08.07.2015 / 14:53

ЦВК ясна растлумачыла, чаму не будзе рэгістраваць графа Прушынскага кандыдатам у прэзідэнты 4

Стала вядома, што Цэнтрвыбаркам не зарэгіструе ініцыятыўную групу па вылучэнні ў кандыдаты Аляксандра Прушынскага. Прычыны называліся самымі рознымі. Маўляў, у графа няма беларускага грамадзянства, ці народжаныя ў Заходняй Беларусі да 1939 года прыраўніваюцца да замежных грамадзян. Як выявілася, тут насамрэч сплаў першага і другога фактараў.

У юрыдычным аддзеле ЦВК «Нашай Ніве» патлумачылі, што ініцыятыўная група Аляксандра Прушынскага не можа быць зарэгістравана паводле арт. 57 Выбарчага кодэксу і арт. 8 закона «Аб грамадзянстве».

Справа ў тым, што прэзідэнтам Беларусі можа стаць толькі грамадзянін Беларусі па нараджэнні. Хто ж ім лічыцца?

Грамадзяне, якія нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі (тут да Прушынскага пытанняў не ўзнікае, бо ён нарадзіўся ў маёнтку Вялікая Рагозніца на тэрыторыі сучаснага Мастоўскага раёна), з’яўляюцца грамадзянамі СССР па нараджэнні і атрымалі грамадзянства Беларусі да ўступлення ў сілу закона «Аб грамадзянстве». А вось з апошнім пунктам атрымліваецца загваздка. Закон быў прыняты 1 жніўня 2002 года. А граф Аляксандр Прушынскі атрымаў беларускае грамадзянства толькі ў 2007 годзе.

Таму, паводле сённяшняга заканадаўства, Прушынскі сапраўды не можа быць зарэгістраваны ў якасці кандыдата на прэзідэнцкія выбары, але на мясцовыя, ці парламенцкія – без праблем.

Аляксандр Прушынскі ў каментары для «НН» сказаў, што збіраецца абскарджваць гэтае рашэнне ў судзе. «Спачатку пракансультуюся з адным былым суддзёй Канстытуцыйнага суда, а пасля буду падаваць скаргу», — кажа Прушынскі.

Ён гаворыць, што хоча стаць прэзідэнтам, «бо аптыміст». «Тут можна многа-многа ўсяго зрабіць. А нашы чыноўнікі звыкліся сядзець на задніцы, усе хочуць, каб за іх Аляксандр Рыгоравіч зрабіў».

Аляксандр Прушынскі нарадзіўся ў 1934 годзе на Гарадзеншчыне. Да 1992 года жыў у Канадзе. Пасля пераехаў у Беларусь, дзе ў трэці раз пабраўся шлюбам. Кажа, што на канадскую пенсію ў Беларусі адчувае сябе вельмі камфортна. Прушынскі спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам яшчэ ў 1994 годзе. Зрэшты, Прушынскі – гэта проста бяззлобны дзядуля-летуценнік, які гаворыць на цудоўнай беларуска-польска-рускай трасянцы, а не палітык.

* * *

Ярмошына пра Прушынскага: Ён чароўны, вясёлы, актыўны, але мы не можам яго зарэгістраваць

Зміцер Панкавец

0
Троцкий / Адказаць
08.07.2015 / 15:09
И жук и жаба...
0
2.718... / Адказаць
08.07.2015 / 18:51
Ну нават калі б у графа Прушынскага было ўсё правільна, хто б за яго галасаваў, акрамя Аляксандра-Яна Стральцова-Карвацкага? Смяхотная кандыдатура. Весялей за Караткевіч, трэба пагадзіцца. Карацей, няма за каго галасаваць.
0
n / Адказаць
08.07.2015 / 20:12
см. Указ Президиума ВС СССР от 29.11.1939 о приобретении гражданства СССР жителями западных областей УССР и БССР
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру