Намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч зьняпраўдзіла паведамленьні аб тым, што ўлады прапаноўвалі Аляксандру Казуліну свабоду ў абмен на эміграцыю.

Паводле Н. Пяткевіч, такія заявы варта расцэньваць як «прававую непісьменнасьць ці палітычную спэкуляцыю». У інтэрвію «Інтэрфаксу» намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта падкрэсьліла, што «паводле заканадаўства магчымыя толькі два шляхі датэрміновага вызваленьня зь месцаў пазбаўленьня волі: вызваленьне ад адбываньня пакараньня, і тады чалавек робіцца вольным, ці замена пакараньня на больш мяккае… Вызваленьне з прымусовым накіраваньнем у іншую краіну — гэта поўны абсурд».

Н. Пяткевіч паведаміла, што «да прэзыдэнта сапраўды зьвярталіся дыпляматычныя прадстаўнікі і дзяржаўныя дзеячы замежных дзяржаваў з просьбай даць магчымасьць Казуліну суправаджаць яго жонку за мяжу на лячэньне».

Паводле намесьніцы кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі, «зыходзячы з гуманных меркаваньняў, з улікам выключных абставінаў наша краіна пацьвердзіла гатовасьць пайсьці на гэты крок. Асуджаны адмовіўся, гэта ягонае права».

Натальля Пяткевіч заявіла, што «дзяржава ў складанай для гэтай сям’і сытуацыі павяла сябе годна і гуманна. Тое, што цяпер пачынаюць спэкуляваць на гэтай тэме, прынамсі неэтычна».

Словы Натальлі Пяткевіч камэнтуе аглядальнік радыё «Свабода» Юры Дракахруст:

З тлумачэньняў Натальлі Пяткевіч засталося незразумелым, якому ж з названых ёй законных шляхоў датэрміновага вызваленьня зь месцаў пазбаўленьня волі адпавядаў «гуманны і годны крок» беларускіх уладаў. Калі першаму, гэта значыць вызваленьню ад адбываньня пакараньня, то чаму гэтае вызваленьне ўлады зьвязвалі з паездкай Казуліна з жонкай у Нямеччыну? Вызвалілі б, а там ужо ён бы сам вырашаў, што яму рабіць.

Калі размова ішла пра замену пакараньня на больш мяккае, то на якое? Хіба што Казуліну прапанавалі зьезьдзіць з жонкай у Нямеччыну на лячэньне, а потым вярнуцца за краты. Калі так, то гэтая прапанова якраз і была выштурхоўваньнем палітыка з краіны «па змаўчаньні».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0