленне Андрэя Клімава як яшчэ адзін пазітыўны крок на шляху да гэтай мэты», — так пракаментавалі БелаПАН у пасольстве ЗША датэрміновае вызваленне апазіцыйнага палітыка Андрэя Клімава.

Нагадаем, Клімаў быў вызвалены 15 лютага з Мазырскай папраўчай калоніі № 20, дзе адбываў пакаранне па абвінавачанні ў «публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады або насільнага змянення канстытуцыйнага ладу з выкарыстаннем СМІ». Ён быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму за артыкулы, апублікаваныя ў інтэрнеце.

Палітычнымі зняволенымі ў пасольстве ЗША таксама лічаць экс‑кандыдата ў прэзідэнты, лідэра Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна і журналіста Аляксандра Здвіжкова, асуджанага ў студзені на тры гады пазбаўлення волі за перадрукоўку з дацкай газеты карыкатур на прарока Мухамеда.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0