Беларусь разглядае ўсе напрамкі для развіцця супрацоўніцтва з Чачнёй. Пра гэта сёння на сустрэчы ва ўрадзе з дэлегацыяй Чачэнскай Рэспублікі РФ паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы.

«Мы разглядаем Чачэнскую Рэспубліку па ўсіх напрамках супрацоўніцтва. І гэта адзін з базавых складнікаў работы нашай краіны на Паўночным Каўказе», — сказаў віцэ-прэм'ер, адзначыўшы, што адначасова Беларусь гатова прадаставіць свае магчымасці для чачэнскага бізнесу.

Паводле слоў Міхаіла Русага, бакам трэба будзе прапрацаваць эканамічны, сацыяльны і гуманітарны сектары і выбудаваць праграму сумесных дзеянняў, паколькі двухбаковы тавараабарот вельмі малы. Як адзначыў віцэ-прэм'ер, для яго нарошчвання неабходна паглыбленне ўзаемных сувязей, у тым ліку ў прамысловасці, аграпрамысловым комплексе, нафтахімічнай галіне. Міхаіл Русы звярнуў увагу, што Беларусь гатова выбудаваць работу па стварэнні сумесных вытворчасцей, у тым ліку сельскагаспадарчай і дарожнай тэхнікі.

Намеснік прэм'ер-міністра ўпэўнены, што краіны могуць быць карыснымі адна адной у галіне селекцыі, насенняводства, жывёлагадоўлі. «У Беларусі прапрацаваны даволі сур'ёзны вопыт стварэння глыбока мадэрнізаваных высокаэфектыўных малочнатаварных ферм, комплексаў», — падкрэсліў ён.

У Беларусі знаходзіцца афіцыйная дэлегацыя Чачэнскай Рэспублікі РФ на чале з намеснікам старшыні ўрада Хасанам Хакімавым. У складзе дэлегацыі таксама прадстаўнікі некалькіх міністэрстваў, у тым ліку эканамічнага, тэрытарыяльнага развіцця і гандлю, прамысловасці і энергетыкі, сельскай гаспадаркі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?