Еўрапарламент заклікаў беларускія ўлады вызваліць апазіцыйнага палітыка Аляксандра Казуліна і перагледзець прысуд журналісту Аляксандру Здвіжкову. Адпаведная рэзалюцыя была аднагалосна прынята 21 лютага ў межах чарговай сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу.

Еўрапарламентарыі выказалі «глыбокае шкадаванне» ў сувязі з тым, што сітуацыя ў сферы дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону ў Беларусі не паляпшаецца, «ідзе ўразрэз з апошнімі заявамі беларускага ўрада аб гатоўнасці палепшыць адносіны з Еўрасаюзам».

У рэзалюцыі асуджаюцца арышты і адлічэнні з універсітэтаў актывістаў апазіцыі, якія пачаліся за акцыяй салідарнасці 16 студзеня ў Мінску. Апрача таго, еўрадэпутаты асудзілі той факт, што Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе датэгуль прымяняецца пакаранне смерцю. У дакуменце ўтрымліваецца заклік да афіцыйнага Мінска спыніць пераслед апазіцыі.

Разам з тым Еўрапарламент вітаў датэрміновае вызваленне некаторых апазіцыйных палітыкаў, а таксама рашэнне беларускіх уладаў аб адкрыцці ў Мінску прадстаўніцтва Еўракамісіі. Пры гэтым у рэзалюцыі нагадваецца, што ўмовы для ўключэння Беларусі ў Еўрапейскую палітыку добрасуседства былі акрэслены ў стратэгіі ЕС у лістападзе 2006 года.

Еўрапейскія дэпутаты таксама выказаліся за неабходнасць прытрымлівацца стандартаў АБСЕ пры арганізацыі кампаніі па выбарах у парламент, якая пройдзе ў Беларусі восенню 2008 года. У прыватнасці, падкрэсліваецца неабходнасць даць прадстаўнікам апазіцыі доступ да выбарчых камісій, зарэгістраваць усіх кандыдатаў і іх назіральнікаў, не ствараць перашкод дзейнасці міжнароднай назіральнай камісіі.

Еўрапарламент выказаў салідарнасць з аб\’яднанымі дэмакратычнымі сіламі Беларусі і «ўсімі беларусамі, хто імкнецца да незалежнай, адкрытай, дэмакратычнай Беларусі, заснаванай на вяршэнстве закону».

Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі Камісію і Савет Еўрасаюза разгледзець магчымасць зрабіць шэнгенскія візы для беларусаў бясплатнымі. Паводле меркавання парламентарыяў, краіны — члены Шэнгенскага дагавора павінны выкарыстоўваць усе магчымыя інструменты, у тым ліку нацыянальныя візы, каб аблегчыць перамяшчэнне беларусаў унутры кожнай з краін, асабліва — для дзяцей ва ўзросце менш за шэсць гадоў, вучняў, студэнтаў, аспірантаў, навуковых работнікаў.

Еўрапарламент таксама заклікае ўсю міжнародную супольнасць аказваць больш значную дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці — павялічыць фінансавую падтрымку незалежных СМІ Беларусі, няўрадавых арганізацый і беларускіх студэнтаў, якія вучацца за мяжой.

Тэкст рэзалюцыі па Беларусі будзе накіраваны ў Савет і Камісію ЕС, парламенты і ўрады 27 краін — членаў Еўрасаюза, генеральнаму сакратару ААН, у парламенцкія асамблеі АБСЕ і Савета Еўропы, а таксама беларускім уладам.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0