Яўгеній Бібін — гендырэктар «Электрычных сетак Арменіі», дачыннай кампаніі расійскай «Інтэр РАТ».

«Інтэр РАТ» гатовы прадаць армянскія электрычныя сеткі

07:40

Ноч на 29 чэрвеня ў сталіцы Арменіі прайшла спакойна. Паліцыя не стала прадпрымаць дзеянні для разблакавання праспекта Маршала Баграмяна, занятага пратэстоўцамі.

Да мітынгоўцаў прыехаў намеснік начальніка паліцыі Ерэвана, палкоўнік Валерый Асіпян. Ён заклікаў выконваць цішыню, бо музыка і скандаванне лозунгаў перашкаджаюць людзям, якія жывуць у суседніх дамах. «Вы парушаеце закон, я чарговы раз заклікаю вас пакінуць праспект Баграмяна, вярнуцца на плошчу Свабоды і працягнуць там свой мітынг», - сказаў ён.

Паліцыя дазволіла дэманстрантам правесці яшчэ адну ноч на праспекце Маршала Баграмяна ў Ерэване.

Удзельнікі акцыі пратэсту, якія выступаюць супраць падаражэння электраэнергіі, ужо роўна тыдзень блакуюць цэнтральны праспект армянскай сталіцы, дзе размешчаны будынкі адміністрацыі прэзідэнта, парламента, Канстытуцыйнага суда і шэрагу амбасадаў.

Напярэдадні арганізатары шматтысячнай акцыі заклікалі яе ўдзельнікаў пакінуць праспект і вярнуцца на Плошчу Свабоды, аднак вялікая частка пратэстоўцаў нікуды не пайшла.

Паліцыя некалькі разоў папярэдзіла, што рыхтуецца разблакаваць вуліцу, але да рашучых дзеянняў не перайшла.

Ноч на праспекце Баграмяна правялі некалькі соцень чалавек. Раніцай пачалі ўборку тэрыторыі.

Быў затрыманы толькі адзін удзельнік акцыі, які заклікаў да ўзброеных дзеянняў. Таксама стала кепска аднаму з лідараў ініцыятывы «Не рабаванню» Вагінаку Шушаняну, яму выклікалі хуткую.

Паліцыя Арменіі збіраецца забраць смеццевыя бакі.

Як заявіў журналістам палкоўнік паліцыі Арсен Айвазян, рашэнне прыбраць бакі прынята на аснове заявы аператара па ўборцы смецця ў Ерэване, кампаніі «Санітэк».

«Кампанія заявіла, што яе маёмасць, а менавіта смеццевыя бакі, былі незаконна прысвоены і перанесены, а таксама пашкоджаныя», - заявіў Айвазян.

Рашэнне выклікала буру абурэння пратэстоўцаў, піша news.am.

00:17

Члены «Не рабаванню» патлумачылі, у чым прычына іх сыходу з праспекта Баграмяна. Яны заяўляюць, што перайшлі на плошчу Свабоды, каб абдумаць далейшыя крокі і абмеркаваць іх разам. «Важна, каб мы абдумалі годны зваротны ўдар», - адзначаюць яны, паведамляе armtoday.info

Члены ініцыятывы таксама падкрэсліваюць, што заставацца на праспекце не мела сэнсу, бо гэта магло справакаваць кровапраліцце, якога яны хочуць пазбегнуць. Заставацца сёння на праспекце яны лічаць авантурай.

00:05

Трыбуна на праспекце Баграмяна ўсё яшчэ пустуе. Ніхто не бярэ на сябе адказнасць узначаліць акцыю пратэсту на праспекце. Тыя, хто да гэтага часу выступаў з трыбун адзначалі, што яны звычайныя грамадзяне, якія да гэтага часу стаялі ў першых шэрагах і хацелі выказаць сваю пазіцыю.

Нягледзячы на гэта, колькасць удзельнікаў акцыі на праспекце не змяншаецца. Аднак напружанне пасля адводу паліцэйскіх войскаў зменшылася, паведамляе armtoday.info.

Сябра ініцыятывы «Не рабаванню» Вагінак Шушанян заявіў, што асабіста прасіў кіраўніка паліцыі Уладзіміра Гаспарана адвесці паліцэйскія войскі. Ён заклікаў паліцыю не прымяняць сілу супраць тых, хто сабраўся там людзей, заявіўшы, што калі там будзе ўжытая сіла - ён і яго таварышы ўстануць за людзей на праспекце Баграмяна.

23:10

Прэм'ер-міністр Арменіі Овік Абрамян выступіў з заявай у сувязі з сітуацыяй на праспекце Баграмяна. У заяве гаворыцца: «Сёння на вуліцы Баграмяна з'явіліся сілы, чыя рэальная мэта не праблема павышаных тарыфаў на электраэнергію, а стварэнне ў краіне нестабільнай сітуацыі і сутыкненне нашых грамадзян. Апошнія вылучылі на першы план не сацыяльны або эканамічны складнікі, а не зразумелыя памкненні».

23:15

Позна вечарам частка пратэстоўцаў прыйшла на плошчу Свабоды, частка засталася на праспекце Баграмяна, піша armtoday.info.

Прычым калі на праспекце Баграмяна, дзе знаходзяцца ўрадавыя будынкі, прычынай напружання выступае паліцыя, якая блакавала пратэстоўцаў, то на плошчы Свабоды пачаліся сваркі паміж актывістамі.

Члены ініцыятывы «Не рабаванню» (актывісты, што першыя выступілі супраць павышэння цэн на электраэнергію тыдзень таму) заявілі, што невядомыя людзі не прапускаюць дэманстрантаў з Баграмяна на плошчу Свабоды. Актывісты «Не рабаванню» заклікаюць пакінуць Баграмяна і прыйсці на плошчу Свабоды.

Але частка актывістаў засталася на Баграмяна.

Адзін з тых, хто застаўся на праспекце Баграмяна, Тыгран Хачумян, у гутарцы з Радыё Свабода — Арменія сказаў, што яны нічога новага не вырашылі і нічога новага не патрабуюць.

«Мы заклікаем паліцыю, каб нас зразумелі і абаранілі», - сказаў ён.

Ён адзначыў, што яны працягваюць сваю барацьбу, прадстаўляючы тры патрабаванні: адмена павышэння тарыфу на электраэнергію, перагляд тарыфаў у бок зніжэння і прыцягненне да адказнасці тых, хто ужыў сілу пры разгоне акцыі пратэсту на праспекце Баграмяна 23 чэрвеня.

На думку Тыгран Хачумяна, ніякіх палітычных падтэкстаў або дадатковых патрабаванняў няма: народ ўсяго толькі патрабуе таго, чаго патрабаваў ўчора і ў першы дзень. Па словах актывіста, яны гатовыя заставацца на праспекце Баграмяна да таго часу, пакуль іх патрабаванні не будуць задаволеныя, бо Серж Саргсян не заявіў аб поўным выкананні ніводнага з іх патрабаванняў.

Экс-мэр Ерэвана Ваагн Хачатран заявіў у інтэрв'ю Дождю, што на пратэст выйшлі не самыя бедныя людзі, проста «нам надакучыла». Колькі можна даваць абяцанкі, кажа ён. Гэтыя аўдыты, які нібыта абяцаў правесці Саргсян, праводзяцца кожныя паўгода [у кампаніі «Электрычныя сеткі Арменіі», што пастаўку электраэнергіі.]. У Арменіі год ад года змяншаецца спажыванне электраэнергіі, навошта тады аўдыты, кажа Саргсян.

21:15

Паліцэйскія кардоны на праспекце Баграмяна адведзены назад. Спераду застаўся толькі адзін ланцуг паліцэйскіх. Па ўсёй бачнасці, гэта зроблена з мэтай зніжэння напружання, піша armtoday.info

20:40

Сітуацыя на праспекце Баграмяна неадназначная

Паліцыя перыядычна прымяняе псіхалагічны ціск, стукаючы дубінкамі па шчытах, але ціск не дзейнічае, у адказ удзельнікі акцыі ў тон пачынаюць пляскаць у далоні. Аб неадназначнай сітуацыя заяўляюць і прадстаўнікі ініцыятывы «Жывы шчыт». Яны адзначаюць, што бакі павінны пачаць перамовы і пазбегнуць прымяненне сілы ў такой сітуацыі.

20:32

На праспекце Баграмяна святар заклікаў усіх прачытаць малітву «Ойча наш». Скарыстаўшыся гучнай сувяззю ў паліцэйскага аўто, ён прачытаў услых малітву.

«Мы не заходняя і ўсходняя Арменіі, мы адзіны кулак, які называюць армянскі народ». Ён заклікаў народ да міру, «заклікаю быць пільным, каб пазбегнуць лішняга гвалту». «Гэта не выпадак калі трэба падставіць іншую шчаку, але трэба быць сумленнымі хрысціянамі». Ён заклікаў людзей да стрыманасці і памяркоўнасці, піша armtoday.info.

19:50

Цяпер на праспекце Баграмяна колькасць удзельнікаў акцыі пратэсту даходзіць да 10 тысяч чалавек. Паліцыя блакавала удзельнікаў акцыі як з боку Баграмяна, так і з боку плошчы Францыі. Нягледзячы на настойлівыя заклікі паліцыі разысціся, дэманстранты не сыходзяць, паведамляе armtoday.info.

Сітуацыя вельмі нервовая і небяспечная. Удзельнікі скандуюць «Мы гаспадары нашага горада!», «Арменія!», «Перамога!». У цэнтр Ерэвана сцягнута беспрэцэдэнтная колькасць сіл паліцыі.

Паміж удзельнікамі акцыі пратэсту і паліцыяй прадстаўнікі шоу-бізнэсу і палітычных сіл сфармавалі жывы шчыт.

***

Начальнік паліцыі Арменіі Уладзімір Гаспаран вечарам даў дэманстрантам паўгадзіны, каб вызваліць праспект Баграмяна ў цэнтры Ерэвана (пазней ультыматум быў падоўжаны да 23:00 (22:00 па мінскім часе), калі наступаюць гадзіны цішыні. Паліцэйскія забралі ў пратэстоўцаў мікрафоны і стукаюць дубінкамі ў шчыты. У цэнтр горада сцягнутыя войскі і спецтэхніка.

***

Пратэсты ў Ерэване доўжацца амаль тыдзень, людзі выйшлі пратэставаць супраць павышэння цэнаў на электрычнасць на 16%. У ноч на аўторак пратэст быў разагнаны вадамётамі і ў выніку моцна пашырыўся.

У суботу ўвечары прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян абвясціў аб тым, што з 1 жніўня жыхарам краіны і прадпрыемствам не прыйдзецца плаціць за электрычнасць па новай цане, але толькі да той пары, пакуль не скончыцца аўдытарская праверка кампаніі «Электрычныя сеткі Арменіі» і не будзе знойдзены адказ на пытанне, наколькі апраўдана павышэнне кошту электраэнергіі прыкладна на 16%. На час праверкі выдаткі па пагашэнні буйнога доўгу кампаніі возьме на сябе ўрад.