Эдвард Дмухоўскі сёння наведаў паводле позвы абласную ўправу Камітэта дзяржаўнай бяспекі, дзе атрымаў папярэджанне аб недапушчальнасьці дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Супрацоўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Гродзенскай вобласці Алег Жывушка, які праводзіў размову, цікавіўся ў Эдварда Дмухоўскага яго грамадскай дзейнасцю і ўдзелам у шэрагу мерапрыемстваў, зарганізаваных дэмакратычнымі сіламі. Акрамя гэтага чэкіст спрабаваў высветліць, ці не з’яўляецца грамадскі актывіст замежным шпіёнам і якую пабудову маюць арганізацыйныя структуры руха «За свабоду». На думку Эдварда Дмухоўскага, супрацоўнік КДБ Алег Жывушка меў на мэце аказаць на яго псіхалагічны ціск:

- Зразумела, што калі супрацоўнік КДБ паміж іншым у размове ўзгадвае, што ў выпадку ўдзелу ў тым ці іншым несанкцыянаваным мерапрыемстве мяне чакае крымінальная адказнасць, гэта можна разглядаць не інакш, як спробу аказаць псіхалагічны ціск. Не выключана таксама, што захады КДБ звязаны непасрэдна з актыўнымі дзеяннямі гродзенскага руха “За свабоду”, які на працягу апошняга часу зладзіў у горадзе шэраг мерапрыемстваў культурніцка-нацыянальнага накірунку.

Пасля размовы супрацоўнік КДБ пад роспіс азнаёміў Эдварда Дмухоўскага з наступствамі, якія яго чакаюць у сувязі з магчымымі супрацьпраўнымі дзеяннямі і паведаміў, што ў выпадку парушэння артыкула 342 Крымінальнага кодэкса дакументы будуць перададзеныя ў пракуратуру для далейшага разбіральніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?