Была сёмая гадзіна. Альберт адклаў у бок вуду, якую рыхтаваў да заўтрашняй рыбы і пайшоў сустракаць унучку. Чацвёрты клас, вялікая дзяўчынка, але чаму не сустрэць сваё дзіця, рабіць старому няма чаго, а так які-ніякі занятак. Школа знаходзілася сярод аднапавярховых драўляных будынкаў тыповых для ўскраін малых беларускіх гарадоў. Буйны рост забудовы хрушчоўкамі і дзевяціпавярховікамі, які зведалі прамысловыя цэнтры і шматысячнікі, абмінуў гэтыя мясціны. Школа, дзіцячы садок, крама і, можа, з дзясятак двухпавярховых цагляных дамоў надавалі хоць нейкі налёт сучаснасці мясцовым краявідам. Тысячагадовыя пiраміды i калізеі недзе далёка, а тут толькі нядаўна праклалі асфальтавую дарогу. Вайна адкінула гэты край амаль на самае дно — у зямлянкі ва ўмовы ўсеагульнай галечы, голаду i толькі неймавернымі намаганнямі неяк выкараскаліся.

Раён горада, дзе жыў Альберт з сям’ёй, быў варожы чужынцу, але ўтульны і зразумелы сваім. Хлопцам з іншых раёнаў лепей было сюды не трапляць, бо няправільны адказ на пытанне, з якога ён раёна, абяцаў дрэнныя наступствы. Калі ўжо так выпадала, то помсцілі потым у «бойках за раён», дзе збіралася ўся моладзь і біліся жорстка, да крыві. Школа, міліцыя ды, наогул, дарослыя цудоўна ведалі пра гэта, але нічога не рабілі, бо сярод культу вайны, што панаваў у грамадстве, тое выглядала адпаведнай часткай «праўды жыцця», прыкладам таго, як трэба бараніць сваё. З надыходам прызыўнага ўзросту варожасць да суседзяў сыходзіла, і з войска вярталіся ўжо іншымі людзьмі. Галоўнае тут было вярнуцца, пяты год вайны ў Афгане забраў не адну маладую душу, і жаданне хлопцаў не трапіць у гэты варожы край было ўсеагульным.

Альберт з жонкай пераехалі сюды ў пяцідзясятыя. Разам з суседзямі будавалі двухпавярховы дом, у які потым гуртам і засяліліся. Тут нарадзілася і вырасла іх дачка, ажанілася, і вось ужо ўнучка пайшла ў першы клас. За гэты час усё стала родным, быццам ён сам паходзіў адсюль.

Канец сакавіка выдаўся надзіва цёплым, снег ужо тыдзень як растаў, і ўся вада сышла, быццам зімы і не было. Альберт апрануў балоневую куртку, якую дачка прывезла з камандзіроўкі ў Польшчу, і выйшаў на вуліцу. Дзеці гулялі ў «чыжа», адзін палкай падкідваў бітку, астатнія лавілі, вымяралі адлегласць, каб потым самы спрытны мог нанесці вырашальны ўдар: выбіць галоўную фігуру. З іншага боку двара даносілася бразганне косткамі даміно. Вялікі стол, за якім магло сядзець чалавек дзесяць, стаяў пад магутным бэзам, галіны ўтваралі добры цень, сапраўднае выратаванне спякотным летам. Гэта быў пункт збору мужчынскага актыву, месца, дзе абмяркоўвалі актуальныя навіны, гулялі ў даміно і карты, але, галоўнае, маглі незаўважна ад жонак выпіваць. Альберт павітаўся ўзмахам рукі, але падыходзіць не стаў, запаліўшы цыгарэту, пайшоў у бок школы. Ён не любіў даміно, а яшчэ больш гарэлку.

Дзімка цягнуўся панура, з-пад расшпіленай курткі тырчаў памяты школьны пінжак, верхні гузік кашулі быў расшпілены, піянерскі гальштук скасабочаны, з моцна зацягнутым вузлом. Тыдзень таму ягоны клас прынялі ў піянеры, і дзеці вельмі гэтым ганарыліся. Нават хуліган Паша абяцаў змяніцца і стаць добрым хлопцам. Што ж тут казаць пра руплівага Дзімку, які тыдзень рыхтаваўся, завучваў клятву, прасаваў чырвоны гальштук. Зараз жа ён быў бы пабітае кацяня.

— Дзімка, што здарылася? Што за выгляд? — спытаўся Альберт.

— Нічога, — ледзь чутным голасам адказаў хлапец.

Увесь выгляд казаў, што размаўляць ён не жадае і думкі ягоныя ў іншым месцы. У гэты момант Альберт убачыў унучку, якая бегла з нейкай торбай у руках. Яна падскочыла да Дзімкі і аддала клунак хлопцу.

— Трымай, Дзіма! Твая «зменка».

— Дзякуй.

— Дзімка, што ўсё ж здарылася? — настойваў Альберт.

— Дзеда, яго Арсэн пабіў.

— Які яшчэ Арсэн?

— Цыган, што жыве побач са школай.

На раёне жылі тры цыганскія сям’і, і звычайна ніякіх праблем з імі не было. Усе навокал разумелі, якімі справамі займаюцца рамалы і што легальнага там было мала, таму лішні раз стараліся іх не чапаць. Цыгане, у сваю чаргу, намагаліся не дзейнічаць у тым раёне, дзе жылі. Гэты негалосны кампраміс забяспечваў мір і спакой на раёне, яго парушэнне шкодзіла ўсім.

— Аня, хадзі дамоў, там бабуля збiралася у краму, пойдзеш з ёй.

Малая пабегла, а Альберт узяў хлопца за руку і сказаў:

— Давай, кажы.

Хлапец маўчаў.

— Ну Арсэн жа старэйшы на некалькі год, што ты такое зрабіў, каб ён да цябе палез?

— Дзядзька Алік, — голас хлопца дрыжаў, — таму што я пабіў яго брата!

— Рустама?

— Так, мы вучымся ў адным класе. Дык вось, ён ламаў птушыныя кармушкі. Я яму сказаў, каб ён усё вярнуў, як было. Калі ж ён адмовіўся, я яму і ўваліў. Дык ён узяў і паскардзіўся Арсэну. Той прыйшоў у наш клас страшэнна раззлаваны, але, калі я расказаў, што да чаго, нават мяне пахваліў! Сказаў, што я ўсё правільна зрабіў, а з Рустамам ён сур’ёзна пагаворыць і пайшоў. А сёння я сустрэў Арсэна ля іх хаты і быццам нічога не было, ён мяне пабіў. Я спрабаваў нагадаць, чаму мы пабіліся з Рустамам. І ведаеце што ён мне адказаў? — здавалася яшчэ крыху і хлапец заплача ад крыўды. — Што Рустам яму брат, а ўсё астатняе яго не турбуе! Яго брат! І што яму пляваць на праўду! Але ж, дзядзя Алік, гэта несумленна і подла, да таго ён старэйшы за мяне! А яму пляваць!..

— Ну супакойся, супакойся. Давай прывядзем цябе да ладу, і я табе сёе-тое скажу. Толькі вытры слёзы, не гожа плакаць такому герою, як ты.

— Ага, герою.

— Так, ты зрабіў тое, што павінен быў зрабіць. А Арсэн… Ведаеш, цыганы — такі народ. Ты ж заўважыў, як яны жывуць. Яны вельмі далёкі ад нас, ім шмат дасталася бед і гора, напрыклад, у вайну. Але яны жывуць не як героі раманаў Дзюма. Ты, я спадзяюся, чытаў Дзюма?

— Так, і кіно глядзеў.

— Дык вось іх погляд на рэчы іншы, у іх на першым месцы сям’я, іх род. Паняцці кшталту годнасць і сумленнасць заўсёды адыходзяць на іншы план.

— Як племя?

— Ну не зусім, але ж прыкладна тое самае. Яны з часам, я думаю, прыйдуць да нашага разумення. Мы ж да таго прыйшлі, і яны прыйдуць, абавязкова. А ты малайчына, ты зрабіў усё правільна. Яны цябе не зразумеюць, але ў мушкецёраў на першым месцы заўжды была годнасць. Давай я табе дапамагу.

Альберту здалося, што яго словы паўздзейнічалі на хлопца: замест слёз у вачах з’явіўся бляск. Ён зноў быў моцны, пабіты, але сапраўдны Д’Артаньян, калі годнасць перадусім.

— Ты малайчына. Давай, бяжы да хаты.

Альберт застаўся адзін, дастаў з кішэні цыгарэты, прысеў на лаву і закурыў. Ён быў немцам, сапраўдным немцам, не з Паволжа ці Казахстана, а з самой Нямеччыны, з невялічкага гарадка Фельбург, што пад Нюрнбергам. Гэта была яго радзіма, там жылі ягоныя продкі, там нарадзіўся ён сам і, каб не вайна, мабыць, жыў бы да гэтай пары, вырабляў абутак у сямейнай майстэрні. Але да ўлады прыйшлі нацысты, і ўсё змянілася. Немцы сталі іншымі, і вайна была непазбежнай. Ён памятаў тое натхненне, з якім усе прагнулі гэтай вайны. Цяпер гэта называюць рэваншызмам, а тады казалі пра гістарычную справядлівасць. Ён мала што разумеў у палітыцы, але лёс закінуў яго ў самы эпіцэнтр падзей, на перадавую ўсходняга фронту пад Маскву, дзе непераможная машына была спынена. Суцэльнае пекла, якое нават не мог уявіць Гётэ, адчуў на сабе васямнаццацігадовы хлапец. Вайна не шкадавала нікога: амаль усе яго землякі-аднагодкі засталіся назаўжды побач з савецкай сталіцай. Альберту пашанцавала, ён выжыў і быў пераведзены на акупаваную тэрыторыю пад Гомель. Менавіта там ён убачыў сапраўднае аблічча нацызму, змагацца супраць рэгулярных войскаў — адно, а дзейнічаць карнікам супраць мірных жыхароў — гэта зусім іншая справа. Ён і яго таварышы неслі жах і знішчэнне гэтым людзям, якія і без таго жылі ў страшэннай галечы. Але тое тычылася іх саміх і менавіта яны самі — а не хтосьці з захаду ці ўсходу — меліся вырашаць, як ім жыць. Сам Альберт у карных аперацыях не ўдзельнічаў, як мог, таго пазбягаў, выпрасіўшы сабе месца ў гарнізоне аховы, але схавацца ад жудасцей было немагчыма. Жахлівыя навіны прыходзілі адна за адной: партызаны дзейнічалі актыўна, і таму іх рота была накіравана на барацьбу з супрацівам. Задача была наглядаць за паліцаямі і, калі трэба, дапамагаць. Тут і надыйшоў пераломны момант у жыцці Альберта.

Позна ноччу іх раптоўна паднялі і загадалі ехаць разам з паліцаямі на хутар Антонаўка. З немцаў паехалі ён, Ганс і за старэйшага Дзітрых — усяго 10 чалавек разам з паліцаямі. На месцы даведаліся, што загад быў знішчыць усіх жыхароў, за тое, што тыя дапамагалі партызанам. Паліцаі выгналі распранутых людзей на мароз і паставілі ля плота. Гэта былі дзве жанчыны з малымі дзецьмі, дзяўчына і стары. Яшчэ момант — і іх забілі б свае ж землякі, паліцаі. Немцы між тым стаялі побач, нічога не рабілі. Альберт адчуў, што калі не спыніць гэта, то ніколі сабе не даруе. Аўтаматнай чаргой ён разануў па паліцаях і па сваіх. Страляў ён, пакуль былі патроны, потым адкінуў у бок аўтамат і асеў на землю. Ніхто з карнікаў не выжыў, выратаваныя жыхары пабеглі ў бок лесу, а ён сядзеў і не ведаў, што яму рабіць. Куды ісці? Назад вяртання не было. Колькі так праседзеў, Альберт не памятае, потым быў правал, і да свядомасці ён вярнуўся ўжо ў партызанскім атрадзе, звязаны, з заткнутым ротам. Як потым высветлілася, Альберт выратаваў сям’ю камандзіра атрада, таму яго не забілі, а пакінулі ў жывых. Месяц трымалі пад вартай, не ведалі, што рабіць, потым рызыкнулі і далі зброю. Ваяваў ён рашуча, злосна, нібы воўк, сябе не шкадаваў, лез пад кулі, быццам сам іх шукаў. За рашучасць і гераізм атрымаў узнагароды «Партызану Айчынай вайны» і ступені і Ордэн Славы ІІІ ступені. Канец вайны сустрэў у Празе ў складзе савецкіх войскаў. Потым быў лагер, дзе яго трымалі, нягледзячы на ўзнагароды і добрую характарыстыку з боку кіраўніцтва партызанскага атраду. Камандзір ведаў, што, падтрымліваючы немца, сам моцна рызыкуе, але не пабаяўся, зрабіў гэта. Альберт разумеў, што яго проста так не вызваляць, і быў гатовы цярпець, што заўгодна: яны, немцы, тое заслужылі.

Вызвалілі яго ў 47-м, прывезлі на нейкую базу, вярнулі ўсе медалі і самалётам накіравалі ў Берлін як прыклад добрага немца дзеля ўдзелу ў будаўніцтве ГДР. Але там ён быў чужы, на яго паглядалі як на ворага, здрадніка свайму народу. Берлінцы спазналі бамбёжкі, не ведалі тых жудасцяў, якія прынеслі яны на ўсходзе, а ён ведаў і пазбавіцца таго ніяк не мог. Ён не мог там жыць: родны горад застаўся ў непадкантрольнай савецкім вайскам частцы Нямеччыны. Пры першай жа магчымасці Альберт вярнуўся ў СССР, вырашыў, што будзе дапамагаць савецкаму народу, колькі хопіць сілаў. Да таго ж, яго чакала дзяўчына, якую ён выратаваў і з якой ён прайшоў вайну. Ён вярнуўся, адшукаў яе, і яны ажаніліся. Спачатку доўга не знаходзілі сабе месца, шмат ездзілі па краіне і ўрэшце спыніліся ў Баранавічах. За гэты час яго імя канчаткова ператварылася ў Аліка. Тое, што ён немец, стараўся не казаць, але і не хаваў. Для незнаёмых ён удаваў латыша, бо, нягледзячы на дасканалае валоданне рускай мовай, акцэнт заставаўся. Так і жыў: сумленнай працай намагаўся заслужыць павагу суседзяў і калег. Чыгуначны вакзал у Баранавічах, будаўніцтва авіярамонтнага завода і шмат чаго іншага было справай яго рук, дарэчы, як і стол у двары, за якім зараз гулялі мужыкі. Але пры ўсім гэтым яго не пакідала адчуванне, што, нягледзячы на ўсе намаганні, ён заставаўся чужым, незразумелым дзіваком.

Бразганне костак даміно чаргавалася з ударамі суседа Міхася выбівалкай па дыване. Малыя пакідалі палкі і гулялі ў футбол. Трэба было ісці вячэраць і яшчэ раз пераправерыць вуду. Заўтра Альберт паедзе на рыбалку, там будзе цішыня і спакой. Там не будзе сваіх і чужых, толькі ён і Д’Артаньян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0