29.07.2015 / 20:25

Пра «гуманітарную катастрофу» постсавецкага грамадзтва Абмяркоўвайце! 7

У галовах большасьці постсавецкіх людзей, як расейцаў, так і ня толькі іх, утварылася грымучая сумесь вульгарнага матэрыялізму і нацыяналістычнай фантастыкі. З такім багажом мы «увязли в борьбе», піша Алесь Чайчыц.

Расейска-амэрыканская публіцыстка Маша Гесэн бліскуча, на мой погляд, пракамэнтавала адзін зь нядаўніх публіцыстычных артыкулаў з расейскай «Комсомольской правды» пра тое, што нібыта адбываецца ў сучасным сьвеце:

«Я очень редко ставлю ссылки на подобные вещи, но мне кажется, это стоит прочитать. В чистом виде — ХХІ век глазами умного, образованного человека из XVII века. Он умеет рассуждать и выстраивать логические связи, так что свое средневековое восприятие мира доносит эффективно. Для тех, кому лень читать, сверхкраткий пересказ: миром правит декаденствующая элита родом из Голливуда; если потерять бдительность, то можно всей страной попасть в ее лапы и следовательно вступить в однополый брак. Голливуд важен, потому что фильмы обладают магической силой (средневековый человек не может отделить их от реальности), то есть они буквально формируют действительность как целых стран, так и отдельных людей — например, кто сыграет ведьму, та умрет от рака мозга. Вот».

У СССР быў вельмі добры ўзровень вышэйшай тэхнічнай і матэматычнай адукацыі. Савецкая фізмат-школа — гэта тое, што стварыла постсавецкія ІТ і тэлекамунікацыі, адзіныя канкурэнтаздольныя сэктары сучаснай беларускай і расейскай эканомікі, не зьвязаныя з эксплюатацыяй прыродных рэсурсаў.

Хваля адукаваных эмігрантаў з былога СССР дала новы імпульс разьвіцьцю замежных цэнтраў дакладнай навукі і ІТ-індустрыі, як Ізраіль і амэрыканская Крэмніевая даліна. Больш за гэта, многія выбітныя савецка-расейскія гуманітарыі-самародкі — паэты, пісьменьнікі і мысьляры — выйшлі менавіта з тэхнічнай інтэлігенцыі: ад братоў Стругацкіх, Андрэя Сахарава і Аляксандра Салжаніцына да Барыса Грабеншчыкова.

Куды больш сьціплымі былі посьпехі савецкіх «прафэсійных» гуманітарыяў. Бо гуманітарнай навукі як сфэры мысьленьня пра пошук сэнсу, кірункаў і спосабаў арганізацыі жыцьця аднаго чалавека і ўзаемажыцьця многіх людзей, пра асэнсаваньне і пераасэнсаваньне арыенціраў і каштоўнасьцяў, у СССР як такой не было. Не было філязофіі, не было сацыялёгіі, не было палітычнай навукі, эканомікі, правазнаўства і паўнавартаснай гістарычнай навукі. Была толькі таталітарная ідэалёгія марксізму-ленінізму, якая мела ўнівэрсальныя адказы на ўсе пытаньні. Савецкая гуманітарная навука палягала не ў пошуку і пераасэнсаваньні, а ў тлумачэньні зьяваў ў адпаведнасьці з догмамі савецкай ідэалёгіі. Марксізм-ленінізм часам ставіў палкі ў колы і прыродазнаўчым навукам, але ідэалягічныя перашкоды кшталту забароны генэтыкі ці кібэрнэтыкі там хутчэй былі выключэньнем, чым правілам.

Першым, што мяне калісьці ўразіла, калі я ўпершыню сутыкнуўся з заходняй гуманітарнай адукацыяй, было тое, як адну і тую ж зьяву (міжнародныя адносіны) нам на лекцыях на абсалютна раўнапраўных асновах раскладалі з розных пунктаў гледжаньня, падкрэсьлена не адказваючы на пытаньне «ну а як жа ж яно на самой справе?». Адныя думаюць так, другія думаюць гэтак. А ты думай сам.

У той жа час у маёй роднай альма матэр, адным з найбольш прэстыжных расейскіх эканамічных унівэрсытэтаў, ужо ў студэнцкія гады выклікала ўсьмешку, як савецкага гарту выкладчыца філязофіі па звычцы тлумачыла, што Арыстотэль ці Плятон «не разумелі» аднаго ці «так і не дадумаліся» да другога. Так і не дасягнулі, маўляў, вяршынь мудрасьці Леніна і Маркса.

І такіх адрозьненьняў — сьвет: такога разыходжаньня ў сьпісах прачытанай літаратуры, у засвоеных на ўзроўне мэнтальнасьці рэчаў, у згубленых намі і ня згубленых на Захадзе хрысьціянскіх каштоўнасьцяў — «не забівай», «не крадзі», «не сьведчы фальшыва», «любі бліжняга свайго».

Ува што мы верым

Ёсьць жарт пра тое, што каб стаць інтэлігентам, трэба скончыць тры ўнівэрсытэты: адзін ты, адзін — твой бацька і адзін — твой дзед. Тое самае з каштоўнасьцямі: калі нашыя бацькі пад прымусам маўчалі, хлусілі і верылі ў клясавае мысьленьне за часамі Гарбачова і Брэжнева, а дзяды пад прымусам маўчалі, хлусілі і верылі ў клясавае мысьленьне за часамі Хрушчова і Сталіна, то мы, атрымоўваецца, толькі першыя, хто можа нясьмела паспрабаваць думаць іначай, робячы памылкі, адкатваючыся назад. Ці пачынаючы верыць у рэчы, горшыя за марксізм-ленінізм.

Вынікам савецкага таталітарызму стала грамадзтва людзей, якія могуць сканструяваць касьмічны карабель ці атамную бомбу і пры гэтым верыць у жыдамасонскую змову і Сусьветны Ўрад. Людзей, падкаваных тэхнічна, але чыё гуманітарнае разьвіцьцё знаходзіцца на узроўне вучня сярэдняй школы. Гэта выбуховая сумесь.

Самае страшнае, што кактэйль з забабонаў і кансьпіралёгіі, які апісала Маша Гесэн, — гэта, мяркуючы па ўсім, менавіта тое, што знаходзіцца ў галовах значнай і найбольш уплывовай часткі цяперашняй расейскай эліты. Сьветапогляд гэтых людзей надзейна сфарміраваўся з сумесі савецкай палітінфармацыі, бульварнай калянацыяналістычнай фантастыкі, вонкавых атрыбутаў праваслаўя і асабістага вопыту «ліхіх 90-х».

Ад адцэнзураванага савецкімі ідэолягамі Маркса ў іх засталося толькі ўяўленьне, што сьветам кіруюць грошы і што «няма такога злачынства, на якое б капіталіст не пайшоў дзеля 300% прыбытку». Прычым, «пайсьці на злачынства дзеля 300% прыбытку» імі разглядаецца як нармалёвая зьява: пры капіталізьме ж жывём.

Нядаўна памерлы Яўгеній Прымакоў адносіўся да іншага пакаленьня — пакаленьня сьвядомых, больш-менш ідэйных застойных камуністаў. Такія людзі былі архітэктарамі гэтай прапагандысцкай міталёгіі, якой яны апраўдвалі існаваньне савецкай дыктатуры ў супрацьстаяньні заходняму сьвету.

Калі кіраваць пачалі іхныя былыя малодшыя вучні, надышоў этап, калі зьмяя пачала атручвацца сваім уласным ядам: эліты пачалі верыць уласнай прапагандзе і бачыць сьвет у скажоным празь яе выглядзе. Паралельна цягам нулявых гадоў гэтыя людзі атрымалі сабе ў рукі гіганцкія матэрыяльныя рэсурсы, якія замацавалі іхную веру ўва ўласныя рацыю, усёдазволенасьць і беспакаранасьць.

Вайна ва Ўкраіне сталася найбольш вострай формай гэтай хваробы, калі вынікі пасьлясавецкай інтэлектуальнай і маральнай дэградацыі Расеі прынялі адкрытую форму і ператварыліся ў паўнавартасную пагрозу міжнароднай бясьпецы.

Пра нявывучаныя ўрокі

Усё ж быцьцё не абавязкова вызначае сьвядомасьць, а хутчэй за ўсё роўна наадварот. Можна з нуля пабудаваць багатае і пасьпяховае грамадзтва, калі закласьці ў яго падмурак правільныя інстытуты і каштоўнасьці. Але ад выпадкова атрыманага багацьця інстытуты самі па сабе не зьявяцца. Хутчэй, багацьце аднойчы скончыцца, і грамадзтва апынецца ля разьбітага карыта, каб рабіць высновы.

«Гуманітарная катастрофа» на постсавецкай прасторы палягае ў тым, што ў нашых галовах замест каштоўнасьцяў — вульгарны агрызак марксізму, грубы матэрыялізм і кансьпіралёгія, набор прымітыўных і абмежаваных тэорыяў, якія даюць тлумачэньне ўсяму на сьвеце і зь якіх вельмі складана вызваліцца.

За 15—20 гадоў расейцы навучылася есьці сушы палачкамі, разьбірацца ў курортах Францыі, апранацца па заходнеэўрапейскай модзе (а некаторыя — нават складаць бізнэс-пляны і будаваць фінансавыя мадэлі), але ўнутрана так і не пасьпелі засвоіць навыкі і каштоўнасьці, якія ўласьцівыя жыхарам разьвітых краінаў і якія зьяўляюцца крыніцай заходняга дабрабыту.

Дармовае багацьце 2000-х апынулася для нас толькі праклёнам, і мы не змаглі зрабіць зь ім і з часам, які ён нам падараваў, нічога лепшага, як разбазарыць.

Мы павінны былі «здаганяць і пераганяць» Захад, «вучыцца, вучыцца і вучыцца» ад яго, як перад намі гэта рабілі японцы, карэйцы, кітайцы і заходнія немцы. Трэ' было пераймаць на Захадзе ягоныя сакрэты і know-how. Якія, як высьвятляецца, насамрэч палягалюць не ў тэхналёгіях, а перадусім ў гуманітарнай сфэры:

перадусім, у каштоўнасьцях свабоднага і дэмакратычнага грамадзтва, пабудаванага на такіх рэчах, як давер, законнасьць, сумленнасьць і на іншых паняцьцях, якія ў няшчаснай і разьняверанай постсавецкай сьвядомасьці прынята лічыць выключна прыкрыцьцём для крымінальных матэрыяльных мэтаў.

У выніку вайны супраць Украіны Расея імкліва ідзе да патрэбы паўтараць нявывучаныя з 1991 году ўрокі зноў, будучы ўжо стрыножанай санкцыямі, шматмільярднымі міжнароднымі судовымі штрафамі, і агульным інстытуцыянальна абумоўленым эканамічным крызісам. Без радыкальных рэформаў і нармалізацыі адносін з астатнім сьветам гэтаму немагчыма даць рады. А рэформаў пакуль і ня будзе. Хутчэй, будзе наадварот толькі горш, толькі новыя законы то пра забарону імпарта харчаваньня, то пра «непажаданыя арганізацыі», то пра лякалізацыю грашовых разьлікаў і абмежаваньні на выкарыстаньне замежнага software. «Этот поезд в огне, и нам не на что больше жать».

Прыйдзе час, і гісторыя, канечне ж, дасьць расейцам і беларусам новы шанец — замест таго, які мы змарнавалі ў 1991-м. Але хай нам ужо з другога разу ўдасца.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Алесь Чайчыц

0
Пятро Касьнерык / Адказаць
29.07.2015 / 20:38
Чайчыц--Без радыкальных рэформаў... ====== харе пужаць народ! Гісторыя СССР. 7 клас, 1972 г., с. 177 «У XVII -- першай палавіне XVIII ст. у Заходняй Еўропе адбываліся падзеі вялікага значэння. Феадалізм зжываў сябе, старэў. Яму на змену ішоў новы, у той час ПРАГРЭСІЎНЫ ГРАМАЦКІ ЛАД — КАПІТАЛІЗ. Як вы ведаеце з курса гісторыі сярэдгіх вякоў, капіталістычныя алносіны нараджаліся ў радзе краін Заходняй Еўропы яшчэ ў XVI ст. Мы ўжо ўспаміналі аб Нідэрландскай рэвалюцыі XVI ст. -- самай ранняй з БУРЖУАЗНЫХ РЭВАЛЮЦЫЙ, якая прывяла да ўтварэння Галандскай буржуазнай рэспублікі.Пры капіталізме НЯМА феадальнай ЗАЛЕЖНАСЦІ СЕЛЯНІНА ад памешчыка”.
0
Руды Тамаш / Адказаць
29.07.2015 / 21:15
Перафразуючы Гесэн, артыкул - погляд на постсавецкага чалавека вачыма разумнага, адукаванага постсавецкага чалавека, якія дагэтуль жыве пад уплывам масавай ідэалогіі, хай сабе такой вытанчанай і салодкай як лібералізм. Між тым, заходняя цывілізацыя стагоддзямі захоўвала сваё ядро са здаровага буржуазнага сэнсу, хрысціянскай этыкі і веры і рымскага права. Менавіта таму яна паспяхова адаптавала да сваіх патрэб і ўрэшце перамалола ўсе "ізмы", якімі інтэлектуалы спакушалі грамадства. Аж во постсавецкія ўсё шукаюць нейкай вышэйшай праўды. Хто папрасцей - у спажывецтве, хто выкшталцоней - у гумдысцыплінах. Вось і тут артыкул вельмі талковы. Так і хочацца узяць які онлайнавы курс па сацыялогіі ці праблемах меншасцяў, каб знайсці адказы на пытанні і не адчуваць сябе ubermensch'амю
0
Мордехай В. / Адказаць
29.07.2015 / 21:53
1) А калі наогул было інакш? Расія толькі меньш за 40 год была актуальнай еўрапейскай цывілізацыі - з 1870хх да японскай вайны. Вось гэты перыяд - выключэнне. Менавіта тады нарадзілася ўся тая вялікая руская культура, навуковыя дзеячы і мастакі, якая была на сусветным узроўні. Якая потым і ў Лонданах ды Оксфардах не марнавалася. Чаму? Таму што будавалі чыгунку і тэлеграф. Краіна адкрывалася! Шпарка вырастаў абмен інфармацыяй, прыходзіў капітал, і там-сям неабходныя актуальныя інстытуты... І памятаеце, якая была рэакцыя рускага народу??? Колькі мільёнаў людзей? 2) Савецкае грамадства і вучылася заходнім тэхналогіям. Яшчэ як! Пераймала ўсе сакрэты і ноў-хаў, якія магла. Ад сінтэза да кавамолкі. Але цікавілася больш як зброю вырабляць. Таму што парадыгмай быў перманентны канфлікт. Гэта было закрытае грамадства, у якім любы абмен інфармацыяй рэгламентаваўся на ўсіх узроўнях, амаль як у якой імпэрыі інкаў 1000 гадоў таму. Асабліва са знешнім светам, без якога СССР жыць не мог, але з якім ваяваў (бо працавала экстэнсіўная мадэль ракавай пухліны - альбо расці, альбо здохнуць). Абмен каштоўнасцямі - рынак - туды ж. У СССР рынка не было - усё дыктавалася з Масквы па параметрах іх сімплекс-таблічак, таму ў народа былі свае паралельныя інстытуты. Блат, лявак, кантрафакт. 3) Атамная зброя, як найвялікшае дасягненне - вось нават у гуманітарыя ў тэксце - была і канцом стратэгіі СССР. Карыбскі крызіс вызначыў немагчымасць аніякай перамогі. Апасля гэтага будаўніцтва сацыялізму трэба было заканчваць і адкрывацца. Кітай праз 10 год, перахварэўшы масавым тэрорам, так і пачаў рабіць. І амаль атрымалася. Зараз пабачым - у наступныя 5-10 год - ці пераадолеюць яны традыцыйныя хваробы рынку, ці зваляцца назад у традыцыю. Што рабіў СССР? Замест адкрыцця наадварот закрываўся яшчэ больш і стварыў чарговую рэлігію - секту сведкаў 9 мая - і праіснаваў яшчэ 30 гадоў. Не марнуйце, шанс сам ня прыйдзе заўтра. Таму: Рэлігія/ідэалогія можа быць якая розная, хоць чырвоная, хоць чорна-залатая, хоть блакітная. Сутнасць "азіяцкага спосабу вытворчасці" ад гэтага не змяняецца. Калі чалавек ня ёсць каштоўнасцю сам па сабе, хоць у хрысціянскай традыцыі, хоць і ліберальнай, тады ніякага развітага грамадства і не будзе. Бо толькі ў гэтым выпадку ён будзе актыўным агентам інфармацыйнага абмену, як і эканоміка-тэхналагічнага, гэтак і сацыяльна-палітычнага. Таму заходнія сістэмы будуюцца на рымскім ўключэнні - у Англіі палітычныя правы атрымлівалі спачатку арыстакраты, а потым з часам і іншыя. У ЗША - толькі белыя прыхажане, а потым і іншыя. "Усходнія" ці традыцыйныя сістэмы будуюцца з замацоўвання - касты ці палітычнага класа. Вызначаецца парадак рэчаў (ну, неназаўжды дык пажыццёва). У КНДР каставая сістэма існуе буквальна. У СССР была крыху light version. І зараз проста ідзе рэбрэндынг ярлыкоў.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру