У Мінску масава прадаюць і закрываюць кавярні, бары і рэстараны: цяпер шукаюць новых уладальнікаў або рыхтуюцца да закрыцця больш як 100 устаноў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні кампаній «Завод Бульбашъ» і «Твая сталіца», якія займаюцца даследаваннем рынку грамадскага харчавання. 

На думку прадстаўнікоў кампаній, у найбліжэйшыя два гады Мінск сутыкнецца з перадзелам рэстараннага бізнесу: невялікія кавярні і рэстараны са слабымі гандлёвымі маркамі закрыюцца, а на іх месца прыйдуць вядомыя сеткі хуткага харчавання. Ужо зараз недастаткова раскручаныя ўстановы завяршаюць працу, а на рынак выходзяць міжнародныя брэнды — Burger King, KFC, Hesburger. Пры гэтым актыўна пашыраюць свае сеткі ўжо прадстаўленыя ў краіне аператары, такія як McDonald's. 

Як адзначаюць эксперты, масавы продаж аб'ектаў грамадскага харчавання дасягнуў піку ў чэрвені гэтага года. Асноўная прычына — спад пакупніцкай здольнасці: зніжаецца як колькасць наведвальнікаў, так і сярэдні чэк. Пры гэтым даражэюць прадукты харчавання, растуць зарплаты кухараў і афіцыянтаў. З-за недастаткова высокай колькасці наведнікаў некаторыя аб'екты грамадскага харчавання не могуць пакрыць арэндныя стаўкі, гаворыцца ў паведамленні. 

Паводле ацэнак ТАА «Завод Бульбашъ», многія рэстараны ў Мінску гатовыя змяніць уладальнікаў, а сярод піцейных устаноў паспяхова працуюць прыблізна палова. «Новыя ўстановы ў Мінску адкрываюцца часта, аднак многія з іх і хутка закрываюцца. Адбіваецца як дэфіцыт наведнікаў, так і адсутнасць арыгінальных канцэпцый», — лічыць дырэктар па маркетынгу гандлёвай маркі «Бульбашъ» Андрэй Бутоўскі. 

«У еўрапейскіх гарадах аб'екты грамадскага харчавання шмат у чым існуюць за кошт турыстаў, у Мінску паток турыстаў значна меншы. Што да мясцовых жыхароў, то, хаця культура спажывання па-за домам актыўна развіваецца, яна значна ніжэйшая, чым, скажам, у Парыжы, Празе або Берліне. Мінску не хапае дэмакратычных кавярняў з даступнымі цэнамі і стравамі складанейшымі за піцу і гамбургер. Установы з беларускай кухняй і зусім можна пералічыць па пальцах», — падкрэсліў эксперт. 

На яго думку, «у канчатковым ліку выжывуць тыя, хто правільна выбраў фармат, перайшоў на правільную цэнавую палітыку, эфектыўна наладзіў лагістыку і пабудаваў моцны брэнд». «Гэта тычыцца як міжнародных сетак, так і беларускіх аператараў, якім удалося знайсці сваё месца на рынку і штосьці супрацьпаставіць сусветным гандлёвым маркам», — падкрэсліў Бутоўскі. 

Пры гэтым, адзначыў ён, на рынку ўсё яшчэ ёсць вольныя нішы, а найбольшыя перспектывы назіраюцца ў сетак хуткага харчавання, арыентаваных на людзей з сярэднім і нізкім дастаткам. «Але нават ім не варта разлічваць на рост прыбытку — у цяперашніх умовах больш важна павялічыць сваю долю на рынку, як гэта робяць міжнародныя брэнды», — лічыць ён. 

Як адзначыў кіраўнік праектаў па гандлёвай нерухомасці «Твая сталіца. Нерухомасць для бізнесу» Дзмітрый Дробышаў, у Мінску павялічваюцца вольныя плошчы пад аб'екты грамадскага харчавання, а арэндныя стаўкі з пачатку года зніжаюцца. «Знайсці памяшканне ў гандлёвым цэнтры або жылым доме для адкрыцця кавярні і рэстарана стала прасцей. Уласнікі, як правіла, гатовыя ісці на саступкі, у тым ліку ўстанаўліваць прымальныя стаўкі і прапаноўваць арэндныя канікулы. Усё гэта ў сярэднетэрміновай перспектыве дазволіць рэстараннаму бізнесу ўздыхнуць больш свабодна», — лічыць эксперт рынку нерухомасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?