Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі раскрытыкаваў падрыхтоўку правядзення 18-19 ліпеня фестывалю праваслаўнай моладзі на «Лініі Сталіна», імя якога заплямлена масавымі рэпрэсіямі і мільёнамі забітых, у тым ліку праваслаўных вернікаў, святароў і епіскапаў.

На думку сустаршыні БХД, праваслаўны фестываль на «Лініі Сталіна» — гэта грэх супраць Царквы, які найперш наносіць удар і кампраметуе саму Праваслаўную Царкву. Хаця адказнасць за яго нясуць персанальна канкрэтныя людзі-арганізатары фестываля – кіраўнік Аддзела па справах моладзі Мінскай епархіі, протаіярэй Іаан Задарожын, протадыякан Максім Логвінаў.

«Падобныя з'явы былі падчас усёй гісторыі Царквы. Часам імём Царквы прыкрываліся пачварныя рэчы, якія не маюць ні духу, ні праўды хрысціянскай. Некаторых гэта спакушала, але ўсё было дарэмна, бо матывацыі хрысціянскай у гэтым ніколі не было. Царква трымаецца на тых, хто ідзе за Хрыстом, нават калі яны пакутуюць ад тых сілаў унутры Царквы, што спрабуюць яе ачарніць», — адзначыў сустаршыня БХД.

Паводле яго, беларусы дагэтуль не пазбавіліся культу дыктатараў. «Мы не змянілі ні свае сэрцы, ні свае думкі. Калі кожны прааналізуе свае паводзіны, то таксама можа заўважыць у сабе нешта рабскае і таталітарнае. Нярэдка тыя людзі, якія сёння выступаюць супраць Лукашэнкі, прагнуць такога ж самага Лукашэнку, але іншага. Такога, які прыйдзе і прымусіць усіх вывучыць беларускую мову альбо павярнуцца ўсіх да Еўропы, каб усім разам ісці роўнымі шэрагамі. Таталітарнае мысленне з’яўляецца часткай нашай ментальнасці. Гэта трэба разумець і выпраўляць, бо культ Сталіна ўзнікае менавіта на такіх рэчах», — дадаў Віталь Рымашэўскі.

Сустаршыня БХД таксама заклікаў праваслаўных вернікаў падаваць свой голас у абарону Царквы і супраць правядзення праваслаўнага фестывалю на «Лініі Сталіна».

Чытайце таксама: «Не трэба ўсіх сабак вешаць на Сталіна» — святары аб праваслаўным фэсце на «Лініі Сталіна»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?