Выступаючы на пасяджэнні Беларускай асацыяцыі прамысловых прадпрыемстваў у Менску, першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка зрабіў шэраг заяў наконт развіцця беларускай эканомікі.

Сямашка прызнаў, што ў Беларусі "цяжкая падатковая сістэма" і падатковая нагрузка вышэйшая за расейскую. "Але мы паступова зніжаем падатковую нагрузку пры тым, што ПДВ сёлета мы не паднялі. І далей будзе такі самы рух", – сказаў ён, падкрэсліўшы, што цяпер у Беларусі распачатая праца па фармаванні бюджэту краіны на 2009 год і ведамствы павінны ўносіць прапановы па аптымізацыі заканадаўчай базы. Гэтыя прапановы павінны быць занесеныя да красавіка – траўня гэтага года.

У праграме імпартазамяшчэння Беларусі ёсць перагіны

Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка лічыць, што ў Беларусі дапускаюцца перагіны ў рэалізацыі дзяржаўнай праграмы імпартазамяшчэння: "У дзесяцімільённай краіне на 100% немагчыма ўсё вырабляць у сябе, і ў праграме імпартазамяшчэння ёсць перагіны. Дзяржкантроль лічыць, што ад ніта да канчатковай прадукцыі трэба ўсё рабіць у сябе. Але гэта перагін".

Ён падкрэсліў, што Беларусь павінна выбудоўваць кааперацыйныя сувязі з прамысловасцю іншых краін. "Найперш, мяне хвалюе Расея. Ёсць маса цывілізаваных метадаў закрыць пастаўкі. Як гэта і атрымалася з цукрам. Мы ж прапануем супрацоўніцтва і рэальную кааперацыю. Трэба выбудоўваць нармальныя ўзаемаадносіны з Расеяй на ўзроўні ўрада вырашаць пытанне прамысловай кааперацыі", – лічыць першы віцэ-прэм'ер.

У.Сямашка зазначыў, што сёння прадстаўнікі буйнога расейскага бізнэсу прыходзяць у Беларусь "з пункту гледжання нешта купіць, што ў Беларусі дрэнна валяецца". У.Сямашка лічыць такую пазіцыю няправільнай і перакананы ў магчымасці выбудоўвання раўнапраўных дзелавых стасункаў з расейскімі кампаніямі.

Палегчыцца працэдура правядзення тэндэраў

У Беларусі плануюць палегчыць працэдуру правядзення тэндэраў для прампрадпрыемстваў, заявіў У.Сямашка: "Рыхтуюцца змяненні ва ўказ прэзідэнта аб правядзенні тэндэраў. Гэтыя змяненні будуць прынятыя цягам месяца, і дырэктары будуць мець магчымасць самі праводзіць тэндэрныя закупы абсталявання". Ён адзначыў, што ў Беларусі працэдура правядзення тэндэрных закупаў абсталявання з'яўляецца працяглай і складанай і патрабуе ўзгаднення ў шматлікіх міністэрствах і ведамствах. "Калі на шляху пераўзбраення прадпрыемстваў стаіць перашкода ў выглядзе тэндэраў, якія праводзяцца гадамі, гэтую перашкоду трэба ліквідаваць, і гэта будзе зробленае ў самы блізкі час", –сказаў віцэ-прэм'ер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?