Да пазбаўлення волі на два з паловай года прысуджаны былы дырэктар філіяла УП «Мінаблгаз. 

Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі, супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй па Мінскай вобласці ўстанавілі, што на працягу шасці гадоў дырэктар «Вілейкарайгаза» Анатоль Маркевіч выкарыстоўваў сваё службовае становішча з асабістымі мэтамі.

З 2006 па 2012 гады ён прыцягваў падначаленых для работы за межамі газавай гаспадаркі. У працоўны час яны займаліся ўборкай бульбы, зборам грыбоў, рамонтам кватэр і катэджаў. Наймальнік жа выплачваў ім толькі афіцыйную заработную плату, фактычна ператварыўшы людзей у рабоў на будпляцоўках. 

У кола «замоўцаў» бясплатнай працы ўваходзілі не толькі зламыснік, яго радня, але і шматлікія знаёмыя: раённыя чыноўнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў. 

Не засталіся па-за ўвагай праваахоўных органаў і факты нямэтавага выкарыстання службовай тэхнікі, аўтатранспарту. Істотнае павелічэнне нагрузкі і працоўных затрат іншых работнікаў, якія выконвалі вытворчыя задачы падчас адсутнасці калегаў, таксама былі ўлічаныя пры прызначэнні пакарання. 

Усяго на судовым пасяджэнні было апытана больш за 30 рабочых, якія выконвалі незаконныя распараджэнні свайго кіраўніка і пацвердзілі доказы абвінавачання. 

«У выніку злачыннай дзейнасці дырэктар «Вілейкарайгаза» нанёс урон асабістым інтарэсам і правам работнікаў прадпрыемства, а таксама матэрыяльны ўрон у буйным памеры, — рэзюмаваў начальнік ГУБАЗіК МУС па Мінскай вобласці Віктар Шапавал. — Каб даказаць віну фігуранта справы, аператыўнікі некалькі месяцаў праводзілі спецмерапрыемствы па пошуку доказаў і ўстанаўленні сведак». 

За злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі) суд прызначыў абвінавачванаму пакаранне ў выглядзе двух з паловай гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 300 базавых велічынь. Акрамя таго, ён будзе пазбаўлены на тры гады права займацца дзейнасцю, звязанай з арганізацыйна-распарадчымі функцыямі і матэрыяльнай адказнасцю. 

Паводле слоў Віктара Шапавала, многія кіраўнікі і чыноўнікі ў райцэнтрах лічаць нормай перыядычна карыстацца сваім службовым становішчам з асабістымі мэтамі. Яны не баяцца, напрыклад, адправіць падначаленых да сябе на дачу ў працоўны час, каб выкапаць траншэю ці пакласці плітку, выкарыстоўваць службовае аўто ці тэхніку для ўласных патрэб. 

«Службовым асобам трэба памятаць, што менавіта яны, маючы значна больш спакусаў і магчымасцяў «свайго крэсла», знаходзяцца пад пільным кантролем праваахоўных органаў», — нагадаў Віктар Шапавал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?