Міжнародная арганізацыя «Малады фронт» (Чэхія) склала спіс «Чорнай сотні» ў Беларусі — «груповак і з'яў «рускага свету», паведамляе прэс-служба арганізацыі. 

«Чорная сотня» — так сто гадоў таму звалі натоўпы расійскай манархічнай чэрні, якая дзеля абароны імперыі праз пагромы і гвалт распраўлялася з чужынцамі і іншаверцамі. У той час, калі ва Украіне пасля «Майдана» расійская агрэсія перайшла ў адкрытую ваенную форму, у Беларусі акупацыя ўсё яшчэ працягваецца праз дзейнасць незлічоных як афіцыйна зарэгістраваных, так і нелегальных прарасійскіх арганізацый», — растлумачылі ў «Маладым фронце».

Арганізацыя складала спіс праз сваіх рэгіянальных актывістаў, абшчыны хрысціянскіх дэмакратаў і пры дапамозе інфармацыі ў інтэрнэце. «Гэты спіс — толькі накід або канспект для сур'ёзнай працы па ячэйках «рускага свету», — паведаміла прэс-служба. 

«Малады фронт» лічыць першачарговай задачай беларускага грамадства «супрацьстаяць дзейнасці чорнасоценных крамлёўскіх структур, якія займаюцца адкрытай і скрытай падрыхтоўкай захопу Беларусі Расіяй». Арганізацыя прапаноўвае «ўсім неабыякавым патрыётам звяртацца ў пракуратуру і іншыя дзяржструктуры Беларусі з патрабаваннем спыніць дзейнасць той ці іншай арганізацыі са спісу «Чорнай сотні». 

Спіс «Чорнай сотні» размешчаны на сайце «Маладога фронту». У яго ўключаныя, напрыклад, беларускае прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва (Федэральнага агенцтва РФ па справах СНД, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве), інфармацыйна-аналітычны партал «Імперыя», ваенна-патрыятычны клуб «Казацкі ратунак», супольнасць «Антымайдан», міжнародны рух «Інтэрнацыянальная Расія» і іншыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?