Фатаробат, складзены па апісанні злачынцы. Выява: guvd.gov.by
Мінская міліцыя шукае мужчыну, падазраванага ў серыі згвалтаванняў. Комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў пакуль не прынес вынікаў.
Невядомы чакаў маладых жанчын у бязлюдным месцы ўвечары і ўночы, заводзіў з імі размовы, хапаў за горла, збіваў з ног, біў, затым гвалціў.
Мяркуецца, што за згвалтаваннямі ў раёне вуліцы Ангарскай у 2002 годзе, у раёне Каржанеўскага ў 2003-м, у раёне Крупскай у 2004-м і ў раёне Казіміраўскай у 2014-м стаіць адзін і той жа чалавек.
Па ўдакладненых прыкметах, мужчына з выгляду мае 45-50 год, рост 165-170 см, сярэдні целасклад. На твары глыбокія зморшчыны. Можа быць апрануты не па сезоне: вязаная шапка цёмнага колеру з адваротам, куртка ўцепленая (ці паліто) цёмнага колеру (магчыма, карычневага) з футравым каўняром. Па словах пацярпелых, ад адзення зыходзіць непрыемны пах волкасці.
Магчыма, мужчына злоўжывае спіртнымі напоямі. Ёсць меркаванне, што злачынца можа быць жыхаром прыватнага сектару. Пры сабе ў падазраванага можа быць газавы балончык.
Міліцыя просіць дапамогі ў выяўленні асобы злачынцы. Любую інфармацыю просяць паведамляць па тэлефонах (017) 239-47-51 ці (044) 751-09-98, канфідэнцыйнасць гарантаваная.