Асобы ў цывільным затрымалі на Будслаўскім фэсце двух удзельнікаў у саколках з нацыянальнай сімволікай, паведаміў «Нашай Ніве» прадстаўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Пракаповіч.
Удзельнікі — імаверна, гэта былі бацька і сын — былі затрыманыя людзьмі ў цывільным з рацыямі і адпраўленыя ў пастарунак міліцыі. Там палкоўнік міліцыі Юрый Жалубоўскі, намначальніка аддзела ўнутраных спраў Мядзельскага райвыканкама правёў з затрыманымі гутарку, падчас якой было заяўлена, што «не трэба пераўтвараць рэлігійнае мерапрыемства ў палітычнае», распавёў Павал Пракаповіч, які быў сведкам здарэння.
Пад канвоем амапаўцаў вернікаў вывелі за тэрыторыю фэсту да іх аўтамабіля.
Прадстаўнікі ўладаў не пыталіся меркавання арганізатараў Будслаўскага фэста, ці бачаць яны ў патрыятычнай сімволіцы «палітыку».
Свята Маці Божай Будслаўскай у гэтым годзе наведалі больш за 10 тысяч чалавек, у тым ліку 3000 пешых пілігрымаў.
Вялікая частка ўдзельнікаў, збольшага моладзь, была апранутая ў дзень свята ў вышытыя беларускія кашулі і іншую вопратку з нацыянальным арнаментам і сімволікай.