Міністэрства ўнутраных спраў не адмаўляе наяўнасці ў Беларусі радыкальных маладзёжных неанацысцкіх груповак — скінхедаў і ім падобных. Пра гэта заявіў, адказваючы на пытанне БелаПАН, намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі — начальнік аддзела арганізацыі прафілактыкі правапарушэнняў непаўналетніх МУС Беларусі Андрэй Саладоўнікаў 19 лютага на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

«На шчасце, сітуацыя з падобнымі групоўкамі ў Беларусі кантралюемая. Такія групоўкі ёсць, але яны малаколькасныя, кепска арганізаваныя і не карыстаюцца папулярнасцю ў падрастаючага пакалення», — сказаў ён.

А.Саладоўнікаў паведаміў, што каля года таму ў Беларусі былі зафіксаваныя факты збівання кітайскіх студэнтаў.

«Пры гэтым былі падставы меркаваць, што злачынцы маюць дачыненне да скінхедаў: па іх знешнім выглядзе, лозунгах, што яны выкрыквалі, і г.п. Аднак даказаць іх дачыненне да скінхедаў даволі складана, і іх дзеянні былі расцэнены як хуліганства», — зазначыў прадстаўнік МУС.

Разам з тым, запэўніў А.Саладоўнікаў, «усе мяркуемыя ўдзельнікі падобных груповак знаходзяцца пад кантролем як органаў МУС, так і КДБ». Паводле яго слоў, супрацоўнікі праваахоўных органаў таксама працуюць з футбольнымі фанатамі — «дастаткова сур’ёзнай дэструктыўнай сілай».

«Вопыт іншых краін паказвае, што менавіта з ліку футбольных фанатаў выходзіць большасць скінхедаў», — сказаў А.Саладоўнікаў.

Паводле: Таццяна Дарашчонак, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0