Антон Матолька, вядомы мінскі блогер і фатограф, звярнуў увагу на сітуацыю з парковачнымі месцамі ў цэнтры сталіцы.

Улады адрэагавалі, увялі на згаданых вуліцах платную паркоўку, праўда, ненадоўга — з-за незадаволенасці супрацоўнікаў мясцовых арганізацый праз пару дзён яе і адмянілі. А дзеянні Матолькі выклікалі шэраг абураных каментароў: маўляў, яго скаргі — гэта даносы, а не праяўленне актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Антон Матолька. Фота Holiday.by.

Антон Матолька. Фота Holiday.by.

Да праблем з паркоўкай у цэнтры Антон Матолька звярнуўся яшчэ вясной. Прагуляўшыся па Камсамольскай, Рэвалюцыйнай, Інтэрнацыянальнай вуліцах, ён заўважыў, што машыны паркуюцца тут у некалькі шэрагаў, нярэдка займаючы і тратуар, і пешаходныя пераходы.

Фота Антона Матолькі.

Фота Антона Матолькі.

Некалькі здымкаў аўто, якія былі прыпаркаваны з асаблівай нахабнасцю, Матолька перадаў у ДАІ. Да таго ж ён у сваім блогу задаў пытанне: чаму ДАІ і гарадскія ўлады ігнаруюць усе гэтыя праблемы і парушэнні?

Фота Антона Матолькі.

Фота Антона Матолькі.

А ў пачатку мая допісам блогера зацікавілася тэлекампанія «Мір» і зрабіла на гэту тэму сюжэт. Супадзенне ці не, невядома, але праз некалькі дзён было аб’яўлена, што менавіта на тых вуліцах, пра якія казаў Матолька, паркоўка будзе платнай.

«Паставілі паркаматы, павесілі знак, але літаральна праз некалькі дзён знак прыбралі, — распавядае Антон Матолька. — Стала вядома, што супраць платнай паркоўкі там выказаліся супрацоўнікі КДБ, МУС і іншых арганізацый, якія знаходзяцца на гэтых вуліцах. Я пазваніў у ДА «Паркоўкі сталіцы», там адказалі, што пытанне разглядаецца, і ў рабочы час паркоўка будзе платнай, увечары — бясплатнай».

Фота Антона Матолькі.

Фота Антона Матолькі.

Але і па сёння нічога не змянілася. Паркоўка лічыцца платнай, але ніякі ўлік ці кантроль не вядзецца. Хочаш — плаці, не хочаш — не плаці. Само сабой, большасць аўтааматараў на паркаматы ўвагі не звяртае.

«Тым больш калі знака «платная паркоўка» няма, то па законе плаціць не трэба, — тлумачыць Матолька. — А знака там няма».

На думку блогера, атрымліваецца, што з-за тых, хто працуе ў будынках на гэтых вуліцах, усе астатнія павінны ці парушаць правілы, ці шукаць месца невядома дзе, нават калі чалавек пад’ехаў літаральна на некалькі хвілін. Бо на Камсамольскай ці Інтэрнацыянальнай знайсці месца амаль нерэальна.

«Там прапануюць набыць абанемент, каб пакідаць машыну, скажам так, «легальна». Каштуе ён 350 тысяч. Але гэта няправільна, ён павінен быць у два-тры разы даражэйшы, бо ва ўсім свеце вуліца — не месца для захоўвання машыны. Калі чалавек спыняецца на гадзіну-дзве, то гэта адна справа. Але калі пакідае сваё аўто на цэлы дзень — гэта ўжо ненармальна», — мяркуе блогер.

Фота Антона Матолькі.

Фота Антона Матолькі.

Таму, лічыць ён, паркоўка ў цэнтры павінна быць платнай з умовай, што аўтааматар можа пакінуць машыну на кароткі тэрмін, хвілін 15—30, бясплатна. Хочаш больш — плаці грошы.

Праўда, тое, што Матолька паскардзіўся ў ДАІ і гарадскую адміністрацыю, выклікала бурную палеміку. Хтосьці назваў гэта «даносам», хтосьці заявіў, што да гэтага ўсіх усё задавальняла. Журналіст радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў напісаў у фэйсбуку, што ёсць простая сувязь паміж скаргамі на паркоўку і з’яўленнем АМАПа і міліцэйскіх кардонаў на джаз-вечарах (сам Матолька гучна абураўся апошняму факту).

«Калі кожны, замест таго, каб рашыць пытанне разам з калегамі, суседзямі, паміж сабой, у дварах, супольнасцях, — пачынае званіць у ментоўку ці пісаць у адміністрацыю, то значыць, трэба павялічваць колькасьць чыноўнікаў і мянтоў (мала іх у нас, ага), якія будзуць вырашаць гэтыя пытанні, разглядаць скаргі «неабыякавых грамадзян». А значыць, і ўлада сама пачынае верыць, што без яе народ ні на што не здольны. Не здольны нават спакойна паслухаць джаз — таму трэба хутчэй паслаць туды АМАП, каб ён паставіў металашукальнікі, — піша Цыганкоў. — А ўвогуле, чым больш назіраю за нашымі людзьмі, тым больш пераконваюся, як шмат з іх абагаўляюць парадак, усялякія правілы і ў выніку — уладу (нават самі не падазраючы), бо яна павінна сачыць за парадкам».

Антон Матолька з такой пазіцыяй не згодзен.

«Я не лічу гэта «даносамі». Тым больш што скардзіўся я толькі на тых, хто ўжо зусім нахабна парушаў правілы.

Калі машына стаіць на пешаходным пераходзе, то гэта проста небяспечна, бо з-за яе і пешаход не бачыць дарогу і вадзіцель не бачыць пешахода, — тлумачыць блогер. — Што тычыцца таго, што людзі павінны дамаўляцца паміж сабой. Калі б гэта была закрытая тэрыторыя, куды ездзяць адны і тыя ж, — добра. Але гэта цэнтр горада, і праблемы ствараюцца для вялікай колькасці людзей, гэта проста непавага да іншых аўтааматараў».

Таму, калі нічога не зменіцца, Антон плануе працягваць «шумець».

«Адзін чалавек нічога не зменіць. Але трэба трымаць гэту тэму на слыху, звяртацца ў СМІ. Па вялікім рахунку, людзі прывыклі, што могуць даехаць амаль да дзвярэй на машыне, але цяпер не 90-я. У цэнтры праблем з паркоўкай няма, можна паставіць аўто цывілізавана, так, каб яно не перашкаджала іншым», — кажа блогер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?