Як стала вядома радыё «Свабода», міністар замежных справаў Беларусі нанёс патаемны візыт у Бэрлін.

У Бэрлін беларускі міністар прыбыў зь Мюнхэну пасьля заканчэньня 44-й міжнароднай канфэрэнцыі па пытаньнях палітыкі бясьпекі (9—10 лютага).

Нягледзячы на ўдзел у перамовах высокага кіраўніцтва замежнапалітычных ведамстваў Нямеччыны і Беларусі, пра візыт міністра Мартынава ў Бэрлін няма ніякіх афіцыйных зьвестак. Як зь нямецкага, так і зь беларускага боку. Крыніца ў нямецкім МЗС нават на ўмовах ананімнасьці пагадзілася толькі пацьвердзіць сам факт сустрэчы.

Экспэрт Нямецкай рады па замежнай палітыцы Аляксандар Рар у размове са «Свабодай» таксама быў нешматслоўны: «Я магу толькі сказаць, што сустрэча адбылася з цэлай групай нямецкіх дэпутатаў і вышэйшых прадстаўнікоў нямецкага МЗС. На ёй у вельмі адкрытай размове і вельмі жорсткім тонам як з таго, так і зь іншага боку, аднак, тым ня менш, вельмі шчыра і з даверам было праартыкулявана пра шляхі збліжэньня Эўрапейскага Саюзу зь Беларусьсю».

Дэпутатка Бундэстагу і Эўрапарлямэнту ад Партыі Зялёных Элізабэт Шродтэр патлумачыла скупасьць інфармацыі закрытым характарам сустрэчы: «Паводле існуючых эўрапейскіх правілаў, кантакты на вышэйшым узроўні паміж ЭЗ і Беларусьсю афіцыйна не існуюць, перадусім з тымі асобамі, якія служаць беларускаму рэжыму і адказваюць за цяперашнюю палітычную сытуацыю.Аднак такія кантакты адбываюцца. Неафіцыйныя сустрэчы афіцыйных асобаў, якія ніяк не асьвятляюцца ў СМІ».

Як кажуць нямецкія суразмоўцы, «у часе такіх сустрэчаў адбываецца штосьці большае, чым абмен вядомымі аргумэнтамі».

Больш зьмястоўны камэнтар да візыту спадара Мартынава ў Бэрлін дала дэпутатка Бундэстагу ад сацыял-дэмакратычнай партыі, старшыня падкамітэту ПА АБСЭ па Беларусі Ута Цапф.

Выступаючы на нядаўнім паседжаньні Бундэстагу, спадарыня Цапф заявіла: «Наведаньне міністрам Мартынавым канфэрэнцыі па бясьпецы і ягоныя далейшыя перамовы ў Бэрліне прасыгналізавалі пра гатовасьць краіны да дыялёгу з Эўропай… Мартынаў сказаў: «It takes two to tango» (каб станцаваць танга, трэба двое). Так, сапраўды. Аднак тое, што цяпер назіраецца паміж эўрапейскімі краінамі і Беларусьсю, нагадвае хутчэй ча-ча-ча ці нейкія скокі».

Паводле спадарыні Цапф, Беларусь, праўдападобна, аналізуе свае праблемы. У сувязі з цяперашняй сытуацыяй з расейскімі энэргапастаўкамі краіна «эканамічна зацікаўленая ва ўмацаваньні стасункаў з Эўропай».

«Аднак толькі дэмакратычныя рэформы ў гэтай краіне змогуць стварыць сапраўдныя падставы для супрацоўніцтва з Эўропай, для паляпшэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва і да выйсьця са стану ізаляцыі, у якую Беларусь сама ж сябе загнала», — падкрэсьліла нямецкая сацыял-дэмакратка.

Як перакананая Ута Цапф, «Нямеччына, як і Эўразьвяз, хоча працягнуць руку Беларусі. Ініцыятыва Бундэстагу адносна зьніжэньня кошту візаў — свайго роду каменьчык у гэтым мазаічным працэсе. Гэта свайго роду галоўная заяўка на дыялёг, заяўка на танец, але на такі, як танга».

У беларускім МЗС бэрлінскую сустрэчу ніяк не камэнтуюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?