Стан пацярпелай у кобрынскім аквапарку сямігадовай дзяўчынкі, якая знаходзіцца ў Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы, застаецца вельмі цяжкім, паведаміў загадчык рэанімацыйнага аддзялення бальніцы Валерый Чаранкевіч. 

«Дзяўчынка па-ранейшаму знаходзіцца ў коме, падключана да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх. Яна так і не апрытомнела», — сказаў урач. 

Як раней паведамлялася, 12 чэрвеня сямігадовая дзяўчынка наведвала аквапарк у складзе экскурсіі з настаўнікамі сваёй базавай школы Драгічынскага раёна. Каля 15.30 адзін з наведвальнікаў дастаў яе з-пад вады без прытомнасці. 

Дзіця з дыягназам «утапленне ў прэснай вадзе» спачатку даставілі ў Кобрынскую цэнтральную раённую бальніцу, затым у Брэсцкую дзіцячую абласную бальніцу. 

Кобрынскім раённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да двух настаўнікаў гэтай школы, якія з'яўляліся суправаджаючымі экскурсійнай групы, распачатая справа на падставе ч. 1 арт. 165 КК (неналежнае выкананне абавязкаў па гарантаванні бяспекі жыццю і здароўя дзяцей). 

Згодна з матэрыяламі следства, пацярпелая знаходзілася без нагляду настаўнікаў больш як 10 хвілін. На відэазапісах з камер назірання бачна, як дзяўчынка ідзе ў больш глыбокую частку басейна. У месцы, дзе яе знайшоў наведвальнік, агляднасць камер абмежаваная збудаваннямі аквапарку. 

Канчатковая кваліфікацыя дзеянняў настаўнікаў і іншых адказных асоб будзе вызначаная падчас расследавання, кантроль за якім вядзе кіраўніцтва Следчага камітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?