Беларусь не задаволена дынамікай развіцця інтэграцыйных працэсаў у Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС), заявіў міністр замежных спраў краіны Уладзімір Макей у інтэрв'ю тэлеканалу «Расія 24».
Відэаінтэрв'ю апублікаванае 9 ліпеня на сайце «Расія 24».
«Беларусь не вельмі задаволена дынамікай і прагрэсам гэтых працэсаў у развіцці ЕАЭС, — сказаў Макей. — Як гэта ні парадаксальна, мы сёння маем падзенне тавараабароту ў межах ЕАЭС. У Беларусі ідзе падзенне тавараабароту і з Расіяй, і з Казахстанам, і з іншымі дзяржавамі. Хоць, напрыклад, з Афрыкай і Азіяй у нас ідзе рост тавараабароту».
Макей таксама зазначыў, што некаторыя партнёры Беларусі па ЕЭАС «таксама садзейнічаюць таму, каб дынаміка ішла не тымі тэмпамі», якія хацелі б мець удзельнікі саюза.
У якасці прыкладу кіраўнік МЗС Беларусі прывёў Казахстан, які «паскоранымі тэмпамі» імкнецца да ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, што прывяло да зніжэння мытнай абароны. Гэта, паводле слоў Макея, робіць магчымым для Казахстана мець «больш ліберальныя рэжымы гандлю з шэрагам краін СГА ў параўнанні з дзяржавамі — партнёрамі па ЕЭАС».
Макей паведаміў, што Беларусь будзе ўзнімаць гэта пытанне ў межах Еўразійскай эканамічнай камісіі. «Мы, беларускі бок, зацікаўленыя ў тым, каб інтэграцыйныя працэсы ў межах ЕЭАС развіваліся вельмі дынамічна, хутка і каб яны былі ўзаемавыгаднымі для ўсіх дзяржаў», — сказаў міністр замежных спраў Беларусі.