«Oxi» — гэта «не», а «Nai» — так.

«Oxi» — гэта «не», а «Nai» — так.

У Грэцыі ў нядзелю прайшоў рэферэндум аб стаўленні да пазіцыі крэдытораў у асобе Еўрагрупы, Еўрапейскага Цэнтрабанка і МВФ. У выніку краіна, у якой 81% выбаршчыкаў хацеў бы застацца ў зоне еўра, упершыню можа пакінуць адзіную валюту з-за нежадання выконваць супольныя бюджэтныя правілы. Выхад Грэцыі з еўразоны можа выклікаць падзенне еўра і перыяд хаосу на фінансавых рынках.

Прыхільнікі «не» цешацца. Але каб не прыйшлося ім хутка гараваць. Фота «Тэлеграф».

Прыхільнікі «не» цешацца. Але каб не прыйшлося ім хутка гараваць. Фота «Тэлеграф».

Яўка на рэферэндуме склала 61%.

Ва ўсіх рэгіёнах грэкі сказалі «не».

Ва ўсіх рэгіёнах грэкі сказалі «не».

Пытанне ў бюлетэнях для галасавання сфармулявана было досыць мудрагелістым чынам:

«Ці павінен быць прыняты план пагаднення, прадстаўлены Еўрагрупе 25 чэрвеня Еўрапейскай камісіяй, Еўрапейскім цэнтральным банкам і Міжнародным валютным фондам і які складаецца з дзвюх частак, якія прадастаўляюць іх сумесную прапанову? Першы дакумент азагалоўлены «Рэформы для завяршэння бягучай праграмы і пасля яе», а другі — «Папярэдні аналіз ўстойлівасці доўгу».

Удзельнікі рэферэндуму павінны выбраць адзін з двух варыянтаў адказу: «Не ўхвалена/не» альбо, ніжэй, «ухвалена/так».

Эксперты адзначаюць, што гэта быў той рэдкі выпадак, калі адказ «не» ў бюлетэнях ішоў спачатку, а толькі потым ідзе адказ «так».

Рада Еўропы заявіла, што не можа лічыцца аб'ектыўным рэферэндум, абвешчаны за тыдзень да яго правядзення.

Вечарам у цэнтры Афінаў збіраюцца святкаваць «перамогу» над ЕС

Вечарам у цэнтры Афінаў збіраюцца святкаваць «перамогу» над ЕС

Вынікі рэферэндуму могуць прывесці да выхаду Грэцыі з еўразоны, хоць Цыпрас запэўнівае, што размовы пра выхад з Еўразоны не ідзе. 

Вядома, што ў панядзелак канцлерка Германіі Ангела Меркель правядзе ў Парыжы тэрміновую сустрэчу з прэзідэнтам Франсуа Аляндам. У аўторак мае адбыцца экстранны саміт Еўрасаюза.

Рэферэндум быў нечакана прызначаны прэм'ерам Грэцыі Алексісам Цыпрасам у мінулую суботу, 27 чэрвеня, пасля марных перамоваў з Еўрагрупай. Эксперты выказалі сумнеў у аб'ектыўнасці такога рэферэндуму, што ладзіўся ў кароткія тэрміны.

30 чэрвеня Грэцыя не змагла заплаціць доўг ЕС, што паставіла крыж на далейшай праграме дапамогі. Як заявіў 2 ліпеня кіраўнік Еўрагрупы (група міністраў фінансаў краін еўразоны), міністр фінансаў Нідэрландаў Ерун Дэйселблум, «не» на рэферэндуме не дапаможа Грэцыі.

Дэйселблум заявіў, што такі вынік рэферэндуму паставіць і Грэцыю, і Еўрасаюз у вельмі складаную сітуацыю. «Грэчаскі ўрад адхіляе ўсё, мяркуючы, што калі вы прагаласуеце «не», вы атрымаеце лепшыя ці менш жорсткія ўмовы або, больш «сяброўскі» пакет прапаноў. Гэтая здагадка проста няправільная», — заявіў кіраўнік Еўрагрупы 2 ліпеня.

Грэчаскія банкі па-ранейшаму не працуюць, пасля таго як у панядзелак Еўрапейскі цэнтрабанк абмежаваў ім фінансаванне на павышаным узроўні, якога, аднак, для патрэба Грэцыі замала. Працуюць толькі некаторыя аддзяленні, для таго каб дазволіць пенсіянерам здымаць са сваіх рахункаў да 120 еўра ў тыдзень. Многія пенсіянеры ў Грэцыі не карыстаюцца электроннымі банкаўскімі картамі.

Разам з тым Грэцыя не можа вярнуцца да неадкладнага друку драхмаў, бо ў краіне больш няма адпаведных друкаваных станкоў, заявіў у чацвер міністр фінансаў краіны Яніс Варуфакіс.

Як растлумачыў чыноўнік, у 2000 годзе, калі Грэцыя ўступіла ў еўразону, улады краіны паспяшаліся пазбавіцца ад станкоў для друкавання драхмаў, бо былі ўпэўненыя, што цяпер у краіне заўсёды будзе ў абароце адзіная еўрапейская валюта.

У банкаматах грэкі маглі зняць максімум 60 еўра ў дзень, але рэальна сума знізілася да 50 еўра, бо ў банкаматах скончыліся купюры ў 20 еўра. Ходзяць чуткі, што з дня на дзень у некаторых банках могуць зусім скончыцца сродкі. 

Калі Грэцыю чакае хаос, ён зачэпіць усю Еўропу. Краіна ўваходзіць у шэнгенскую зону, а палітычныя пытанні ў ЕС рашаюцца кансэнсусам. Калі Алексіс Цыпрас пойдзе ва ўсе цяжкія, хістаць можа ўвесь кантынент. Напрыклад, Грэцыя ўжо раней пагражала выступіць супраць санкцый супраць Расіі з прычыны агрэсіі ва Украіне. 

«Цяжка дапамагчы Грэцыі супраць волі яе народу і ўрада, які жыве ў паралельным свеце», — напісаў у Твітары міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.

У Грэцыі часоў Еўрасаюза стварылі сістэму, пры якой людзі масава працуюць на блатных дзяржаўных пасадах, дзе нічога не трэба рабіць. Пры гэтым пенсійны ўзрост там таксама на 5—7 гадоў ніжэйшы за, дапусцім, германскі. А сацыяльныя дапамогі высокія і ніхто не правярае іх абгрунтаванасць. У выніку многія «сляпыя» ў Грэцыі адначасова атрымлівалі ад дзяржавы дапамогу па інваліднасці і… працавалі кіроўцамі таксі.

Спачатку гэты «сацыяльны кантракт» фінансаваўся з субсідый Еўрасаюза. ЕС на многае заплюшчваў вочы, бо Грэцыя была непатапляльным авіяносцам на мяжы савецкага блока, а пасля каб не дапусціць збліжэння краіны з Расіяй.

Калі першапачатковыя датацыі ЕС для выраўноўвання ўзроўню развіцця скончыліся, Грэцыя акурат уступіла ў еўразону і пачала хапаць танныя — для краін зоны еўра — крэдыты. 

Крэдытаў набралася пад завязку, тады па чарзе сацыялістычны і кансерватыўны ўрады сталі фальшаваць статыстыку, каб браць новыя. Урэшце калі грымнуў сусветны фінансавы крызіс дзе коратка, там і парвалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?