«UnReal student life», выстава студэнцкай творчасьці, працягнецца да 24 лютага ў Музэі гісторыі беларускага кіно. (Сьвярдлова, 4)

Пакуль ты студэнт — ты можаш усё!

Фота і жывапіс, інсталяцы і DIY‑кіно, музыка і пэрформансы. Карціны выставілі Эвеліна Крыштаповіч, Аляксей Несцяраў, Дзяніс Барсукоў і іншыя покуль не вельмі вядомыя мастакі. Паспелі адыграць фолькавыя ДЖАМБІБУМ, легендарныя Йо‑Йо, харызматычны бард‑рокер Андрэй Бананаў. А Люда Асіпенка прэзентавала кніжку «Кастусёў дзённік». 20 лютага чакаюцца знакамітыя ДетиДетей, 23 — рэгі‑таварышы Addis‑Abeba і лірычныя «Мамкіны Бусы». Акрамя таго ледзь не кожны дзень здараюцца творчыя імправізацыі і цікавыя эксперыменты.

Падчас, творы непрафесійныя, але — шчырыя, смелыя. Працы прымаліся як з багемнай Акадэміі мастацтваў, так і ад навучэнцаў тэхнічных ВНУ. Галоўнае, каб па‑студэнцку, па‑маладому. «Пакуль ты студэнт — ты можаш усё!» — аптымістычна паведамляе лозунг мерапрыемства.

Жывая тусоўка

«UnReal student life» хутчэй не выстава — жывая нефармальная тусоўка. Хтось уважліва сузірае пэрформанс, хтось — балбоча з даўнім таварышам, а нехта натхнённа экпанаты фоткае. Тут частуюць гарбатай з салодкімі прысмакамі альбо аскомістым вінцом. Сядзяць на рамантычна парэпанай скамейцы, распісанай водгукамі, ці на рыпучым савецкім ложку. У картонныя скрынкі можна класці/браць кніжкі, ці кружэлкі, ці вязаныя рукавіцы. «Адна з нашых мэтаў — стварэнне камунікацыйнай прасторы для студэнтаў», — заўважае каардынатар Алег Ларычаў.

Іра, студэнтка Універсітэта культуры, з’яўляецца тут амаль штовечар. «У нас ў Мінску няма кафэ, дзе маладым людзям можна прыемна пагутарыць з аднадумцамі. А тут якраз з’явілася такая мажлівасць».

У гэтай светлай ды люднай прасторы шмат людзей у яркіх вопратках і рабіць тут можна шмат чаго: па‑хіпоўску рассесціся на падлозе альбо, як адна з наведвальніц, раздаваць усім запар аранжавыя папяровыя сардэчкі. Сапраўдны студэнт = творчасць. І прага непасрэднасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0