Беларускі пісьменьнік Уладзіслаў Ахроменка ужо сямнаццаць гадоў жыве ў Чарнігаве. Кнігі ягоныя выходзяць пераважна ў менскіх выдавецтвах, дзе іх апошнім часам пачалі цэнзураваць. Чым адрозьніваецца ўкраінская свабода творчасьці ад беларускай? За што ва Ўкраіне любяць беларускую літаратуру? Калі закончыцца ваенны канфлікт у Данбасе?

— Уладзіслаў, апошнім разам вы прыяжджалі ў Беларусь два гады таму. Згадаўшы барадулінскі радок «трэба дома бываць часьцей», найперш хачу запытацца: чаму так рэдка бываеце дома? Няўжо прыцягненьне радзімы ўжо ня дзейнічае?

— Прыцягненьне радзімы, безумоўна, дзейнічае. Я ўсё ж беларус, пішу на беларускай мове і сны сьню па-беларуску. Апошнія два гады я проста ня мог прыехаць. Справа ў тым, што летась увесь Чарнігаў перажыў праўдзівы жах. На мяжы з Чарнігаўскай вобласьцю стаяла вялізная расейская ваенная групоўка для наступу на Кіеў, і мы разумелі, што нічога нельга зрабіць. Разумееце, самая зручная дарога з Расеі на Кіеў ляжыць праз Чарнігаў, і зь яго паспрабавалі б зрабіць яшчэ адно Дэбальцава. Але Чарнігаў — гэта не Дэбальцава, не Славянск, не Краматорск, не Данецк і не Луганск. Ясна, што ў нас пачалася б вельмі моцная партызанская і падпольная вайна. А ў мяне там сям’я, дачка, і я мусіў думаць, што рабіць.

— Гэтым разам прыехаўшы на радзіму, вы апынуліся ў Беларусі пад сьвяточнымі салютамі — адзначаўся Дзень Незалежнасьці. Вас нейкім чынам усе гэтыя народныя гуляньні закранаюць?

— Я не лічу, што 3 ліпеня — Дзень Незалежнасьці. Наша сакральная дата — 25 сакавіка. Тое, што сьвяткуецца пад выглядам дня незалежнасьці, усе гэтыя народныя гуляньні 3 ліпеня — гэта хутчэй сьвята гопнікаў. Усе ж нармальныя людзі зьяжджаюць зь Менску — хто на лецішча, хто на рыбалку, хто ўвогуле за мяжу, каб усяго гэтага жаху ня бачыць. Натоўпы гапаты зь півам, мацюкі, процьма прыежджых і безьліч міліцыянтаў на вуліцах. Гэта ня сьвята. Сьвята ня можа быць з напругай, ня можа сьвяткавацца з прымусу. І масавасьць тут не пры чым. Калі ў 1933 годзе Гітлер атрымаў перамогу на трох рэфэрэндумах, яго віталі шалёныя натоўпы людзей. Але ці быў гэта народ? Прадстаўніком народу быў, напрыклад, пісьменьнік Эрых Марыя Рэмарк. Ёсьць знакамітая фатаграфія, на якой дзьве ці тры тысячы чалавек стаяць, выцягнуўшы руку — «Хайль Гітлер», і толькі адзін чалавек прынцыпова руку не цягне. Гэты чалавек і ёсьць для мяне народ. Большасьць арытмэтычная не заўсёды мае рацыю.

Уладзіслаў Ахроменка з украінскім пісьменьнікам і перакладчыкам беларускай літаратуры Аляксандрам Ірванцом

Уладзіслаў Ахроменка з украінскім пісьменьнікам і перакладчыкам беларускай літаратуры Аляксандрам Ірванцом

— Нядаўна саюзы пісьменьнікаў Украіны і Беларусі заснавалі літаратурную прэмію імя Міхася Жызьнеўскага. Гэта паспрыяе ўзаемазбліжэньню нашых літаратураў?

— У мяне адразу пытаньне: чаму імя Міхася Жызьнеўскага? Пры ўсёй безумоўнай павазе да Жызьнеўскага, ён усё ж ня быў літаратарам.

— Дык і Нобэль ня быў літаратарам, а прэмія яго імя існуе.

— Нобэль быў фундатарам. Гэта ўсё ж розныя рэчы. Беларуска-ўкраінскай прэміі больш слушна было б надаць імя Алены Тэлігі — украінскай пісьменьніцы беларускага паходжаньня.

— Калі не памыляюся, яна ўзначальвала ўкраінскі Саюз пісьменьнікаў падчас нямецкай акупацыі?

— Так, і была расстраляная ў Бабіным Яры гітлераўцамі. Што потым не перашкодзіла савецкім гісторыкам прыпісаць ёй калябарацыянізм і здраду. Што да ўзаемазбліжэньня літаратураў. Нядаўна я быў на «Кніжным арсэнале» ў Кіеве, і хачу падзяліцца назіраньнямі. Там беларускаму пісьменьніку, каб прыцягнуць да сябе ўвагу, дастаткова было ўголас пачытаць што-небудзь па-беларуску. Праз тры хвіліны там ужо стаяла і ўважліва слухала чалавек з паўсотні. Цікавасьць ва Ўкраіне да беларускай літаратуры вельмі вялікая. Па-першае, украінцы сапраўды бачаць у нас братоў. Па-другое, беларуская літаратура, як і ўкраінская, мае каляніяльнае савецкае мінулае, і яны шмат у чым сугучныя. І па-трэцяе, усё ж у нас вельмі блізкія мовы, мы разумеем адзін другога без перакладчыка. Як на мой погляд, гэтыя складнікі і ёсьць прычынай такой цікавасьці. Дарэчы, у горадзе Тэрнопалі ёсьць выдавецтва, якое ўзначальвае Юры Завадзкі. Ён цяпер выдае цэлую сэрыю беларускіх паэтаў, выдае, падкрэсьліваю, на беларускай мове! І беларускамоўныя кнігі купляюцца ва Ўкраіне. Гэта неверагодна, але так ёсьць.

— У сацыяльных сетках вы рэзка крытычна выказваецеся пра сучасны літаратурны працэс у Беларусі. Быццам бы ўкраінскія пісьменьніцкія асяродкі ўспрымаюць вас больш прыхільна, чым беларускія. З чым гэта зьвязана?

— Прычынаў некалькі. Па-першае, апошнія гады я значна часьцей кантактую з украінскімі калегамі, чым зь беларускімі. Па-другое, відаць, жывучы ва Ўкраіне, я набраўся шкоднага вірусу свабоды — свабоды выказваньня, свабоды думкі. І некаторыя рэчы, якія я бачу ў Беларусі, для мяне на сёньняшні дзень цалкам непрымальныя. Скажам, у Менску я сустракаюся з калегамі, кляснымі празаікамі і паэтамі, і яны мяне пытаюцца: а ты не баісься так пісаць?! Я не разумею, як можна баяцца пісаць?! Бачыце, у іх, як выглядае, уключаецца ўнутраны самацэнзар — пра гэта пісаць нельга, пра тое нельга. Калі, скажам, напісаць пра беларускую вёску без аграгарадкоў і дажынак, то ў аўтара могуць узьнікнуць праблемы, яго сына могуць выкінуць з вучобы, паставіўшы тры двойкі, яго жонцы не працягнуць кантракт і г.д. Чалавек адразу самаабмяжоўваецца. І ў мяне пытаньне: як жа вы, хлопцы і дзяўчаткі, увогуле пішаце? А я, жывучы ва Ўкраіне, ніякіх забаронаў ня бачу. Я магу напісаць кніжку ў Чарнігаве, выдаць яе ў Менску. Хоць апошнім часам перашкоды ўзьніклі і ў выдавецтвах. Прыкладам, з кнігі «Музы і сьвіньні» выдавец папросту выкінуў адну навэльку са словамі: «Гэта страшна друкаваць».

— А пра што была тая навэлька?

— Яна мела даволі красамоўную назву — «Як адзін украінскі парубак да сьмерці напалохаў Кучму, Лукашэнку і Пуціна». Мне выдавец так і сказаў: «Калі я яе надрукую, у мяне адбяруць ліцэнзію і пасадзяць».

— А як рэагуе ўкраінская літаратура на вайну на паўднёвым усходзе?

— Я думаю, рана гаварыць пра зьяўленьне вялікага празаічнага твору — рамана ці аповесьці. Падзеі яшчэ вымагаюць свайго асэнсаваньня, яны яшчэ не закончаныя. Згадайце, у той жа беларускай літаратуры творы пра вайну, хоць «Каханы горад», хоць аповесьці Васіля Быкава, зьявіліся праз шмат гадоў пасьля вайны.

— Ну, «Каханы горад» Антона Адамовіча выйшаў ужо ў 1948 годзе.

— Усё ж праз тры гады пасьля перамогі. Кропка на вайне была пастаўленая, і пачалося асэнсаваньне. Што да вайны ва Ўкраіне, то мы неяк аднабока яе ўспрымаем. Успрымаем як чытачы Рэмарка і Быкава, а там вайна зусім іншая. Там вайна ў пэўнай ступені інтэрнэтная. Вось вам сытуацыя проста з натуры. На мяжы з ДНР сядзіць баец добраахвотнага батальёна. Ён сам з Данецка, а яго родны брат — ідэйны прыхільнік «руского мира», ваюе супраць яго. Яны ўжо адзін аднаго праклялі якімі толькі можна страшнымі словамі. Але пры гэтым яны сядзяць і лістуюцца «Вконтакте»: «Сашко, праз сорак хвілінаў вас абстраляюць, сыходзь». — «Андрэй, заўтра будзе зачыстка, скажы ўсім, хто з нашае клясы». Адзін ваюе за Ўкраіну, другі — за мітычную ДНР, але пры гэтым дбаюць адзін пра другога як сваякі.

— Але замірыцца як сваякі ня могуць. На вашу думку, як доўга яшчэ трывацьме гэты канфлікт на Данбасе?

— Ва Ўкраіне сярод людзей, якія ваююць на ўсходзе, існуе думка, што гэты канфлікт скончыцца ці ў Ужгарадзе, ці ва Ўладзівастоку. А на маю думку, усё закончыцца толькі тады, калі Расея сапраўды разваліцца, ці калі там зьменіцца ўлада. Але, мяркуючы па настроях, якія цяпер пануюць у Расеі, міру ў блізкай пэрспэктыве чакаць не выпадае. На вялікі жаль, канфлікт разьлічаны надоўга.

— Вы ўжо згадалі сваю кнігу «Музы і сьвіньні», якую сцэнзуравалі ў менскім выдавецтве. Сярод яе герояў — дзед Талаш, Уладзімер Мулявін і другія рэальныя пэрсанажы, якія трапляюць у розныя камічныя сытуацыі. Кажуць, дзед Талаш быў незадаволены тым, як яго паказаў Якуб Колас у аповесьці «Дрыгва». У вас дзед зашугаў паў-Масквы, трапіў на прыём да Сталіна… Вам бы ён падзякаваў, як вы лічыце?

— Літаратура ня пішацца дзеля падзякі. Зь дзедам Талашом усё так і было. Ён сапраўды, трапіўшы ў Крэмль, папрасіў, нават запатрабаваў у таварыша Сталіна скураны доўгі плашч. Каб зьверху засталася марынэрка, а з крыса можна было пашыць боты. Гэтую гісторыю я ведаю ад Маі Міхайлаўны Клімковіч — маці майго кума, сябра і суаўтара. Падчас вайны яна акурат жыла ў гатэлі «Масква», чула і бачыла ўсё на свае вушы і вочы.

— Нягледзячы на ўсю «стабільнасьць», пераважная частка беларускай моладзі марыць зьехаць зь Беларусі. Як зрабіць так, каб марыла жыць і працаваць для сваёй краіны?

— Трэба шмат што памяняць. Калі сказаць коратка, дык трэба найперш пазбавіцца казённага патрыятызму. Ён у выпадку чаго нам не дапаможа. Неабходна растлумачыць той самай моладзі, што радзіма — гэта ня сьцяг над гарвыканкамам і не надпісы на білбордах «я люблю Беларусь». Радзіма — гэта зямля, па якой мы ходзім, гэта магілы нашых дзядоў, гэта наша мова, гэта наша гісторыя, гэта наша школа. Сапраўдны патрыятызм ідзе не ад сьцягоў, масавых сьвятаў і гопнікаў зь півам у руках, ён — сума ўсіх пералічаных складнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?