23.06.2015 / 13:21

Пяць фактаў пра мільярдэра Багалюба Карыча, з якім сустракаўся Лукашэнка 11

Учора Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з сузаснавальнікамі міжнароднай камерцыйнай кампаніі «Браты Карычы». Адзін з удзельнікаў спаткання – дэпутат Скупшчыны (парламента) Сербіі Драгамір Карыч. Менавіта ён паведаміў, што напрыканцы кастрычніка Мінск мае наведаць прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч.

Больш цікавая асоба другога ўдзельніка сустрэчы — мільянера Багалюба Карыча. Гэта чалавек знаходзіцца ў міжнародным вышуку Інтэрпала.

Фота www.srbijadanas.net.

61-гадовы Багалюб Карыч — адзін з найбагацейшых людзей Сербіі. Ягоная кампанія «Браты Карычы» працуе ў самых розных сферах дзейнасці: будаўніцтва (возьмуцца за праект «Мінск-Мір»), тэлекамунікацыі, фінансы, адукацыя, СМІ.

Пры кіраўніцтве Слабадана Мілошавіча Карыча называлі «міністрам без партфеля», хаця і міністрам прыватызацыі пару месяцаў ён пабыў. Па неафіцыйных звестках, ягонае багацце дасягала 5 мільярдаў даляраў. Ясна, што без дазволу і заступніцтва ўладаў ва аўтарытарнай краіне Карыч бы не дасягнуў такіх поспехаў.

Амаль як некаторыя сённяшнія беларускія бізнэсоўцы, у канцы 1990-х Карыч быў абвешчаны «неўязным» на тэрыторыю Еўрасаюза, то бок трапіў у санкцыйныя спісы. Іншым разам Карыча называлі «кашальком Мілошавіча».

Пасля звяржэння рэжыму Мілошавіча пазіцыі Карыча сталі больш хісткімі. Яшчэ ў 2001 годзе яму былі выстаўленыя абвінавачанні ў незаконным вывадзе грошай за мяжу, але ад гэтага ўдалося адкруціцца. Бізнэсмэн нават спрабаваў вылучацца ў прэзідэнты, на выбарах 2004 года заняў трэцяе месца з 18% галасоў. Заснаваў палітычны рух «Сіла Сербіі».

У 2006 годзе супраць Багалюба Карыча была заведзеная крымінальная справа за фінансавыя махінацыі. Гэта адбылося пасля расследавання дзейнасці першага сербскага аператара мабільнай сувязі Mobtel, была выяўлена шкода дзяржаве ў памеры 40 мільёнаў еўра. Прыбыткі ад мабільнай кампаніі з дапамогай фірмаў-аднадзёнак выводзіліся ў афшорныя зоны. Быў выдадзены ордар на арышт Карыча, але да таго часу ён ужо пакінуў Сербію. Пісалася нават, што з Бялграда Карыч вылецеў у Мінск.

Праўда, у выніку бізнэсовец атрымаў прытулак у Маскве. Расія адмаўляецца выдаваць Карыча Сербіі. Варта адзначыць, што ў Расіі знайшлі прытулак таксама жонка і сын Слабадана Мілошавіча.

У сакавіку сёлета Багалюб Карыч заявіў, што гатовы вярнуцца ў Сербію, калі справа супраць яго будзе спыненая. У маі Карыч быў на вайсковым парадзе ў Маскве.

Цікава, што ў Драздах-2 будаўніцтва катэджа вядзе Алівера Нядзелькавіч, сястра Багалюба Карыча. Незразумела, ці гэта яна робіць для сябе, ці для брата.

Зміцер Панкавец

0
Андрусь / Адказаць
23.06.2015 / 13:35
Які сам такі і сябар....
0
Сьпец галоўнага аграгарадку / Адказаць
23.06.2015 / 14:51
То Багалюб Гуньдзяеф, то Багалюб Карыч. Харэ, давай ужэ пра атэістаў!
0
Сьпец галоўнага аграгарадку / Адказаць
23.06.2015 / 15:10
То Багалюб Гуньдзяеф, то Багалюб Карыч. Харэ, давай ужэ пра атэістаў!
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру