Па выніках кастынгу на тэлеканале АНТ абраны новы тэлевядучы праграмы «Контуры». Ім стаў 44-гадовы расеец Ілля Коласаў.

Фота Kp.by

Фота Kp.by

Ён змагаўся за месца з Вікторыяй Язерскай (вядучая БТ, якая ў крызіс з'ехала працаваць на расійскі «Лайфньюз», а пасля вярнулася ў Беларусь) і адным з топ-менеджараў АНТ Русланам Паддубскім.

Інтэрв'ю Коласава са спікерам палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.

Апошнім часам Коласаў працаваў шэфам еўрапейскага бюро расейскамоўнага міжнароднага тэлеканала RTVi і жыў у Берліне.

Пасля заканчэння Санкт-Пецярбургскага інстытута кіно і тэлебачання па спецыяльнасці «гукарэжысёр» (1995) ён працаваў палітычным аглядальнікам на «Радыё Расіі», а ў 2000—2013 — вядучым навіновай праграмы «Падзеі» на расійскім тэлеканале «ТВ Цэнтр».

У 2000-я ягоную праграму на «ТВ Цэнтры» лічылі крытычна настроенай да расійскай улады, аднак з цягам часу ён стаў прыхільнікам жорсткай палітыкі Уладзіміра Пуціна: «Патрэбны той, хто, усвядоміўшы, што нейкі чалавек перашкаджае дасягненню мэтаў, якія стаяць перад краінай, — прыняў бы гэтага чалавека з палітыкі рашуча і жорстка. У гэтым сэнсе я радыкал».

«Я кансерватар ў плане жыццёвых каштоўнасцяў. Пры гэтым, чорт вазьмі, радыкал ў плане іх дасягнення. Напрыклад, люблю рэвалюцыю. Таму што некаторых людзей, прабачце, прасцей забіць, чым растлумачыць, чаго ад іх хочуць», — перакананы Коласаў.

Фота Kp.by

Фота Kp.by

Тэлевядучы называў сябе прыхільнікам Уга Чавеса: «Проста ён з людзей, якія мне сімпатычныя. Рызыкуючы наклікаць на сябе непрыязнасць людзей, якія б назвалі сябе лібераламі ці дэмакратамі, скажу: асабіста я да Чавеса стаўлюся з пашанай. Таму прывёз сабе з Каракаса бейсболку з профілем венесуэльскага Чэ. Палічыўшы, што ў нас матрыцы каштоўнасцяў супадаюць. Мне гэтаксама сімпатычны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка».

Коласаў — аўтар канспіралагічных фільмаў «Бе$ценный доллар» і «Бе$ценный доллар — 2» пра амерыканскую валюту, якая несправядліва заняволіла свет.

У інтэрв'ю тэлевядучага часта ўзнікае тэма нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. «Сучасная мода — гэта здзек гомасексуалістаў з дзяўчат. Таму часу на яе я не марную», — расказваў ён.

Коласаў хваліўся, што сябар апісаў яго наступным чынам: «Рэдкі мужчынскі твар на нашым блакітным экране». «Прыгожа сказаў. Мне было прыемна. Па-мойму, мяне цяжка западозрыць у няправільнай арыентацыі», — пракаментаваў Коласаў.

Ад першага шлюбу ён мае двух сыноў, яны жывуць у Расіі. У Беларусь Коласаў перабраўся з новай сям'ёй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?