Аднойчы мой родны чалавек выратаваў жыццё п’янага, выштурхнуўшы яго з праезнай часткі ажыўленай магістралі, на якой той стаяў, апусціўшы галаву. Сігналілі машыны. Мой тата кінуўся ратаваць незнаёмага яму чалавека пад колы транспарту з рызыкай для свайго жыцця. Для мяне гэта быў вялікі жыццёвы ўрок.

Кіраўніком дзяржавы прыняты ўказ «аб барацьбе з дармаедамі» (прыблізна так ён гучыць), згодна з якім непрацуючыя людзі павінны тры мільёны шэсцьсот тысяч падатку на год.

Сапраўды, ёсць прымаўка «Хто не робіць, той не есць». Але ў цяжкім становішчы непрацоўнага, абяздоленага можа апынуцца кожны. У народзе гэта ведалі, дапамагалі сваім людзям, суседзям у розных працах, існуе ў беларускай мове і назва гэтай дапамозе — талака. Дапамагалі ўкраінцам у часы сталінскага галадамору, хавалі з рызыкай для жыцця яўрэяў у вайну ад фашыстаў і г. д.

А што з цяперашнімі малазабяспечанымі, няшчаснымі, беспрацоўнымі? Гэтыя людзі не забойцы, не зладзеі, не распрадаюць дзяржаўную маёмасць, народныя нацыянальныя багацці (калійныя солі, драўніну і г.д.), не скарачаюць людзей, не падымаюць цэны…

Аднойчы нехта сказаў: «Народ цікавіцца, адкуль у іх грошы, калі яны не працуюць!» Высвятленне такіх пытанняў культывуе ў людзях зайздрасць.

За што бедныя жывуць? А ці вартае працы чыноўнікаў, міліцыі, дэпутатаў гэтае пытанне? Ці не варта было накіраваць дзяржаўныя грошы на больш важныя справы?

Хто яны — людзі, што часова не працуюць: каму не даюць працу па спецыяльнасці, беспрацоўныя і г.д.; п’яніцы або людзі з дрэнным здароўем; маці, што выхоўваюць дзяцей, і хатнія гаспадыні; звольненыя, якія адстойваюць правы ў судзе.

Кожны мае права на свой выбар, так я думаю. Людзі павінны працаваць, калі могуць гэта рабіць.

І галоўнае: беспрацоўныя таксама плацяць падаткі. Усе плацім прыблізна аднолькавыя падаткі: і працоўныя, і беспрацоўныя. Чаму так? Бо ў любой прададзенай паслузе, любым тавары закладзеныя падаткі.

І багатыя, і бедныя, ідзём у краму і купляем адзін і той жа хлеб. У цану тавару закладзены і ўсе заробкі працоўных, і адлічэнні ў сацыяльныя фонды, і пенсійныя адлічэнні, і ўсе падаткі. Гэта азначае, што беспрацоўныя аплачваюць частку выдаткаў на фінансаванне школ, бальніц, заробкі міліцыі. Гэта няпраўда, што беспрацоўныя ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў не ўдзельнічаюць.

Цяпер пытанне: як абараніцца ад несправядлівых законаў? Здаецца, парушаны адзін з артыкулаў Канстытуцыі аб роўнасці правоў і абавязкаў усіх грамадзян. Беспрацоўныя не павінны выплачваць падаткаў больш, чым працоўныя.

«Ад сумы і ад турмы не заракайся» — гаворыць прымаўка. Кожны можа аказацца ў адзіноце, у стане пацярпелага, застацца без працы. Пра гэта сказаў адзін з нашых класікаў, паэт-прарок Янка Купала:

Падсякайце тое дрэва,
Што ў корні ўсыхае;
Не ўважайце таго сэрца,
Што жалю не мае.

Большая частка апытаных падтрымлівае дэкрэт і змены ў пенсійнае заканадаўства і вітае барацьбу з «дармаедамі», якія псуюць карцінку багатага і бесклапотнага жыцця ў Беларусі. У беларусаў ёсць прымаўка: «Сыты галоднаму не спагадае». Наўрад ці новаўвядзенні, мною ўзгаданыя, будуць адмененыя. Але як абараніць свае правы? Можа, кваліфікаваны юрыст падкажа, якім чынам магчыма абараніць свае правы?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?