Серж Саркісян

У Ерэване аб'яднаная апазыцыя спрабуе паваліць прамаскоўскі рэжым. Паводле афіцыйных зьвестак, на прэзыдэнцкіх выбарах у Арменіі перамог прэм’ер‑міністар краіны Серж Саркісян, пераемнік Качарана. Апазыцыя і яе лідэр, першы прэзыдэнт краіны Лявон Тэр-Петрасян, вінавацяць улады ў масавых фальсыфікацыях.

Як перадаюць зь Ерэвану інфармагенцтвы, сёньня дзясяткі тысячаў маніфэстантаў прайшліся шэсьцем па цэнтры армянскай сталіцы. Дэманстрацыя была мірнай, сілы аховы парадку не спынялі яе. На чале зь Лявонам Тэр-Петрасянам, былым прэзыдэнтам краіны і наймацнейшым з кандыдытаў апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах, пратэстоўцы атачылі будынак Цэнтравыбаркаму. Насуперак чуткам пра магчымы штурм будынку, маніфэстанты толькі паказалі сваю шматлікасьць і перамясьціліся на адну з цэнтральных плошчаў, дзе правялі мітынг.

Акцыі пратэсту маюць прадоўжыцца заўтра. Сёньня пратэстоўцы абышлі будынкі ўраду, службы бясьпекі і МУС. Фактычна, сталіца Арменіі апынулася пад кантролем апазыцыі.

Гэта аказалася сюрпрызам ня толькі для ўладаў краіны, але і для сьвету. Да пачатку мітынгу перамогу Саркісяна пасьпелі прызнаць прэзыдэнты Пуцін, Сарказі і Саакашвілі. Захад пабойваецца дэстабілізацыі сытуацыі ў Арменіі, таму адмоўчваецца. Але насельніцтва краіны, стомленае карупцыяй, не зважае на стрыманыя ацэнкі назіральнікаў ад АБСЭ, што прызналі выбары ў цэлым свабоднымі.

Прэзыдэнты на Паўднёвым Каўказе яшчэ ніколі не зьмяняліся шляхам выбараў.

Папярэднія прэзыдэнцкія выбары ў Арменіі таксама сканчаліся вулічным процістаяньнем, але яшчэ не было такім шматлюдным. Варта адзначыць, што Арменія мае плюралістычную палітычную культуру. Гэта больш дэмакратычная краіна, чым сучасная Беларусь. Галоўная пагроза дэмакратыі ў ёй сыходзіць не ад дзяржаўнага рэпрэсіўнага апарату, а ад грашовых мяхоў.

Тэр-Петрасяну ўдалося зьяднаць разнамасную апазыцыю і зьдзейсьніць цудоўнае вяртаньне ў палітыку. Яго падтрымалі 20 дробных апазыцыйных партыяў. Першы раз Тэр-Петрасяну ўдалося вывесьці на вуліцы сталіцы 100 тысячаў сваіх прыхільнікаў напярэдадні выбараў. «Я дапусьціў прыход да ўлады Качарана й Саркісяна, я самы мушу адхіліць іх ад улады», — заявіў Тэр-Петрасян, першы кіраўнік Арменіі часоў незалежнасьці.

Дарэчы, Арменія сёньня сьвяткавала 20-гадовы юбілей Карабахскага руху. Аднак Саркісян — выхадзец з Карабаху — ня здолеў папрысутнічаць на юбілейным салюце, бо Тэатральная плошча, месца фэервэркаў, была апанаваная маніфэстантамі.

* * *


Лявон Тэр-Петрасян

Паводле афіцыйных зьвестак, на прэзыдэнцкіх выбарах у Арменіі перамог прэм’ер‑міністар краіны Серж Саркісян. Ён таксама ўзначальвае кіроўную Рэспубліканскую партыю.

У Цэнтральнай выбарчай камісіі Арменіі заявілі, што ў першым туры ён набраў 52,8 адсоткаў галасоў.

Паводле тых жа зьвестак, галоўны супернік Саркісяна, былы прэзыдэнт, адзін зь лідэраў апазыцыі Лявон Тэр‑Петрасян атрымаў падтрымку 21 адсотка выбаршчыкаў. Аднак ягоныя прыхільнікі распачалі акцыю пратэсту ў Ерэване, каля Матэнадарану, сховішча старых армянскіх рукапісаў . Літаральна за 50 мэтраў ад гэтай плошчы знаходзіцца Цэнтравыбаркам, аточаны вайскоўцамі.

Незалежны экзыт-пол, арганізаваны армянскімі моладзевымі арганізацыямі, зафіксаваў перамогу Тэр-Петрасяна над Саркісянам: 37 супраць 35 працэнтаў галасоў. Два іншыя экзыт-полы аддалі перавагу Саркісяну, хоць і зь неймавенай розьніцай: адзін 57, а другі 33 працэнты галасоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?