Аварыя адбылася на трасе Орша-Шклоў–Магілёў вечарам 5 ліпеня. На выхадных у аграгарадку Александрыя, дзе гадаваўся Аляксандр Лукашэнка, праходзіла штогадовае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»). Адкрываў свята кіраўнік дзяржавы. Калі Лукашэнка на верталёце адправіўся ў Мінск, яго картэж вяртаўся ў сталіцу вечарам у нядзелю.

Каля 21:00 жанчына — кіроўца БМВ, у салоне якога знаходзілася шэсць чалавек, выехала на паласу сустрэчнага руху і ўрэзалася ў «Мерсэдэс Спрынтар», які ехаў у сустрэчным напрамку.

— «Мерсэдэс» знаходзіўся ў складзе арганізаванай транспартнай калоны ў суправаджэнні транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння з уключанымі маячкамі сіняга і чырвонага колераў, — паведамілі ў Следчым камітэце. У ведамстве, праўда, не ўдакладняюць наконт прыналежнасці картэжу. Па інфармацыі «Нашай Нівы», гэта быў картэж прэзідэнта.

У выніку сутыкнення кіроўца і трое пасажыраў «Мерсэдэса Спрынтар» атрымалі сур'ёзныя траўмы. «Двое з іх цяпер знаходзяцца ў цяжкім стане пасля праведзеных складаных хірургічных аперацый. Кіроўца БМВ шпіталізавана, але яе жыццю нічога не пагражае», — удакладнілі ў СК.

Сутыкненне адбылося ў паласе «Мерсэдэса», пра што сведчыць запіс з відэарэгістратара, усталяванага ў «Спрынтэра».

— Вывучаюцца ўсе акалічнасці здарэння. Праводзяцца допыты пацярпелых і сведак, прызначаныя экспертныя даследаванні. У якасці падазраванай па крымінальнай справе, заведзенай па факце парушэння ПДР, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, прыцягнутая 23-гадовая жыхарка Шклоўскага раёна. Стаж кіроўцы падазраванай — менш за два гады, права на кіраванне аўтамабілем ёю атрымана ў лістападзе 2013 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?