Хоць сапраўды ўсё бачыцца турмой,
І не злічыць сексотаў і аховы,
Браточкі, не спрачайцеся са мной:
Я ведаю, што кожны ўрад – часовы!
Няўжо ніводны з іх не ўстане?
Мо сёння?.. Мо на гэты раз!?
Ды фас знаёмы на экране,
І зноў гучыць каманда “фас”!..
Амерыкі не буду адкрываць –
Аднойчы самі выбралі такога.
А сёння чуем: “Кіраўнік ад Бога!
Навошта вам уладу выбіраць?
Ну што спяваць народу оду,
Які жыве нібыта ў сне?
Такую вывелі пароду,
Што будзе спаць на баране!
Мяркую, заслужыў павагу
Мілошавіч, як ледакол:
Праклаў для іншых у Гаагу
Шлях на заслужаны прыкол.
Учора бачыў сам увачавідкі
Мазгі ў маленькай краме на рагу.
Палітыкі, для вас даб'юся скідкі,
Як трэба – і грашыма памагу!
Гляджу на чынавенства зграю,
На казнакрадаў ды хапуг,
І наша панства не ўспрымаю –
Нашто народу столькі слуг?
Зламалася імперская карэта,
Але ізноў гучыць аркестраў медзь.
Расія хоча так усіх “паймець”,
Каб ёй яшчэ і дзяквалі за гэта!
Учора бачыў я нараду...
Нязменна ўсё з сiвых вякоў:
Каня баяцца трэба ззаду,
А дурня – з чатырох бакоў!
Жыццёвы ўзровень павышаецца, –
Улада сведчыць нам... Хаця...
Чаму ж няўхільна скарачаецца
Працягласць лепшага жыцця?
Мо праблема і не ў прэзідэнцтве?..
Каб з пасад не ладзілі кармушак,
Трэба так зрабіць, каб у маленстве
Ўсім хапала лыж, канькоў і клюшак!
Ляцяць, як касманаўты, да пасад.
Арбіты – замірае дух спачатку!
Астатняе залежыць ад улад:
Якую закамандуюць пасадку?!
Улада людам “не довольна”...
А што б заенчылі дарадцы,
Калі б народ паклаў супольна...
Заявы аб звальненні з працы?
Калі абраны паспяхова
Любоўю цешыцца народнай,
Навошта ўзмоцнена ахова
Д Да колькасці неверагоднай?!
Сучаснай усё роўна ўладзе:
Да ладу вёў ці да бязладдзя,
А колькі год быў на пасадзе –
Лічы, на столькі і пасадзяць!
Ніхто пераканання не парушыць,
Што шчасна буду жыць ды пажываць.
Заплюшчыў вочы, затыкаю вушы,
А рот – падрыхтаваўся зашываць.
Па густу – бо такая ўжо парода –
Трымаць прамовы і прымаць парад.
У людзі выйшаў з простага народа,
Таму, хоць рэж, не вернецца назад.
Адзін начальнік дзеячаў культуры
Ўшчуваў, што ў нас няма літаратуры.
Шкадую – не даўмеліся спытаць,
Ці ўмее ён увогуле чытаць?
Што люд тутэйшы мог байкатаваць?
Ён ведае спрадвеку моц нагайкі;
I будзе, як заўжды, бай катаваць,
I байбусы закруцяць моцна гайкі.
Малюе нам улада пастараль,
Але хлусня заўсёды амаральна.
I як ты прадстаўляеш вертыкаль,
Калі ляжыш амаль гарызантальна.
Замінаюць, як заўжды,
Беларусі дзве бяды...
Ды пытанне назаляе:
А якая ў нас другая?
У гэтай зале нават публіка –
Працяг бяздарных дэкарацый.
Аднак, якая ў нас Рэспубліка,
Такія святы і палацы.
Я чую ад партыйных летуценнікаў,
Што ўсё залежыць ад шматлікіх чыннікаў,
Таму баюся што станоўчых вынікаў
Не дачакацца і да новых венікаў.
Чаму наш народ не шануе мазгі?
Ды хто ні кіруе дзяржавай –
Залежыць усё ў нас ад левай нагі,
Як вольнасць бывае ад правай.
Ніяк не кінем нашы спробы
Спяваць з партыйнай партытуры,
А ў гэтых нотах – культ асобы,
Ды без асобы і культуры.
Што б грамада ні гаманіла,
Ды ўсё-ткі клёку не хапіла:
Замест халвы купілі мыла,
Вось і ядзім, хоць і не міла.
Размовай шчырай ратавалі душы…
Ён моўчкі налягаў на пірагі,
Бо чуў здаўна, што сцены маюць вушы,
Але не знаў – ці ёсць у іх мазгі?
Святары нам даводзяць, што ўлада ад Бога.
Ды, мяркую, не трэба яго абражаць:
Выбіраем і самі, бывае, такога –
Ні сабе паглядзець, ні людзям паказаць!
На выбарах цяпер усё культурна,
А як інакш, калі ў двухмоўным свеце
Па-руску – галасы збірае “урна”,
Па-беларуску ў ёй ці прах, ці смецце.
Кідай, палітык, дакараць,
Што мы не ўмеем выбіраць.
Калі ты гол нібы сакол,
Не дапаможа экзытпол.
Абяцанкі-цацанкі па густу народу.
Слухаць – слухай, ды толькі сабе не мані:
Аніхто не атрымліваў зверху свабоду –
Едзе панская ласка на дохлым кані.
Кіньце сённяшні электарат дакараць…
Шлях найменшага супраціўлення
Электрычнасць і тая гатова абраць.
Што ж у вас выклікае здзіўленне?
Падумаў мужык і дайшло,
Чаму забалела чало:
Уцяміў, што ў кожным сяле
Начальнік стаіць на чале.
Шмат было чыноўнікаў і чыннікаў.
Мы змянялі нават і багоў...
Ды ўсё мерзнуць шыі без ашыйнікаў
І няўтульна нам без ланцугоў.
Расейская папса араваю
На нашы святы налятае,
Але тутэйшы people хавае
І з асалодаю глытае.
Шлях да шчасця зноў прамы,
Ды гаворка ўсё пра “мы”.
Як забудземся пра “я” мы –
Скрозь калдобіны ды ямы!
Куды ні глянеш – пералескі.
Па ўсёй зямлі лясы сякуць,
Ды толькі ў нас чамусьці трэскі
Заўсёды ад людзей лятуць.
Здзіўляем цэлы свет сваім пачынам –
Уласны дом будуем дзіўным чынам:
У нашым доме толькі тры сцяны.
Няўтульна. Дзьме... Ды газ – за чвэрць цаны!
Штодзённа мы чуем і злева, і справа:
“Спадарства, палітыка – брудная справа!”–
Крычаць ад уладнай кармушкі клікушы.
Саміх ад яе не адцягнеш за вушы.
Мне здаецца, што нешта праспалі мы,
Калі ў будучынь ладзілі гаць:
Нашы ўлады на Лініі Сталіна
Сталі й будуць да смерці стаяць!
Няўжо ў нас запануе немата
І хутка нават мяўкнуць будзе цяжка?
На кожнага свабоднага ката –
Свабодныя і кат і каталажка.
Люд лёгка даруе любую хлусню –
Выснова даступная нават каню.
А вось, калі праўду паможаш убачыць,
Ніколі ў жыцці наш народ не прабачыць!
Георгій Ліхтаровіч