Расшыфроўка «чорных скрыняў» самалёта CRJ‑100 авіякампаніі «Белавія», які разбіўся 14 лютага ў ерэванскім аэрапорце Звартноц, не выявіла прычын аварыі. Пра гэта, як паведамляе РІА Новости, заявіў журналістам начальнік Галоўнага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі Арменіі Арцём Маўсісян.

«Расшыфроўка бартавых самапісцаў, якая праводзілася ў Маскве з‑за адсутнасці ў Арменіі падобных умоў, выявіла, што рухавікі самалёта працавалі нават пасля таго, як борт перакуліўся, гаручага ў баках таксама было дастаткова», — сказаў ён.

Паводле слоў спецыяліста, пасля расшыфроўкі самапісцаў у Маскве яны будуць адпраўленыя ў Канаду для спецыяльнай апрацоўкі па пэўных матэматычных формулах, пасля чаго высновы будуць прадстаўленыя спецыяльнай камісіі па расследаванні прычын аварыі.

Нагадаем, 14 лютага ў 2.19 па мінскім часе ў ерэванскім аэрапорце Звартноц пры вылеце самалёта CRJ‑100LR Нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» рэйсам В2‑1834 Ерэван — Мінск адбылася аварыя. Паветранае судна разбурана, часткова згарэла. На яго борце знаходзілася 18 пасажыраў і тры члены экіпажа. Пасажыры з\’яўляюцца грамадзянамі Беларусі, Арменіі, Грузіі, Расіі і Украіны. Ахвяр няма. У камісію па расследаванні прычын аварыі ўваходзяць 22 чалавекі: 10 армянскіх спецыялістаў, 10 беларускіх і два прадстаўнікі Міжнароднага авіяцыйнага камітэта.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0