7 ліпеня рэжысёру беларускага Свабоднага Тэатра Уладзіміру Шчэрбаню спаўняецца 40 гадоў. Святкаваць дзень нараджэння Уладзімір будзе ў Лондане, дзе жыве ўжо некалькі гадоў. Пра тое, чым адрозніваецца Англія ад Беларусі, а сучасны тэатр — ад наменклатурнага, ён распавёў у інтэрв’ю «Нашай Ніве».

«НН»: Віншуем вас са святам! Адразу хочацца спытаць – у чым сэнс жыцця, нарэшце зразумелі ў 40 гадоў?

Дзякуй за віншаванні. Я вельмі рады, што дацягнуў да гэтай даты.

А сэнс жыцця вельмі просты — жыццё гэта цуд. І ўвесь сэнс — лепш жыць, чым не жыць.

Уладзімір на ўзбярэжжы Паўночнага мора ў Эдынбургу. У 2011 годзе Свабодны тэатр ўдзельнічаў у найбуйнешым у свеце фэстывале мастацтваў, які праходзіў у Эдынбургу. Са сваім спектаклем «Мінск-2011» беларусы атрымалі адзін з галоўных прызоў фэстывалю.

Уладзімір на ўзбярэжжы Паўночнага мора ў Эдынбургу. У 2011 годзе Свабодны тэатр ўдзельнічаў у найбуйнешым у свеце фэстывале мастацтваў, які праходзіў у Эдынбургу. Са сваім спектаклем «Мінск-2011» беларусы атрымалі адзін з галоўных прызоў фэстывалю.

«НН»: Крызіс сярэдняга ўзросту?

Так шмат спраў, што не да крызісаў. Да таго ж,

я ўсё жыццё чакаў, калі ж мне нарэшце споўніцца сорак. Гэта залатая сярэдзіна, калі ты ўжо валодаеш сваёй хіміяй, сваімі гармонамі. Бо ў маладосці хутчэй гармоны валодаюць табой. І цяпер я, можна сказаць, дасягнуў узросту сваёй мары.

«НН»: Мары? Планы?

Я стараюся асабліва не планаваць. Я жыву сённяшнім днём, і зрабіць максімум у гэты дзень. Галоўная мудрасць узросту — разумееш, што ўсё вельмі адносна: поспехі, правалы. Ёсць вопыт, і гэта галоўнае. Такі вопыт, які ён ёсць. Яшчэ для мяне важна, што я раблю тое, што мне падабаецца.

Шмат хто ў свае сорак гадоў жыве зусім не так, як хацелася б. Я ж займаюся той справай, якую люблю, вакол мяне людзі, якія мне падабаюцца, ці хаця б не раздражняюць (смяецца). Напэўна, гэта і ёсць пэўнае дасягненне.

«НН»: Святкаваць будзеце ў Англіі?

Так, у Лондане.

Уладзімір Шчэрбань: «Самаробнае поле — гэта мае новае захапленне, бадмінтон. Поле я намаляваў пару дзён таму ў садзе за нашым домам. Гэта вельмі распаўсюджана ў Брытаніі — каб у кожнага быў свой уласны садок ці, як гэта называюць брытанцы — back yard. Дарэчы, у гэтым садзе жыве стары ліс».

Уладзімір Шчэрбань: «Самаробнае поле — гэта мае новае захапленне, бадмінтон. Поле я намаляваў пару дзён таму ў садзе за нашым домам. Гэта вельмі распаўсюджана ў Брытаніі — каб у кожнага быў свой уласны садок ці, як гэта называюць брытанцы — back yard. Дарэчы, у гэтым садзе жыве стары ліс».

«НН»: Увогуле, як вам жывецца ў Лондане?

Змена краіны — не такая простая рэч. Тое, што ты ўспрымаеш у 20 гадоў вельмі проста, успрыняць у старэйшым узросце ўжо цяжэй.

Я ж нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, потым доўгі час жыў у Беларусі. А сёння я жыву ў самым сэрцы капіталістычнага свету — і гэта абсалютна іншыя правілы гульні. Гэтая рэальнасць абсалютна інакш сфарміравана нават на побытавым узроўні. Тое, што перастаеш востра рэагаваць на людзей у форме, тое, што яны нават могуць табе дапамагчы — такога ў мяне ніколі не было ў Беларусі. Узгадайце айчынную міліцыю – бамбізы, ад якіх ідзе агрэсія, для іх ты з самага пачатку вінаваты. Можа, канечне, за тры гады ўсё памянялася, і пасля Чэмпіянату свету па хакеі ўсе яны пачалі размаўляць па-англійску, пасміхацца, і ўвогуле быць friendly, але я памятаю свой вопыт. Даверу ніколі не было да гэтых людзей.

Што тычыцца менталітэту… Стэрэатыпы, вядома, не на пустым месцы ўзнікаюць, але я б не сказаў, што англічане надта пагардлівыя. У іх характары ёсць такая добрая рыса — табе ніхто нічога не будзе абяцаць. Але калі заўважаць, што могуць дапамагчы — дапамогуць.

«НН»: А ў плане побыту як жывецца?

Я здымаю кватэру са сваім сябрам. Мы жывём у раёне Крыстал Пэлас, гэта добры раён, які знаходзіцца на ўзвышшы. Жывём у вялікім віктарыянскім доме, з высокімі столямі.

Жыллё ў Лондане вельмі дарагое, але нам пашанцавала. Мы знайшлі кааператыў былых сквотэраў, цяпер яны супрацоўнічаюць з гарадскімі ўладамі, арандуюць старыя дамы ці дамы, якія чакаюць рамонту, і гэта выходзіць значна танней. Праўда, калі ў дзяржавы дойдуць рукі да гэтага дома, нам прапануюць іншае жыллё і папросяць з’ехаць.

«НН»: Свой Лондан ужо знайшлі?

Так. Першы час, само сабой, я адчуваў сябе турыстам. А цяпер, здаецца, я яго ведаю лепш, чым многія мясцовыя жыхары, бо

ў мясцовых прысутнічае класавасць. Калі чалавек нарадзіўся і жыве ў Чэлсі, дык ён адтуль амаль і не выязджае. А я аб’ездзіў амаль усю брытанскую сталіцу, то тут жыў, то там. І мне гэта цікава.

Я вельмі люблю маленькі рынак нездалёк ад дому, дзе прадаюць так званую «натуральную ежу», organic food. Тут дорага, але вельмі высокая якасць прадуктаў. На гэтым маркеце я заўсёды набываю па два боханы жытнявага хлеба — ён тут вельмі смачны і карысны.

На тым баку Тэмзы ёсць маленькая крама, дзе не толькі прадаюць, але і вырабляюць шакалад. Трымае яе француз. Я не вельмі люблю салодкае, але раз на месяц еду да іх праз увесь горад па цёмны шакалад. 

«НН»: Гледзячы па ўсім, вы даўно ўжо акліматызаваліся. А тады, ў 2011, рашэнне застацца за мяжой далося цяжка?

Пачалося з 2010 года, гэта быў цяжкі год для ўсіх нас, для Тэатра. Да нас даходзіла розная інфармацыя аб тым, што нас чакае дома. А самі мы на той час імкнуліся прыцягнуць як мага больш увагі да Беларусі, то бок, акрамя тэатральнай працы, займаліся яшчэ і грамадскай. І нашыя сябры, якіх у Беларусі затрымлівалі, гаварылі, што ў іх цікавіліся пра Свабодны тэатр. Таму мы вырашылі ўзяць такі тайм-аут.

У мяне ў Беларусі засталася сястра і пляменніца. Я не магу сказаць, што я вось «з’ехаў, і ўсё», назаўжды. Але прыеду я, толькі калі гарантуюць бяспеку. Мы не Жанны Д’Арк. Трэба зразумець, дзе і што ты можаш зрабіць, ахвяраваць сабой проста так — глупства.

Я спадзяюся, што пройдзе час, і ўсё зменіцца.

Уладзімір Шчэрбань: «Грошы з майго спектакля «Кошт грошай», прэм'ера адбылася ў верасні 2014 года. У гэтым спектаклі ўдзельнічаюць як беларускія, так і брытанскія акцёры, якія дзеляцца сваім асабістым досведам жыцця ў розных палітыка-фінансавых сістэмах (капіталізм/савецкі вопыт/планавая эканоміка). Апошняя частка ў спектаклі прысвечана крымінальнай справе, якую завялі на Алеся Бяляцкага».

Уладзімір Шчэрбань: «Грошы з майго спектакля «Кошт грошай», прэм'ера адбылася ў верасні 2014 года. У гэтым спектаклі ўдзельнічаюць як беларускія, так і брытанскія акцёры, якія дзеляцца сваім асабістым досведам жыцця ў розных палітыка-фінансавых сістэмах (капіталізм/савецкі вопыт/планавая эканоміка). Апошняя частка ў спектаклі прысвечана крымінальнай справе, якую завялі на Алеся Бяляцкага».

Прычым я хачу адзначыць, я не адчуваю, што ў маім жыцці нешта змянілася так ужо глабальна пасля маёй «эміграцыі». Раней я шмат часу быў на гастролях — і сёння таксама. А дзе жыць, у Беларусі, у Англіі ці дзесьці яшчэ, будзе відаць.

Наша галоўная мэта — мець магчымасць іграць у Беларусі, бо хто нас яшчэ так добра зразумее, як беларускія гледачы? Ніхто. І хацелася б мець там свой тэатр, сваю пляцоўку, але нам не дазваляюць.

Прычым цяпер мы маем столькі рэсурсаў, сувязей, столькі знаёмых, што ператварылі б Мінск у сапраўдную еўрапейскую тэатральную сталіцу. Пытанне ў тым, як зрабіць гэта афіцыйна.

«НН»: А што перашкаджае? Улада?

Прыходзьце на нашы спектаклі, і адразу будзе зразумела, што перашкаджае. У 2008 годзе ў мілцыю забіралі не толькі актораў, але і ўсіх гледачоў, нават з дзецьмі. Перапісвалі дадзеныя, пастаянна зрывалі спектаклі. Хіба не зразумела, хто гэта рабіў?

Ці можа тэатр існаваць увогуле без падтрымкі ўлады, міністэрства культуры? Ці атрымліваецца, што не?

Уладзімір (у цэнтры) падчас рэпетыцыі новага праекта, ў якім занятыя выключна брытанскія выканаўцы. Гэта быў першы сэт рэпетыцый у сакавіку 2015. Хутчэй за усё, прэм'ера адбудзецца летам 2016, астатняя інфармацыя трымаецца у сакрэце.

Уладзімір (у цэнтры) падчас рэпетыцыі новага праекта, ў якім занятыя выключна брытанскія выканаўцы. Гэта быў першы сэт рэпетыцый у сакавіку 2015. Хутчэй за усё, прэм'ера адбудзецца летам 2016, астатняя інфармацыя трымаецца у сакрэце.

Культура — гэта бібліятэка, дом культуры ў вёсцы, падборка кніг. А мастацтва – іншая рэч, гэта несвядомы шлях пазнання жыцця. Гэта тая ж навука, толькі эмацыйным метадам. І улада не можа дыктаваць мастацтву, якім яно павінна быць.

Безумоўна, вельмі добра, калі дзяржава падтрымлівае творцаў, але ў гэтай падтрымцы не павінна быць ідэалогіі. Палітычныя лады прыходзяць і сыходзяць, а мастацтва застаецца. Вельмі слушна сказаў англійскі драматург Тос Топард: «Даведацца, што перамагло ў грамадстве, дабро ці зло, можна па ступені свабоды мастака».

«НН»: А так званае «чыстае мастацтва»? Ці можа тэатр існаваць па-за межамі палітыкі?

З аднаго боку, так, можа, але ці будзе гэта цікава? І ўзнікае пытанне, чаму ён павінен пазбягаць рэчаіснасці? Мне персанальна цікавы тэатр, які кажа пра тое, што адбываецца са мной, з жыццём вакол мяне, з людзьмі ў гэтым жыцці. І з дапамогай тэатра, у якім я сёння працую, я спрабую займацца менавіта гэтымі пытаннямі. Я не магу сказаць, што для мяне палітыка — асноўная тэма, але і абмінаць яе я не хачу.

Уладзімір Шчэрбань: «Гэта я ўдзельнічаю ў флэш-мобе ў падтрымку выдавецтва Логвінаў. У руках у мяне вялізарны альбом з усімі працамі Мікеланджала, які я набыў акурат за пару дзён да флэшмобу, вельмі танна, на распродажы ў Дубліне. Дарэчы, я вельмі рады неймавернай згуртаванасці грамадства, з дапамогай якой выдавецтва сплаціла спагнанне».

Уладзімір Шчэрбань: «Гэта я ўдзельнічаю ў флэш-мобе ў падтрымку выдавецтва Логвінаў. У руках у мяне вялізарны альбом з усімі працамі Мікеланджала, які я набыў акурат за пару дзён да флэшмобу, вельмі танна, на распродажы ў Дубліне. Дарэчы, я вельмі рады неймавернай згуртаванасці грамадства, з дапамогай якой выдавецтва сплаціла спагнанне».

Тэатр сучасны — месца камунікацыі паміж людзьмі, калі праз гук, колер, слова мы дзелімся вельмі канкрэтным вопытам. Тэатр дае магчымасць чалавеку асэнсаваць, пачуць самога сябе. А акторы і рэжысёры — медыумы паміж жыццём і гледачамі, якія дапамагаюць.

І калі хтосьці кажа, што займаецца «чыстым мастацтвам», а палітыкай не цікавіцца, то я разумею, што гэта самацэнзура. Гэта страх. Я восем гадоў працаваў у Нацыянальным Купалаўскім тэатры, я ведаю сістэму знутры, і я ведаю, чаго яны баяцца.

«НН»: І чаго?

Пасля маіх спектаклей былыя калегі дасылалі мне СМС, у якіх паведамлялі, якія мы малайцы, што так і трэба, што хочуць са мной працаваць… Але на гэтым усё і сканчалася, бо людзі ўзгадвалі, што ў іх сям’я, кватэра, цёплае працоўнае месца. І ў гэтым вінаваты не толькі чалавек, які баіцца, але і сістэма, якая прымушае яго баяцца. Бо вывалішся з яе — страціш усё. І так у Беларусі таленавіты чалавек ці з’язджае ў Расію зарабляць, ці падапарадкоўваецца сістэме.

Паверце, ў Купалаўскім закуліснае жыццё цікавейшае, чым тое, што адбываецца на сцэне.

Канцэрты для сваіх яны ладзяць цудоўныя, але на творчасці для публікі гэта не адбіваецца.

Сёння Купалаўскі не нацыянальны тэатр, па вялікім рахунку.

Тое, што там ідуць п’есы на беларускай – гэтага мала. Ці гавораць там аб тым, што сёння хвалюе беларусаў? Не, вядома.

Але ж гэта добрае месца, калі ты не хочаш нічога рабіць. У Купалаўскім я навучыўся водку піць не запіваючы, і за гэта я ім ўдзячны (праўда, як я сышоў адтуль, то і водку піць перастаў).

«НН»: Вы лічыце, што «афіцыйны» тэатр цікавы толькі чыноўнікам?

І ім ён нецікавы. Яны проста прыглядаюць за ім, «каб нічога не здарылася». Зразумейце, ёсць у Беларусі драматургі, якіх ужо па 10 гадоў ставяць на Захадзе, у Расіі — паўсюль, акрамя самой Беларусі.

Таму і спрабуем пабудаваць мост паміж светам і Беларуссю. Але каб стаць часткай свету, трэба спачатку самім адчуць сабе гэтай часткай. А гэта цяжкая праца, як для людзей, так і для дзяржавы.

«НН»: Увосені ў Беларусі прэзідэнцкія выбары. Пойдзеце галасаваць?

Не, канечне. Ніколі не пайду.

Я і ў 2010 не галасаваў. На Плошчу хадзіў, у гэтым быў сэнс — зрабіць бачным сваё стаўленне да таго, што адбываецца. А галасаваць — не. Пра што ўвогуле можна гаварыць, калі чалавек сядзіць у турме яшчэ з мінулай «кампаніі»? А рабіць выгляд, што ўсё добра, і гуляць у выбары — гэта проста нейкі цынізм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?