Фота: theconversation.com
Эксперыментальны алгарытм лабараторыі штучнага інтэлекту Facebook навучыўся пазнаваць людзей на фота па ўскосных прыкметах, распавядае New Scientist.
Facebook сёння можа паспяхова пазнаць вас па твары. Новы алгарытм пазнае вас і са спіны — аналізуюцца прычоска, адзенне, форма цела, пастава…
«Ёсць многа прыкмет, што мы выкарыстоўваем. Людзі маюць характэрныя рысы, нават калі вы глядзіце на іх ззаду, — кажа Ян ЛеКун, начальнік лабараторыі штучнага інтэлекту Facebook. — Напрыклад, вы лёгка пазнаеце Марка Цукерберга, бо ён заўсёды носіць шэрую цішотку».
Такі алгарытм можа парушыць вашую прыватнасць — людзі могуць пабачыць вас на сваіх фота ў тых месцах і пры тых абставінах, калі вы не хочаце, каб вас пабачылі. А можа і дапамагчы пазбегнуць парушэння прыватнасці. ЛеКун сцвярджае, што алгарытм можна выкарыстаць, каб чалавек даведаўся, калі фота з ім з’яўляецца ў інтэрнэце.
Праблема прыватнасці людзей на фота нядаўна прывяла да часовай забароны ў Еўропе новай праграмы Facebook — Moments, што служыць для абмену фатаздымкамі. Яна ўмее пазнаваць людзей на фота, але на сёння не мае такой опцыі, каб людзі маглі адмовіцца ад распазнавання сябе.