Хаця пасля ў розных справаздачах аб прафілактыцы правапарушэнняў і нават у адной забаўляльнай перадачцы пад назовам «Зона Ха» (што займае найвышэйшыя месцы ў рэйтынгу любові глядацкай) тое прадстаўлялася як загадзя спланаваная дэструктыўная акцыя па дэстабілізацыі абстаноўкі на выспе спакою ды стабільнасці, насамрэч усё адбылося досыць спантанна…

Быў файны суботні красавіцкі ранак (нягледзячы на ажно тры прыметнікі запар, лепшае фразы для пачатку нашае гісторыі знайсці немагчыма). Сямейства ***вічаў, паснедаўшы, выправілася на шпацыр. Неба было яснае, паветра празрыстае. Толькі адкульсьці злева спакваля насоўвалася пакуль невялікая шэрая хмарка.

Яны ішлі, паўз некалькі дзіцячых пляцовак з горачкамі, арэлькамі й нават адным самалёцікам, паўз шапік з марозівам, паўз скверык з застылымі ў радэнаўскіх асанах бабулькамі на лавах, паўз збегі іншых шыпячых і свісцячых — маленькая Ганулька ў вазочку, мама, тата і старэйшая Волечка поруч, — покуль не апынуліся на шырокім ходніку вуліцы імя аднаго вялікага паэта.

Мама ўбачыла крамку, што вабіла шалёнымі адсоткамі зніжак, намаляванымі наўскасяк шыбінаў, і вырашыла забегчы ў яе. «Усяго на пяць хвілінак, дарагі!» Тата ведаў гэтыя «пяць хвілінак», але нічога не сказаў, а толькі глыбака ўздыхнуў.

Ганулька і Волечка засталіся з ім. Волечка хацела была пайсці з мамай, але тата нагадаў ёй пра чароўную крэйдачку, што ляжала ў кішэні ягонага пінжака (ну, вядома ж, гэта была самая звычайная крэйда, набытая ў самым звычайным канцылярскім аддзеле самай стабільнай краіны сусвету, але Волечка цалкам давярала тату. Яна ж ведала, што тата ніколі не маніць, пра што ён перыядычна нагадваў, а тонкім майстэрствам маны-на-мяжы яшчэ не авалодала. Зрэшты, вядома таксама, што раз на год і палка страляе).

У вазку ў пластмасавым вядзерцы ляжала крэйда звычайная — чырвоная, памаранчавая, жоўтая, зялёная, блакітная. Ну і гэтак далей. І вось дзяўчаткі з апантанасцю маладых кукрыніксаў кінуліся размалёўваць ходнік.

Тата прысеў на бардзюр, назіраючы, як на ходнікавых плітачках з'яўляюцца малюнкі: матылёк, паветраны шарык, ружовая балонка, страказа, што сядае на гіганцкую кветку, — з-пад Волеччыных крэйдачак і рознакаляровыя калякі-малякі — з-пад Ганульчыных. Па небе плылі аблокі, па ходніку ішлі мінакі, і ў таты ўзнікла непераадольнае жаданне далучыцца. Да таго ж Волечка закрычала: «Татка, татачка! Даставай чароўную крэйдачку, будзем літаркі пісаць! Чароўныя!»

З усіх кавалкаў менавіта белы быў чароўным. Дагэтуль яны ўжо некалькі разоў спыняліся ў розных дварах, і тата ўрачыста пісаў магічнае слова — на ліхтарным слупе, на дзвярах закінутага гаража, на трансфарматанай будцы. Слова з трох літараў. Ён і сам не зусім разумеў, чаму яму раптам, бы маладому цімураўцу, захацелася распісаць наваколле гэтымі трыма літаркамі, якія ўжо паспелі крыху набіць аскоміну. Гэтае слова можна было пабачыць на шматлікіх сценах — як рэальных, так і віртуальных. Гэтай абрэвіятураю стала модным казаць сціслыя ды ёмістыя тосты. Вядома ж, ён не верыў у яе, гэтае абрэвіятуры, магічнасць. Тады на халеру пісаць? Пратэст дзеля пратэсту? Гэтыя няўцямныя маўклівыя плясканні ў ладкі… Абсурдовасць у імя змагання з навакольным абсурдам? Хіба што так.

Ён запусціў руку ў кішэнь пінжака, выняў загорнуты ў сурвэтку кавалак крэйды і вялікімі, двухметровымі, літарамі тоўста накрэмзаў на ходніку:…

 

* * *

Вера працавала ў газеце «Наша Віна». Фотакарэспандэнтам. Сваю дзіўную здольнасць яна заўважыла, калі ёй споўнілася дваццаць два. То бок, мажліва, дагэтуль нічога такога дзівоснага яна й не вырабляла. А можа, вырабляла, але папросту не заўважала. Ці, найхутчэй, акурат разам з тым, як заўважыла і паверыла, — здольнасць гэтая і пачала актыўна праяўляцца… Вось жа, Вера валодала здольнасцю апынацца там, дзе адбываюцца Здарэнні. Яе ўвесь час цягнула туды, дзе мусіла здарыцца нейкая трасца. Колькі яна пабачыла ДТЗ рознай ступені цяжкасці, колькі людзей сталага й маладога веку панаварочвалася на бананавых скурках альбо падледзянелым ходніку, колькі котак не мінула колаў аўто, колькі ледзяшоў… Зрэшты, ніхто не ведае. І яна не лічыла.

Адбываліся Здарэнні выключна ў той момант, калі Вера проста кудысьці ішла. Альбо проста дзесьці сядзела, занятая сваімі думкамі. Ці бавілася ўлюбёнай справай — глядзела на свет праз аб’ектыў здымача. То бок калі яна думала пра гэтае незразумелае насланнё (а няцяжка здагадацца, што думала яна пра яго цяпер заўсёды), то нічога не адбывалася. Праз тое колькасць няшчасных выпадкаў, стыхійных бедстваў ды іншых катаклізмаў вакол крыху скарацілася. Але варта было крышачку расслабіцца і, прыкладам, пайсці карміць качак у парк, як абавязкова хто-небудзь з мінакоў апынаўся ў вадзе.

«Можа быць, нада мной варонка?» — казала яна сяброўцы, крадком пазіраючы на неба.

«Ды не, проста ў цябе магніт у адным месцы», — рэзюмавала сяброўка.

Усё гэта доўжылася цягам восені. Узімку ж у яе супер-стабільнай краіне пачаліся такія рэчы, якія ўвагналі Веру, і яе знаёмых, і знаёмых яе знаёмых у глыбокі ступар.

Вядома ж, ніхто не меў ілюзіяў адносна вынікаў чарговай элегантнай перамогі ў матчы на адну браму. Але мала хто чакаў, што сем з дзесяцёх кандыдатаў на княскі сталец апынуцца за кратамі. Некаторыя — моцна збітыя. У якім яны стане і дзе хто знаходзіцца — невядома. Сотні людзей з паадбіванымі ныркамі ды выкручанымі канцавінамі цягнуць суткі ў перапоўненых прамерзлых камерах…

Некалькі дзён пасля крывавай бойні, што адбывалася пад пільным наглядам чугуннага правадыра-разенбома на самай вялікай плошчы самай стабільнай краіны свету, па горадзе ездзілі аўтазакі. Найпершай іх мэтай былі кватэры ды офісы праваабаронцаў, партыйцаў, журналістаў. Большасць незалежных інтэрнэт-рэсурсаў альбо «ляжала», альбо працавала ў абмежаваным доступе. Па сацсетках папаўзлі чуткі, што вядомы паэт, адзін з галоўных апанентаў, стваральнік руху «Не вярзі лухту», сканаў у вязніцы…

А мо не чуткі? Чаму ж ужо тыдзень як няма аніякіх звестак ні пра яго, ні пра астатніх? Чаму гэтак раз'юшана пырскае слінай з замбаскрыняў галоўны трыумфатар — крэпкі стары Разнебом?.. Гэтыя «чаму» вярэдзілі Верчын розум, не адпускаючы ні ўдзень, ні ўночы. Варта заплюшчыць вочы, і нібы ў аб’ектыве здымача — кадры з Плошчы і з Праспекту. Шчоўк: ланцужкі людзей з розных бакоў, бы мурашы, суладным крокам сцякаюцца да Саркафага. Стаяць на святлафорах і, цярпліва прычакаўшы зялёнага, рушаць далей ужо невялікімі натоўпамі… Шчоўк — кадрык з праспектавага шэсця: высокі хлопчык-гот, там-сям папраколаты, у ботах ледзь не да калена, з даўгімі распушчанымі валасамі… Шпацыруе. Куды? Навошта? Вера, назіраючы гэты шматтысячны згустак эйфарыі, сама не дужа ведала адказ. А хлопчык-гот — ведаў. Шырокі ўпэўнены крок. Позірк крыху паўзверх натоўпу. І такі… адухоўлены твар. Хоць ты абраз з яго пішы.

А пасля было збіццё.

Вера і раней бачыла разгоны мітынгаў, але гэтым разам, выглядала, далі адмашку біць фул-кантакт. Нібыта ў кагосьці, хто сядзеў за пультам кіравання ў фатэлі, ушчэнт сарвала разьбу ад такой колькасці няўдзячных васалаў. Вошаў блыхастых. Шалудзівай масы адмарозкаў. Пятае калоны, што разгойдвае нашую выспу стабільнасці… І ён скамандаваў: ату іх!

І кожны ведаў, хто вінаваты. Хаця многія здагадваліся, што гэты нехта — вынік, а не прычына. І што гэтага нехта неабходна забіць, але — у галовах мільёнаў. Між тым практычнага дапаможніка пад назвай «Як забіць цмока ў сабе» на той момант яшчэ ніхто не напісаў…

У адрозненне ад іншых, Вера ведала адказ не толькі на пытанне, хто вінаваты, але і — што рабіць.

Яна пачала наведваць афіцыйныя мерапрыемствы, справаздачныя канцэрты заслуханых дзеячаў эстрады Рэспублікі Бульбарыя, прагульвацца каля адміністратыўных будынкаў, нярэдка пракладала свой маршрут паўз тыя ж вуліцы ды праспекты, дзе ездзіў картэж вялікага чорнага аўтамабіля. Аднойчы нават схадзіла на хакейны матч. Пасведчанне журналіста, здымач з даўгім аб’ектывам і чароўная прывабнасць, якую не падробіш і не прап’еш, адчынялі перад ёй усе дзверы.

Вера не вельмі ўяўляла, што канкрэтна ёй трэба рабіць і што мусіць адбыцца. Але цвёрда ведала: нельга памятаць пра сваю здольнасць у гэты момант. Толькі вось лёгка сказаць — нельга. Але як? Ды яна ўвесьчасна толькі й думала пра свой пракляты дар і яго наступствы!

Адно добра: няшчасныя выпадкі перасталі здарацца. Зусім. І Вера пачала ўжо верыць, што са знікненнем сімптомаў знікла і хвароба.

Між тым прыйшла вясна. І вось адным файным суботнім красавіцкім ранкам Вера, прыхапіўшы здымач-люстэрку, рушыла на шпацыр па вуліцы імя аднаго вялікага паэта…

 

* * *

Волечка адразу ж змалявала таткаву абрэвіятуру. І хутка ўвесь ходнік уздоўж і ўпоперак быў распісаны гэтымі трыма літаркамі. А Ганулька скакала вакол, паўтараючы: «Сос! Сос!» (шыпячыя яна вымаўляць яшчэ не ўмела). І з цікаўнасцю зазірала ў вочы мінакоў. Яе вусны склаліся ў смешную грымасу — як заўжды, калі яна не ведала, ці ўсміхацца, ці павярнуць дужку смайліка ў адваротны бок.

З-пад крэйдак Волечкі з’яўляліся зайчыкі, коцікі, сэрцайкі, вершнік з аголеным мячом, вясёлка, хвалістыя лініі якой утваралі крамольнае спалучэнне з усяго двух колераў — чырвонага і белага. І ніжэй — забаронены дэструктыўны лозунг, які належаў пяру яшчэ аднаго вялікага паэты.

Па плітачках ходніка, размаляваных чароўнымі літарамі і дзіцячымі графіці, цокалі, тупалі, скакалі, брылі, дыбалі боты, сандалікі, чаравікі, берцы, пантофлі… Прыгожая дзяўчына гадоў дваццаці са здымачом-люстэркай прыпынілася ля таткі з дзвюма дочкамі, апанаванымі творчым імпэтам.

Вера (так звалі дзяўчыну), спытаўшыся дазволу, пачала фоткаць сімпатычную сямейку. Дзяўчаткі, перапэцканыя крэйдай, з задавальненнем пазіравалі на фоне зайчыкаў-коцікаў-сэрцайкаў і дэструктыўных надпісаў на асфальце.

Яна так захапілася працэсам, што не адразу заўважыла, як пацямнела. Шэрая хмарка пераўтварылася ў нацягнуты на ўсё неба пірацкі штандар. Праезная частка апусцела. З-за рогу выязджаў картэж вялікай чорнай машыны.

 

* * *

Валеры Іванавіч, як толькі сышоў снег і крыху падсохла, перабіраўся жыць на лецішча. Даглядаў сад, падкошваў газон, карміў напаўздзічэлых сабакаў, што прыходзілі да яго з навакольных вёсак. Прачынаўся з сонцам, рабіў зарадку, паліў і спяваў ваенныя песні. Ён быў палкоўнік у адстаўцы. Былы зенітчык. Прайшоў некалькі гарачых кропак. За В’етнам, разам з павышэннем, атрымаў чырвоныя «Жыгулі».

(У бардачку ляжаў афіцэрскі гадзіннік з гравіроўкай. Калісьці падчас маштабных аператыўных стратэгічных вучэнняў за ўзорную стральбу па ўмоўным праціўніку ён атрымаў іх ад гаўнакамандуючага. Праўда, не ўласнаруч, а праз пасыльнага. На гадзінніку быў герб, дзе на чырвоным тле імчаў вершнік з аголеным мячом — у бок умоўнага праціўніка. Але, як толькі камандуючы адчуў сваю моц і гэты сімвал змянілі, палкоўнік гадзіннік не надзяваў. Паклаў яго ў бардачок, дзе ён і праляжаў пятнаццаць гадоў.)

Аўто Валеры Іванавіч, як і ўсю сваю рухомую й нерухомую ўласнасць, трымаў ва ўзорным стане. Бліскучы храмаваны бампер. Ніводнай увагнутасці ці, крый божа, іржаўчыны па кузаве. Дагледжаны рухавічок з чысцюткімі дроцікамі й корпусам без ніводнае аліўнае плямы… І нумары яшчэ старыя, чорныя, памятаеце?

У сталіцу Валеры Іванавіч прыехаў па харчы — для сябе і сабакаў. Заскочыў на Камары — і назад, у бок сваёй Крыжоўкі, па Багдановіча (Валеры Іванавіч па старой звычцы казаў «Горкага»).

І вось едзе Валеры Іванавіч па сваім сярэднім шэрагу (ён стараўся ніколі без вострай неабходнасці не займаць крайнія палосы), нікога не чапае ды чуе — ззаду сірэна. Зірнуў у люстэрка — набліжаецца картэж: даішнікі, матацыклы, вялізны чорны лімузін… Валеры Іванавіч паказаў правы паварот, пачаў выкручваць стырно, і тут штосьці гучна шчоўкнула. З матора пацягнула гарэлай праводкай і з-пад капота шугануў белы дым…

 

* * *

У вялікай чорнай машыне, якую суправаджаў міліцэйскі картэж, ззаду сядзеў чалавек. Ён абыякава пазіраў на горад праз моцна танаваныя і браняваныя шыбіны.

Куды ён ехаў гэтым файным красавіцкім ранкам? Нам тое невядома. Ды і сам ён ці памятаў, куды яго вязуць? Па ідэі, у аэрапорт — сустракаць не чужога нам госця з сяброўскай краіны, дзе шануюць выспу стабільнасці і парадку.

Ён даўно прызвычаіўся да існавання ў рэжыме цэйтноту. Сустрэчы, выступы, брыфінгі, запісы, спартовыя спаборніцтвы. Даклады, справаздачы, звальненні, прызначэнні. Звычайныя клопаты звышчалавека…

Пасажыр вялікай чорнай машыны стаміўся. А вы думаеце проста столькі год трымаць на сваіх плячах мір і спакой?.. Ён прыхінуўся да падгалоўніка і задрамаў.

Яму сніўся нейкі хакейны матч. Агромністая лядовая арэна, уся запоўненая гледачамі. Прычым бачыць ён яе спачатку зверху, агульным планам, нібыта на вялізнай плазме. Потым, як перад пачаткам тэлетрансляцыі, план пачынае хутка набліжацца і факусавацца на хакейнай пляцоўцы, а менавіта — на адным з брамнікаў. І тут жа карцінка пераключаецца так, што ён пачынае бачыць пляцоўку вачыма гульца. З боку брамы. Ён разумее, што брамнік — гэта ён сам. І насустрач яму нясецца форвард каманды супернікаў ва ўсёй амуніцыі. Раптам чалавек бачыць, што ён голы. Зусім. Як кол. І з усіх бакоў шчоўкаюць сполахі сотняў фотакамераў і глядзяць тысячы вачэй. Але замест таго, каб прыкрыцца, ён расстаўляе ногі на шырыні плячэй і робіць стойку футбольнага галкіпера, рыхтуючыся злавіць ці адбіць шайбу.

Між тым форвард ужо за некалькі метраў. Ён размахваецца клюшкай, і шайба ляціць проста ў нічым не абароненае пераноссе. У апошні момант брамнік паспяваецца прыгнуцца і ўхіліцца ад удару.

За брамай загараецца чырвоная лямпачка, і раздаецца пранізлівы сігнал, які азначае, што шайба ў варотах.

Чалавек уздрыгнуў і прачнуўся ад віскату тармазоў і рэзкіх гукаў міліцэйскіх спецсігналаў.

Наперадзе, проста пасярод дарогі, зацягнутая белым дымам, стаяла чырвоная «капейка».

Картэж спыніўся.

«Чаму стаім?» — запытаўся ён у кіроўцы.

«Форс-мажор, таварыш Вярхоўны. Рухацца небяспечна».

Ён паглядзеў наперад. Сітуацыя была нетыповая. За васямнаццаць гадоў кіравання такое, бадай, здарылася ўпершыню. Вядома ж, можна было аб’ехаць гэтага карча. А раптам выбухне?.. Не, такі зыход быў бы непапраўнай стратай для ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва й моцна пахіснуў бы баланс сілаў у сусвеце. Служба аховы прыняла слушнае рашэнне — пачакаць.

 

* * *

Вера, як і шматлікія мінакі, бачыла, як загарэўся «Жыгуль». Як перад гэтым адзінокі аўтамабільчык, гнаны мігалкамі ды спецсігналамі, не здолеў саступіць дарогу картэжу.

З салона выйшаў сталага веку мужчына ў старэнькім, але чыстым ды ахайным камуфляжы. У руках ён трымаў вагнягаснік.

Вера зразумела: вось яно, пачалося.

І тут жа зразумела, што паколькі яна гэта зразумела, то ўсё і скончылася. Захопленая фатаграфаваннем, яна забылася на дар. У выніку пацярпеў ні ў чым не вінны пенсіянер.

А пасажыру вялікай чорнай машыны хоць бы хны. Зараз згасяць пажар, і паедзе ён сабе спакойна далей — сустракаць кагосьці ў аэрапорце.

Да палкоўніка ў адстаўцы падбеглі міліцыянты з картэжу. Паглядзелі, што небяспекі няма. Хуценька дапамаглі выявіць і ліквідаваць прычыны ўзгарання. Праводка, маўляў, дзесьці прасіфоніла й дала іскру. (Валеры Іванавіч пасля, па вяртанні з допытаў, на гаражным кансіліуме казаў: «Якая лухта! Я ўсе дроцікі мяняў нядаўна ўласнаруч. Містыка нейкая».)

Палкоўнік у адстаўцы сеў у аўто, адкрыў бардачок, двума пальцамі дастаў гадзіннік, узяў сцізорык і надрапаў штосьці на адваротным баку — паўзверх гравіроўкі. Мы не бярэмся сказаць з пэўнасцю, што дакладна, але ёсць звесткі, што гэта былі ўсяго тры літары. Палкоўнік папрасіў міліцыянтаў перадаць гадзіннік пасажыру чорнай машыны.

Раптам малая Ганулечка, якая ўвесь гэты час глядзела то на тату, то на Веру, то на чорнае аўто, нібыта штосьці ўключылася ў ёй, як закрычыць: «Сос! Сос!»

І старэйшая Волечка падхапіла: «Шос! Шос!» (А менавіта гэтыя тры чароўныя літаркі напісаў татка на ходніку.)

І Вера — чаго ўжо ёй губляць? — далучылася. Ды яшчэ і ў ладкі пляскаць пачала.

І ўся шматлюдная вуліца імя Паэта таксама пачала крычаць гэтае слова і пляскаць у ладкі.

І нават пасажыр чорнай машыны, ахоплены ўсеагульным парывам, пачаў пляскаць у ладкі і крычаць. Ну а як? Ён жа з народам. Ды ён і ёсць народ! Толькі гэтага ніхто не пабачыў праз моцна танаванае браніраванае шкло.

У гэты час з крамы выйшла ў меру ашчасліўленая матуля з новым пакецікам. Яна паглядзела на ўсё гэта — на задымлены «жыгулёнак», картэж чорнай машыны, размаляваны ходнік і дзетак на ім, што крычалі ў бок чорнай машыны слова з трох літар, і падышла да таты, які паціскаў плячыма і ніякавата пасміхаўся.

«Ну вось, я ж так і ведала, што нельга вас і на пяць хвілін адных пакінуць!»

Даволі хутка, аператыўна, адкульсці з’явіліся з тузін аператараў-блізнятаў з пракіслымі фізіяноміямі і аднолькавымі кішэннымі камерамі. Ну, вы ведаеце…

І вось тут, па ўсіх законах жанру, мусіў бы пайсці дождж. Сапраўдны патоп, які змыў бы і крэйдавыя словы ды іншыя вешчдокі на ходніку, і ціхароў, і картэж…

І дождж насамрэч пайшоў. Вера хуценька закрыла аб’ектыў здымача. Палкоўнік зачыніў капот сваёй ластаўкі. І відэааператараў кудысьці змыла. Толькі вось картэж чорнага аўтамабіля з пасажырам у ім не знік.

Пасажыр трымаў на далоні афіцэрскі гадзіннік з белым вершнікам на чырвоным тле. Прычым — вершнікам уніз. Ён глядзеў на тры літаркі, надрапаныя сцізорыкам паўзверх гравіроўкі «За верную службу Айчыне». І надрапана там было зусім не «шос».

А Вера назаўтра пайшла ў пашпартны стол і, выйшаўшы з яго, займела новае імя — Воля. І хочаце верце, а хочаце не — але ўся гэтая трасца з няшчаснымі выпадкамі спынілася.

Ну, а аўтару застаецца зрабіць адзінае, што можа ў гэтай сітуацыі зрабіць сумленны аўтар — папрасіць прабачэння. Даруй, чытачу, за тое, што на самым пачатку я табе схлусіў. Гэта была самая сапраўдная чароўная крэйдачка.

Дык што — памалюем?!

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0